Top.Mail.Ru

Як засцерагчыся ад «свербу купальшчыка»?

Пасля купання неабходна расцерці скуру ручніком або пяском, каб разбурыць цэркарыі, якія пачалі ўжо ўкараняцца, а пасля прыняць душ


Адпачынак летам каля ціхіх азёр або сажалак прыцягвае многіх. Аднак купанне ў такіх вадаёмах можа прывесці да заражэння цэркарыёзам, або «свербам купальшчыка» — паразітарным захворваннем скуры, якое ўзнікае пасля купання ў прэсных вадаёмах — асабліва ў сажалках і азёрах са стаялай цёплай вадой.

Прычына захворвання — мікраскапічныя лічынкі паразітаў, якія жывуць у вадзе (у арганізме чалавека іх няма). Найбольшая рызыка звязана з мелкімі вадаёмамі, якія добра праграваюцца, дзе вада стаіць ці павольна рухаецца, а таксама з месцамі, дзе шмат расліннасці каля берага і ёсць качкі ці іншыя вадаплаўныя птушкі. Пры гэтым вонкава вада можа выглядаць чыстай, і вызначыць наяўнасць гэтых лічынак немагчыма.

Захворванне можа выявіцца не адразу, а праз некалькі гадзін ці нават дзён. Спачатку на скуры ўзнікае пачырваненне або дробны сып, затым можа развіцца запаленне скуры з моцным свербам, пякотай і пухірамі. Часам сверб захоўваецца да двух з лішнім тыдняў. У асобных выпадках далучаюцца агульныя сімптомы: млоснасць, ваніты, павышэнне тэмпературы, галаўны боль, бяссонніца і з’яўленне пігментных плям.


У рэдкіх выпадках магчымы ўскладненні. Напрыклад, можа далучыцца бактэрыяльная інфекцыя ў месцах свербу і расчэсвання. У некаторых выпадках могуць назірацца лёгачныя ўскладненні, якія праяўляюцца кашлем, дыхавіцай. Калі пасля купання сверб і высыпанні не праходзяць на працягу некалькіх дзён ці з’яўляюцца дадатковыя сімптомы, такія як млоснасць, галаўны боль, кашаль ці дыхавіца, важна як мага хутчэй звярнуцца да ўрача-інфекцыяніста.

Каб пазбегнуць «свербу купальшчыка» пасля кантакту з вадой, якую насяляюць птушкі, выйшаўшы на бераг, трэба энергічна расцерці скуру цвёрдым ручніком насуха або пяском, а затым прыняць душ і зноў выцерціся. Механічнае трэнне разбурае цэркарыі, якія пачалі ўкараняцца, і — здымае кроплі вады з лічынкамі. Таксама перад плаваннем варта выкарыстоўваць рэпеленты ў выглядзе мазяў ці спрэяў.

У выпадку з’яўлення сыпу праз 12–24 гадзіны неабходна прыняць антыгістамінныя прэпараты, можна таксама выкарыстоўваць ахаладжальныя мазі з ментолам або кортыкастэроіды, але толькі па прызначэнні ўрача.

Спецыялісты рэкамендуюць не купацца на мелкаводдзі са стаялай вадой і зараснікамі, асабліва ў спякотныя сонечныя дні, і па магчымасці выбіраць праточныя месцы або абсталяваныя пляжы без вадаплаўных птушак.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю