Гісторыя капітальнага рамонту аднаго са шматкватэрных дамоў у Чачэрскім раёне стала падставай разабрацца, чаму бывае так, што ўсе працэдуры выкананы па патрабаваннях заканадаўства, а чалавек усё адно адчувае няўпэўненасць і трывогу ва ўласным жыллі.
Летась моцны лівень унёс свае карэктывы ў працэс капітальнага рамонту чатырохкватэрнага дома ў аграгарадку Отар Чачэрскага раёна. Дах двухпавярховіка ў той момант быў раскрыты, ад патаплення пацярпелі кватэры, адна з іх — даволі сур’ёзна: вільгаць трапіла ў памяшканні, сапсавала аздабленне і бытавыя рэчы. Падрадная арганізацыя, што выконвала капрамонт, ад адказнасці не ўхілілася: пашкоджанні пацвердзілі актам, прапанавалі ліквідаваць наступствы за свой кошт. Уласніца кватэры, якраз той, што значна пацярпела падчас непагадзі, вырашыла прыняць кампенсацыю і выканаць рамонт самастойна. Здавалася, пытанне закрыта.
Аднак праз год жанчына звярнулася ў райвыканкам на асабісты прыём грамадзян да старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко. Уласніца жылля наракала, што ў яе кватэры адчуваецца вільгаць. Яна дапусціла, што прычына можа крыцца ў сістэме водаадвода, канструкцыя якой была перапрацавана пры капрамонце.
Спецыялісты правялі дадатковае абследаванне дома: вывучылі канструкцыі, праверылі элементы водаадвода. Па выніках агляду канстатавалі, што работы капрамонту былі выкананы строга па праектным рашэнні.
За каментарыем гэтага факта мы звярнуліся да намесніка старшыні Чачэрскага райвыканкама Таццяны Загорцавай.
Як адзначылі ў райвыканкаме, каб дакладна разумець сітуацыю, важна ведаць, як праходзіў капрамонт. Праектная дакументацыя двойчы прайшла экспертызу, работы выконвалі ліцэнзаваныя арганізацыі. Падчас капрамонту быў наладжаны кантакт з жыхарамі: іх заўвагі разглядаліся на месцы.
Фіксаваліся і ліквідаваліся наступствы, выкліканыя непагаддзю. Адмова ўласніцы кватэры ад прапанаваных работ і згода ўзяць адказнасць за частку работ на сябе зафіксаваныя дакументальна.
Прыёмка аб’екта праходзіла пры ўдзеле камісіі, куды ўвайшлі заказчык, праекціроўшчык, падрадчык і прадстаўнікі дзяржаўнага нагляду. Заўваг пры здачы жылля не ўзнікла ні ў санітарных, экалагічных, энергетычных служб, ні ў МНС. Дом прызналі гатовым да эксплуатацыі. На этапе ўводу дома ў эксплуатацыю не было скаргаў і ад жыхароў.
Праз год пасля завяршэння рамонту, калі ўласніца кватэры, якая адмовілася ад часткі прапанаваных работ, адчула сумненні ў якасці капрамонту, улада не ўхілілася ад разгляду хвалюючага жанчыну пытання. Па яе звароце правялі новы агляд, праверылі канструкцыі і элемент водаадвода. Ніякіх парушэнняў выяўлена не было. Дадзена прафесійная рэкамендацыя праекціроўшчыкаў — падоўжыць сцёкі, каб вада не затрымлівалася каля падмурка.
Намеснік старшыні райвыканкама звярнула ўвагу, што кожны этап правядзення капрамонту заўсёды рэгламентаваны. Праект праходзіць экспертызу, ход работ кантралюецца, гатовы аб’ект прымае камісія. Так, калі пытанні ўзнікаюць пазней, праводзіцца абследаванне, і камісія вызначае прычыны — тэхнічныя, эксплуатацыйныя ці выкліканыя прыроднымі фактарамі. Але за рамкамі дакументаў заўсёды застаецца чалавек.
— Мы разумеем, што кожны такі выпадак — гэта стрэс для людзей. І эмоцыі, часам, пераважаюць над рацыянальнасцю. Калі сітуацыя патрабуе дапамогі, мы гатовыя падключацца, але дзейнічаць толькі ў прававым полі. На сёння няма падстаў ставіць пад сумненне якасць праведзенага капітальнага рамонту дома, у якім пражывае заяўніца, — адзначыла прадстаўнік райвыканкама.
Між тым гісторыя, сапраўды, паказвае, што нават калі ў нестандартнай сітуацыі людзі могуць разгубіцца, зрабіць штосьці неабдумана, гэта не падстава адмаўляць ім у дапамозе. Уладальніца кватэры, вядома, хоча быць упэўнена ў надзейнасці даху над галавой.
Дарэчы, пераканацца асабіста, у якім цяпер стане кватэра заяўніцы, у карэспандэнта не атрымалася. Яе дзеці звязаліся і настойліва папрасілі не прыязджаць, каб не турбаваць іх пажылую маці. Яны прызналі, што пасля таго злашчаснага ліўню маці, засмучаная і разгубленая, не змагла адразу ацаніць абставіны, не ўлічыла, колькі рэальных высілкаў спатрэбіцца ёй і родным, каб вярнуць кватэры былы выгляд.
У такой блытаніне чалавечых эмоцый, страху за маёмасць і натуральнага жадання хутчэй аднавіць парадак лёгка страціць пачуццё меры і ўпасці ў роспач, што, верагодна, і адбылося.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота носіць ілюстрацыйны характар