Час хутка ляціць — здавалася б, толькі-толькі адзвінела лета, а ўжо праз некалькі тыдняў у беларускіх школьнікаў пачнуцца восеньскія канікулы. Наперадзе — і доўгія зімовыя вечары, калі бацькам з дзецьмі добра было б сабрацца разам і... пачытаць. Але як зрабіць так, каб школьнік сам цягнуўся да кніг, а не ўспрымаў іх як чарговую «дамашку»? Карэспандэнт «Звязды» дзеліцца асабістай гісторыяй, як звычайнае сямейнае чытанне можна ператварыць у захапляльную гульню з коміксамі, «сакрэтным» слоўнічкам, а галоўнае — асалодай чытання на роднай мове.
У моўнай плыні
Маёй малодшай дачцэ Алісе — дванаццаць. Раней у яе былі праблемы з вымаўленнем, разуменнем, запамінаннем і напісаннем слоў па-беларуску. Дакарала сябе, што мала чытала ёй у дзяцінстве кнігі на роднай мове. Ды ўсё ж апраўдвалася: маўляў, усе цікавыя выданні для маленькіх — рускамоўныя.
Але з такім становішчам мірыцца не захацела. Мы з дачкой — фанаты чытання па ролях і складання коміксаў па прачытаных творах. Прычым робім гэта з вялікай асалодай. І ў рэшце рэшт якраз сучасныя беларускамоўныя выданні для дзяцей дапамаглі пераканацца, што нашыя айчынныя аўтары — вельмі крутыя (як папрасіла перадаць дачка). Цяпер Аліса сама просіць браць у бібліятэцы беларускамоўную мастацкую літаратуру.

Дарэчы, успрыманне малодшай дачушкай роднага слова прымусіла мяне шмат над чым задумацца. Я ўспомніла, як расла наша з мужам старэйшая дзяўчынка. Ёй хутка сямнаццаць, і ў яе ўвогуле няма праблем з беларускай гаворкай, адчуваннем мовы, нават наадварот. Да яе васьмі гадоў мы жылі ў адным доме з бабуляй майго мужа. Ніна Аксёнаўна была родам з Веткаўшчыны. Размаўляла па-беларуску, хоць, натуральна, са сваімі дыялектнымі асаблівасцямі. Яна трапна «сыпала» народнымі выслоўямі і гаварыла неяк асабліва пяшчотна. Побач з ёй адчувалася, чаму наша мова — матчына:
у самім яе гучанні было нешта такое цёплае, спагадлівае, а калі нават і ўшчувальнае, то бяскрыўднае, як у маці. Падалося, што менавіта гэта адчуванне слова і перадалося нашай старэйшай дачцэ. Яны былі як папугайчыкі-неразлучнікі.
Аліса ж была яшчэ зусім маленькай, калі бабулі Ніны не стала. У гэтай вясковай сакавітай моўнай плыні яна расла нядоўга. Магчыма, таму яе шлях да беларускай кнігі атрымаўся іншым. Так, у школе яна таксама чытала праграмныя творы. Але мяне бянтэжыла, што рабіла яна гэта без асаблівай ахвоты. Пры гэтым рускамоўныя кнігі з бібліятэкі проста «глытала» — да пяці за тыдзень!
Малы «эксперт»
Я вырашыла больш актыўна шукаць і прапаноўваць цікавую для ўзросту малодшай дачкі літаратуру на роднай мове. Вельмі дапамаглі супрацоўніцы нашай Гомельскай дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 10 імя В. Драгунскага. Прапанаваныя імі кнігі Аліса не проста прачытала, а перачытала тройчы! Яна засталася ў поўным захапленні, а галоўнае — палюбіла чытаць па-беларуску.
А ў мяне за гэты час з’явілася ўласнае «рабочае правіла», як зацікавіць дзіця чытаць. Заўважыла, што ў першы дзень, калі прыносіла навінкі з бібліятэкі, дачка не магла пайсці спаць, пакуль не дачытае хоць адну кніжку. Дапамагло і тое, што кнігі я пакідала для яе спецыяльна на самым бачным месцы ў кожным пакоі, каб «без кнігі — нікуды».

Пазней прапанавала дачцэ даць мне невялікае інтэрв’ю. Калі ўжо Аліса стала нашым маленькім сямейным «экспертам», то чаму б ёй не падзяліцца, што, на яе думку, сапраўды дапамагае захацець чытаць? Тым больш што некаторыя назіранні мне самой падаліся вартымі ўвагі.
Эфект навізны
Першае, што спрацоўвае ў нас, — эфект навізны. Калі кніга толькі з’яўляецца дома, адразу хочацца адкрыць і даведацца, пра што яна. Праўда, тут важна не памыліцца з выбарам твораў. Дачка прызналася, што гісторыя павінна зачапіць прыгодамі, гумарам, незвычайным сюжэтам, пытаннем, на якое хочацца знайсці адказ.
Што цікава, зусім не ўсе творы яна хацела чытаць са мной. Некаторыя ёй было важна «перажыць» асабіста, без сведкаў. Аліса патлумачыла, што, калі сюжэт захапляе, хочацца адчуць яго настрой, сачыць за прыгодамі герояў і не спыняцца. А вось пасля прачытанага ёй падабалася абмяркоўваць кнігу разам ці перачытаць яе па ролях.
Яшчэ адзін наш сямейны спосаб — не абавязкова брацца вечарам за вялікі твор. Кароткія апавяданні выдатна «заходзяць» перад сном. Мы дамаўляліся, што чытаем столькі, колькі паспеем. Малая прызнавалася, што пасля такога чытання кнігі на ноч ёй спіцца лепш і сны добрыя.
Зборнікі кароткіх апавяданняў падказалі нам яшчэ адну ідэю: выкарыстоўваць іх як заданні для адвент-календара. Напрыклад, у перыяд ад восеньскіх да зімовых канікул ці за тыдзень да Новага года. Назвы апавяданняў, якія трэба знайсці, прачытаць, пераказаць і праілюстраваць, раскладваюцца па «ячэйках» разам з салодкімі сюрпрызамі. Тады кожны дзень у дзіцяці будзе сваё маленькае адкрыццё.
Аліса нагадала, што на выбар кнігі і жаданне яе чытаць уплывае наяўнасць добрых ілюстрацый. Можа, каму спатрэбіцца гэта парада: у маёй дачкі «стыльнымі» лічыліся малюнкі, выкананыя так, нібыта іх на скорую руку накідала само дзіця.
Але найбольш важным адкрыццём для нас стала мова. Дачка пацвердзіла, што калі чытала і перачытвала беларускамоўныя творы, то ўсё добра разумела. Мяне як маці ва ўсёй гэтай гісторыі ўразіла, наколькі адказна і складана напісаць цікава, моўна багата, але зразумела і даступна для дзяцей (шчыры дзякуй нашым пісьменнікам!).
А мы з дачкой тым часам вырашылі перайсці на новы ўзровень — сістэматычна чытаць любімыя творы і весці свой слоўнічак выслоўяў на роднай мове, разбірацца ў іх этымалогіі. Так нас заўжды чакаюць новыя літаратурна-даследчыя прыгоды. І, спадзяюся, пачнуцца яны ў нас — а магчыма і ў вас — зусім хутка, падчас восеньскіх канікул.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота аўтара