Адной з ключавых задач з’яўляецца развіццё справядлівай канкурэнцыі з улікам захавання ў роўнай ступені інтарэсаў нашых грамадзян, вытворцаў і гандлю. Аб гэтым заявіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч падчас пасяджэння калегіі ведамства, паведаміла БелТА.
Таксама сярод прыярытэтаў — прыняцце дзейсных ахоўных мер па недапушчэнні рэалізацыі ў Беларусі няякаснай, фальсіфікаванай прадукцыі, а таксама тавараў, атрыманых па «шэрых» схемах, у тым ліку праз інтэрнэт-прастору. Як падкрэсліў Артур Карповіч, вельмі важна падтрымліваць дакладныя ўмовы працы ў сферах дзяржзакупак, абароны правоў спажыўцоў, рэкламы, гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва, антыманапольнага рэгулявання.
З улікам істотнай інфарматызацыі і аўтаматызацыі ў сферах гандлю і паслуг міністр лічыць неабходным удзяліць асаблівую ўвагу развіццю магазінаў без прадаўцоў і касіраў, з мінімальнай колькасцю персаналу. «Магчыма, такім аб’ектам будуць давацца льготы і прэферэнцыі. Аўтаматызацыя — гэта адзін з кірункаў развіцця гандлю і бытавога абслугоўвання», — адзначыў міністр.
Яшчэ адна задача — якаснае забеспячэнне спажыўцоў краіны шырокім асартыментам тавараў па даступных цэнах, у тым ліку прадукцыяй беларускіх вытворцаў. Гэта датычыцца і сельскіх населеных пунктаў.
МАРГ рыхтуе праграму дзеянняў для павелічэння долі айчынных тавараў у гандлі. «Гэта прадугледжвае і актывізацыю работы з айчыннымі вытворцамі, і іх падтрымку і кантрольныя мерапрыемствы для недапушчэння неабгрунтаванага ўвозу тавараў», — сказала намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Васілеўская.
Пастаўленая на 2024 год задача па ўдзельнай вазе айчынных тавараў у гандлі не выканана, акцэнтавала яна. «Таму ў пачатку года мы ўдзяляем пільную ўвагу таму, што трэба зрабіць, якія меры прыняць, каб выканаць даведзеныя паказчыкі», — адзначыла намеснік міністра. Паводле яе слоў, у 2024 годзе ўдзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці склала 56,4 %. Пры гэтым харчовых — 76,3 %, нехарчовых — 37,3 %. Гэтыя паказчыкі неабходна павялічваць, падкрэсліла Наталля Васілеўская.
Прэв’ю: БелТА