Top.Mail.Ru

Як захоўваецца багацце расліннага і жывёльнага свету заказніка «Выгашчанскае»

Лес + балота = містыка

Спакой і цішыня пасля штодзённай мітусні агаломшваюць падарожнікаў, якія завіталі ва ўнікальны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Выгашчанскае», што на Брэстчыне. Ён уключаны ў Еўрапейскую базу даных «Ізумрудная сетка», дзе адзначаны тэрыторыі асаблівага прыродаахоўнага значэння дзеля зберажэння рэдкіх відаў раслін і жывёл у іх натуральным асяроддзі. 

У заказніка вялізная плошча — больш за 55 тысяч гектараў. На яго тэрыторыі самае вялікае натуральнае возера Брэсцкай вобласці Выганашчанскае і крыху меншае Бабровіцкае, яны нагадваюць пра існаванне колішняга «Ясяльдзінскага мора», якое пакінуў пасля сябе ледавік. І цяпер 94 % тэрыторыі заказніка — некранутая прырода: масівы лясоў і балот. Тут водзяцца ўсе жывёлы Беларусі, акрамя зубра, — 45 відаў занесены ў Чырвоную кнігу краіны, як і амаль два дзясяткі відаў раслін. Тут ёсць нізіннае балота, а ёсць і верхавое, на якім цяпер цвітуць журавіны — усё белае, нібыта жывы пух над зямлёй гайдаецца ад ветрыка...

— Наша балота, наша прырода, у розную пару года па-рознаму прыгожае, — адзначае спецыяліст ландшафтнага заказніка «Выганашчанскае».

У глухім гушчары пракладзена сцежка, на частцы шляху зроблена драўляная дарожка — каб можна было ў звычайным абутку прайсці па забалочанай мясцовасці. Бо там, у глыбіні, можна пачуць, як гаворыць і спявае балота. Калі вады многа, то навокал нясецца голас жабак-жарлянак. Тут вялікая папуляцыя балотнай чарапахі, ёсць цецерукі, глухары, дзевяць відаў дзятлаў, у тым ліку трохпалы, якога хацелі б убачыць многія арнітолагі Еўропы...

— Цяпер дзятлаў не чуваць, бо ў іх птушаняты, і яны імкнуцца паводзіцца ціха. Але вясной яны вельмі актыўныя. А калі на глухарыным таку сустракаць світанак, то іх голас уліваецца ў хор розных птушак — нібыта ідзе пераклічка, — расказвае Аляксандр Аляксандравіч.

Сімвалам Івацэвіцкага раёна з’яўляецца рэдкая птушка — барадатая няясыць. Гэтая вялікая сава вельмі цікавіць замежных гасцей — з усяго свету прыязджаюць сюды, каб паназіраць за ёй. Яна займае гнёзды драпежных птушак, але часам можа пасяліцца і на зламаным дрэве, таму што сама гнёзды не будуе — і для яе супрацоўнікі заказніка робяць штучныя. Самка заўсёды каля гнязда, яна прагоніць нават мядзведзя, каб абараніць сваё патомства. А самец звычайна на паляванні — прынёс і перадаў здабычу

самцы. Аляксандр Аляксандравіч кажа, што для замежнікаў уяўляе інтарэс і кулік. Раней іх было шмат, цяпер стала меней, а ў Заходняй Еўропе яны амаль зніклі. Гэта птушка ляціць з хуткасцю каля 100 кіламетраў у гадзіну, а за адзін узлёт без пасадкі можа пераадолець каля 6500 кіламетраў — без прыпынку адразу ў Афрыку!

Не трэба ехаць далёка на іншыя кантыненты, каб паглыбіцца ў дзікую прыроду — яна побач з намі, некранутая, багатая. Напрыклад, у возеры Выганашчанскае каля 20 відаў рыб, сярод іх лешч, лінь, буйны карась, шчупак — іх можна павудзіць з берага ці лодкі. Самы працяглы водна-пешы маршрут «Надліўская града» адкрывае разнастайны прыродны свет, дзе можна паслухаць розных птушак. А на маршруце заадно пабачыць баброў, кабаноў, ласёў — яны ходзяць прама па балоце. Аленю ці казулі ўжо патрэбны сцежкі, як і ваўку ці рысі (іх тут у тры разы болей, чым у Белавежскай пушчы)...

Спецыялісты ведаюць, як правесці турыстаў па распрацаваных маршрутах без пагрозы, выключна з прыемнымі ўражаннямі. 

Пакуль рухаешся па маршруце да «Сядзібы Палешука», дзе любяць спыняцца тыя, хто імкнецца нейкі час пажыць адасоблена ад цывілізацыі, то час ад часу натыкаешся на знакі і шыльдачкі: тут можна пабачыць рэдкую птушку, тут — расліну. Толькі глядзі, будзь пільным — і палескія лясы і балоты заварожваюць сваёй містыкай.

Ларыса ЦІМОШЫК


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю