Як паведамілі ў Белгідрамеце, наперадзе беларусаў чакаюць маразы аж да мінус 25 градусаў. Нізкія тэмпературы небяспечныя тым, што магчымыя пераахаладжэнне і абмаражэнне. Рызыка павялічваецца пры тэмпературы ніжэй за -10 °C, моцным ветры, павышанай вільготнасці. У такі холад медыкі раяць насіць чатыры пласты адзення і пальчаткі пад рукавіцы, а таксама не забываць пра шалікі
Пераахаладжэнне — стрэс для арганізма, які вядзе да зніжэння імунітэту і робіць нас уразлівымі для бактэрый і вірусаў. У выніку чалавек можа захварэць.
Каб прадухіліць рызыку пераахаладжэння, неабходна насіць адзенне, разлічанае на нізкія тэмпературы. Добра саграваюць варсістыя матэрыялы, шэрсць. Апранацца трэба ў некалькі пластоў. Тры-чатыры пласты захаваюць цяпло за кошт паветра паміж імі. Абавязкова трэба насіць шалік. Калі нават адразу ён здасца залішнім, пакладзіце яго з сабой у сумку. Пры працяглым знаходжанні на вуліцы ім можна ахінуць твар. Галаўны ўбор павінен добра закрываць вушы і не павінен прадзімацца ветрам.
Абутак у холад лепш выбіраць не толькі цёплы, але і свабодны. Так, каб можна было надзець цёплыя шкарпэткі і ступня не сціскалася, а пальцы ног свабодна рухаліся.
Вельмі важна ўцяпліць рукі. Яны мерзнуць хутчэй з-за адсутнасці тлушчавай тканкі і праз неабароненыя рукі адбываецца хуткая цепластрата. У выніку чалавек хутчэй замярзае ўвесь. Медыкі раяць абараняць ад марозу скуру твару і рук. У зімовы час хвілін за 40-60 да выхаду з дому варта наносіць пажыўны крэм са шчыльнай тэкстурай. Ён засцеражэ скуру ад абветрывання і абязводжвання.
Калі вы вымушаны часта карыстацца тэлефонам на марозе, трэба паклапаціцца аб тым, каб не абмарозіць рукі. Карыстайцеся галасавым наборам нумароў, навушнікамі. Магчыма, варта надзець пальчаткі з адкрытымі кончыкамі пальцаў, а зверху рукавіцы, каб менш агаляць руку пры карыстанні тэлефонам. Цяпер некаторыя вытворцы сталі выпускаць пальчаткі са спецыяльнымі адчувальнымі для экрана накладкамі на пальцах, каб не здымаць іх.
Памятайце, што адзенне не сагравае, а ўтрымлівае цяпло. У сувязі з гэтым адзяваць шапку, пальчаткі трэба яшчэ ў цяпле, а не пасля выхаду на мароз. А калі ў холад давядзецца доўгі час знаходзіцца на вуліцы, значыць ёсць сэнс пацікавіцца тэрмааксесуарамі (гэта і сагравальныя вусцілкі для абутку, і цяплозберагальныя ўкладкі ў пальчаткі, і тэрмабялізна).
Калі вы знаходзіцеся на марозе працяглы час, старайцеся актыўна рухацца, час ад часу заходзьце ў цёплае памяшканне. Можна выпіць гарачую гарбату ў кафэ, а збіраючыся на працяглую прагулку, узяць з сабой і тэрмас з гарачым напоем. Але толькі не алкаголь — ён дае эфект сагравання толькі ў першыя хвіліны, а затым прыводзіць да яшчэ большага замярзання.

Асаблівая пільнасць патрэбна, калі чалавек уваходзіць у наступныя групы рызыкі:
-
пажылыя людзі з-за ўзроставага пагаршэння кровазвароту;
-
дзеці: арганізм малых горш спраўляецца з перападамі тэмператур, хутчэй пераахалоджваючыся. Дзеці менш свядома ставяцца да небяспекі, захапіўшыся гульнёй, здымаючы шапкі і бегаючы ў мокрым адзенні;
-
людзі з хранічнымі хваробамі (дыябет, сардэчна-сасудзістыя захворванні);
-
курцы: нікацін звужае сасуды, парушаецца тэрмарэгуляцыя.
Аб пераахаладжэнні сведчаць дрыжыкі, такім чынам арганізм абараняецца ад цепластраты: сасуды пачынаюць звужацца, і мы пачынаем дрыжаць. Медыкі падкрэсліваюць: не трэба цярпець, а трэба неадкладна прыняць меры для сагравання.
Абмаражэнне першай ступені небяспечнае тым, што яго можна не адчуць адразу. Але можна вызначыць візуальна. Пры абмаражэнні скура бляднее, а пасля сагравання чырванее. Траўма можа суправаджацца нязначным ацёкам, лёгкім паколваннем, свербам.
Пры абмаражэнні другой ступені ўжо больш адчуваецца пякота, боль, магчыма здранцвенне. Пашкоджаная паверхня пакрываецца пухірамі з празрыстай вадкасцю. Трэцяя і чацвёртая ступені найбольш цяжкія, характарызуюцца з'яўленнем пухіроў з крывяністым змесцівам, пацямненнем і адміраннем скурнага покрыва.
Дрыжыкі, бледная, халодная і сухая скура (колер скуры і вуснаў можа быць сінім), затарможанасць, невыразная гаворка, страта каардынацыі рухаў, значнае падзенне тэмпературы цела — гэта прыкметы агульнага пераахаладжэння і сігнал да неадкладнага выкліку хуткай дапамогі.
Увага! Калі вы не ўсцерагліся ад абмаражэння, ні ў якім разе нельга расціраць абмарожаны ўчастак скуры снегам ці масляністымі рэчывамі, бо гэта яшчэ больш траўміруе пашкоджаную скуру. Трэба сагрэць балючыя ўчасткі ўмераным цяплом (павольным саграваннем), аднак нельга апускаць абмарожаныя канечнасці ў гарачую ваду, выкарыстоўваць грэлкі, лазню, паколькі хуткае награванне можа прывесці да некрозу пашкоджанага ўчастку скуры.
Першую дапамогу вельмі важна аказаць своечасова і правільна, а таму лепш за ўсё звярнуцца з траўмай у медыцынскую ўстанову.