Top.Mail.Ru

У Фаніпалі адбылося выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні

На другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу ў сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што патрэбны новы нацыянальны падыход, які заматывуе людзей да пераезду ў сельскую мясцовасць, з канкрэтнымі ўмовамі. Беларускі лідар даў наказ ураду разам з дэпутатамі ў найбліжэйшы час унесці свае прапрацаваныя прапановы па гэтай тэме. 


Выязное пасяджэнне, якое прайшло ў Фаніпалі на мінулым тыдні пад кіраўніцтвам Старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леаніда ЗАЙЦА, стала часткай вялікай работы па падрыхтоўцы прапаноў для кіраўніка дзяржавы і ўрада.

Далучыліся да абмеркавання хвалюючай тэмы члены Савета Рэспублікі, прадстаўнікі міністэрстваў, старшыні раённых і абласных Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі гаспадарак, вядучыя спецыялісты і прадстаўнікі моладзі. Звяртаючыся да прысутных, Леанід Заяц папрасіў не хаваць набалелыя ці праблемныя пытанні, а, наадварот, агучыць іх падчас пасяджэння дзеля выпрацоўкі сумесных прапаноў.

Гаворачы аб аграпрамысловым комплексе нашай краіны, сенатар параўнаў бягучую сітуацыю ў галіне з дзевяностымі. «Добра памятаю гэты час, калі мы працавалі ў зусім іншых умовах, — узгадаў Леанід Заяц. — Гэта быў недахоп тэхнікі, шмат фізічнай працы, ненармаваны працоўны дзень. Усё гэта мы з вамі пражывалі. Тым не менш, нам удалося захаваць сельскую гаспадарку, развіць яе, забяспечыць харчовую бяспеку нашых грамадзян».

Сёння АПК нашай краіны дэманструе маштабныя змены і ўпэўнена забяспечвае харчовую бяспеку Беларусі, падкрэсліў Леанід Заяц. Гадавая выручка галіны, па яго словах, дасягнула вялікай лічбы ў 10 мільярдаў долараў. Гэтыя поспехі, на думку спікера, дасягнуты дзякуючы нарошчванню аб’ектаў жывёлагадоўлі, развіццю птушкагадоўлі, захаванню свінагадоўлі і павелічэнню магутнасцяў па перапрацоўцы сыравіны. Тым не менш, актуальнай застаецца праблема з паступовым скарачэннем колькасці рабочых, і яе неабходна своечасова вырашаць.

«Найважнейшая з задач, якую Прэзідэнт паставіў перад намі на будучую пяцігодку, — забяспечыць дабрабыт нашых людзей», — нагадаў словы беларускага лідара Леанід Заяц.

Для рэалізацыі намечанага, на яго думку, неабходна працаваць планамерна. Па-першае, выхоўваць падрастаючае пакаленне, папулярызаваць у маладзёжным асяроддзі выбар прафесій, звязаных з сельскай гаспадаркай. «Трэба прывучаць да працы, — дадаў сенатар. — Трэба ў школе, сям’і, грамадстве прапагандаваць сельскі лад жыцця».


Акрамя таго, па яго словах, для прыцягнення людзей у сельскую мясцовасць варта забяспечыць там належныя ўмовы для жыцця. Гэта датычыцца і вырашэння жыллёвага пытання, і дастойнай заработнай платы, і ўвогуле працоўных умоў. «І такія магчымасці ў нашай краіне ёсць, — запэўніў Леанід Заяц. — Гэта дасць магчымасць не толькі замацаваць людзей на месцах, але і прыцягнуць запатрабаваныя працоўныя рэсурсы».

Прапановамі і пазітыўным вопытам прыцягнення маладых людзей у сельскагаспадарчую галіну дзяліліся падчас пасяджэння прадстаўнікі мясцовай улады. У прыватнасці, старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька расказала аб тым, як у Гомельскім раёне дапамагаюць выпускнікам ВНУ адаптавацца да дарослага жыцця. Зразумела, што ўсе арганізацыі раёна выконваюць патрабаванні заканадаўства, звязаныя з прыбыццём маладых спецыялістаў — створаны ўмовы працы, прадастаўлены прадугледжаныя гарантыі. Аднак у рэгіёне ствараюцца і дадатковыя меры. Напрыклад, на першым працоўным месцы ў ААТ «Гомельская птушкафабрыка» пры заключэнні кантракта ўстанаўліваецца максімальнае павышэнне тарыфнай стаўкі акладу да 50 % 

і прадастаўляецца дадатковы заахвочвальны водпуск, а аднаразовая выплата на аздараўленне складае ад 2 да 12 базавых велічынь. Акрамя таго, пры заключэнні шлюбу, нараджэнні дзіцяці аказваецца пэўная матэрыяльная дапамога. На прадпрыемстве бясплатна арганізавана дастаўка на працу і з яе для тых, хто пражывае ў іншых населеных пунктах. Дадаткова маладыя спецыялісты могуць набыць дарагія гаспадарчыя тавары ў растэрміноўку да 12 месяцаў праз філіял «Гандлёвы дом «Мільча», штомесяц ім адпускаецца прадукцыя ўласнай вытворчасці па льготнай цане.

Яшчэ адзін станоўчы прыклад — аграгарадок Парахонск у Пінскім раёне, а дакладней ААТ «Парахонскае», якое размяшчаецца ў гэтай мясцовасці. Пры пераездзе і працаўладкаванні прадпрыемства выдзяляе грамадзянам кватэру для часовага пражывання. Праз пэўны час, калі становіцца зразумела, што чалавек і яго сям’я замацуецца тут на доўгі час, прадастаўляецца індывідуальны жылы дом. Усяго за апошнія 20 гадоў гаспадаркай пабудавана больш за 90 дамоў агульнай плошчай больш за 10 тысяч «квадратаў», расказаў старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Лазюк. З іх — два шматкватэрныя жылыя дамы па 24 кватэры ў кожным. Для часовага пражывання набыта 20 кватэр.

Адметна, што сама сістэма прыцягвання людзей да працы на сяле тут выбудавана структурна, і пачынаецца яе рэалізацыя яшчэ ў дзіцячым садку. Пры дапамозе ААТ «Парахонскае» зрабілі міні-агарод, які дзеткі разам з выхавальнікамі вучацца даглядаць, садзяць сваю першую агародніну. Ёсць у дашкольнай установе адукацыі і гульнявы пакой, аснашчаны звычайным, здавалася б, наборам цацак: малакавозы, трактары, камбайны... У зразумелай для іх форме дзеткі асвойваюць тое, чым займаюцца іх бацькі. Вызначыцца з выбарам прафесіі ў сярэдняй школе дапамагае група аграрнай накіраванасці. Дадаткова ў вучняў ёсць магчымасць прайсці ў школе прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасці «вадзіцель колавых трактароў і самаходных машын катэгорыі С», а пасля атрымання сярэдняй адукацыі адразу працаўладкавацца на прадпрыемства. У Пінскім раёне ёсць чатыры навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць вадзіцеляў колавых трактароў, самаходных машын. У гэтых школах ёсць майстры вытворчага навучання, матэрыяльная база. Такім чынам, ужо пасля заканчэння школы можна ісці працаваць у сельскую гаспадарку. Такі падыход працы з падрастаючым пакаленнем прыносіць свой плён. За апошнія пяць гадоў у гаспадарцы ўладкаваліся 
92 маладыя спецыялісты.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю