Top.Mail.Ru

Як «замясіць» сямейнае шчасце, ведаюць умеліцы са Слонімскага раёна

Дзякуючы народнаму фальклорнаму калектыву «Чараўніцы-каравайніцы» слава пра мясцовыя традыцыі, звязаныя з выпечкай, пайшла далёка за межы Слонімшчыны. У год тут пякуць не менш за сотню караваяў, частуюць імі гасцей, сярод якіх былі і прадстаўнікі Расіі, Кітая, Ірана. Са сваёй выпечкай жанчыны ездзяць на шматлікія фестывалі, сустракаюць дэлегацыі. Паўлаўскія караваі пабывалі ў Палацы Рэспублікі і Палацы Незалежнасці, на ВДНГ у Маскве. 



Традыцыя выпякання са Слонімшчыны знаходзіцца ў спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі. Пазнаёміцца з ёй можна, наведаўшы брэндавы фестываль раёна «Паўлаўскі каравай», або проста завітаць у госці да каравайніц, паўдзельнічаць у майстар-класах.

Калектыў, які зберагае і папулярызуе мясцовыя традыцыі, створаны ў 1983 годзе. Сярод яго ўдзельніц — прадстаўніцы розных пакаленняў. Старэйшыя дзеляцца не толькі сакрэтамі выпякання, ад іх можна пачуць і старажытныя песні, і тое, як жыла вёска, як з малых гадоў дзяўчынкі з мамкамі і бабкамі хадзілі сачыць за стварэннем вясельнага каравая. Дзеці прасіліся дапамагчы з вырабам тых жа шышак ці іншых упрыгажэнняў з цеста — яны робяцца асобна і выпякаюцца не ў печы, а перад агнём...


Нават па знешнім выглядзе караваяў можна зразумець, для чаго і для каго яны прызначаны. На кожнае свята — свая выпечка. Траецкія караваі — круглыя, упрыгожаныя касой і сеткай, з начыннем з тварагу — сімвалізуюць урадлівасць зямлі. На Вялікдзень у вёсках Навікі, Паўлава, Прырэчча і Навасёлкі Паўлаўскага сельсавета выпякалі адразу некалькі пірагоў: «Пасху» — узяць у царкву ці касцёл пасвяціць, «Крыжык» — аднесці на могілкі продкам, «Мазурку» — каб сустракаць гасцей, «Пляцёнку» — частаваць валачобнікаў. Невялікія «бабкіны пірагі» выпякаліся для кожнага ўнука. Не забываліся і на свойскую жывёлу — каб засцерагчы ад сурокаў, для скаціны рабілі выпечку з іншага цеста з дамешкамі аўса.

Самыя вялікія, прыгожыя і незвычайныя караваі рабіліся да вяселля. Кожны з іх — як асаблівае пасланне для маладых, дзе ўсе дэталі маюць значэнне. Птушачкамі ўпрыгожвалі, каб было многа дзетак, лісточкамі — каб жыццё пары склалася вясёлым, лёгкім, варотамі — каб быў гасцінным дом, падковы дадавалі на шчасце, кветкі — як сімвал маладосці і чысціні, каралі з цеста — да багацця. У цэнтры вясельнага паўлаўскага каравая — галінка з птушкамі. Яе бралі абавязкова з пладовага дрэва, абкручвалі палоскамі з цеста ды запякалі. Па традыцыі маладыя павінны былі гэта ўпрыгажэнне абгрызці разам. А вось бакавыя галінкі раздаваліся нежанатым і незамужнім сябрам, каб тыя хутчэй знайшлі сваё шчасце.


З паўлаўскім караваем звязаны шэраг традыцый і вераванняў. Яшчэ пры замешванні цеста стараліся прытрымлівацца пэўных правіл. Напрыклад, яго нельга мясіць кулакамі — каб маладыя не біліся. Замес давяралі жанчыне, у якой удалы шлюб, добры муж, здаровыя дзеткі, каб і доля новай сям’і была шчаслівай. «Цеста замешваецца з малітвамі, замовамі. Праз рукі і словы перадаюцца і добрая энергетыка, і шчырыя пажаданні», — расказвае кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Чараўніцы-каравайніцы» філіяла «Навасёлкаўскі цэнтр культуры» Слонімскага раённага цэнтра культуры Дар’я КІРЫЕНКА. Працэс выпякання няпросты. Толькі каб зрабіць упрыгажэнні, можа спатрэбіцца цэлы дзень. Як прызнаюцца мясцовыя чараўніцы, ці выйдзе ўдалым каравай, залежыць не толькі ад уменняў, але і настрою жанчын, і ад надвор’я, і, вядома , ад печы — у сучаснай духоўцы такі не атрымаецца.


Таму і заказы на караваі да мясцовых чараўніц паступаюць з розных куткоў. Напрыклад, сёлета вясельныя караваі ўжо паехалі і ў Віцебск, і ў Маскву. Дзякуючы выпечцы захоўваюцца і традыцыі. Вельмі прыгожы сам абрад вынасу каравая, калі ў прысутных пытаюцца: «На людзі раздаць, ці ў камору схаваць». Нават спрыт маладой жонкі па караваі можна праверыць — паглядзець, як яна будзе яго «палоць»: дзяўчына выбірае ўпрыгажэнні з каравая і кідае дзецям і моладзі...

Па паўлаўскім караваі варажылі: калі ён атрымаўся пышным, духмяным — у сям’і будзе лад і дабрабыт. 

А колькі ўжо шчаслівых сем’яў вырасла на чароўных караваях! Мясцовыя жанчыны прызнаюцца, што самі з імі выходзілі замуж, і дзяцей сваіх жанілі, і, дасць Бог, традыцыя будзе працягвацца. Пры вясковым клубе падрастае змена — працуе дзіцячы гурток «Чароўны каравайчык», ды са Слоніма на майстар-класы па вырабе ўпрыгажэнняў для каравая прыязджаюць навучэнцы розных школ.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Валерыя КАРТУЛЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю