Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 8 Магілёва, які па выніках работы неаднаразова прызнаваўся найлепшым у вобласці і нават у краіне, паспяхова рэалізуе інавацыйныя і адукацыйныя праекты грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. А яшчэ тут вялікая ўвага ўдзяляецца таму, каб зацікавіць самых маленькіх жыхароў беларускай мовай.
У эфіры — «Хвілінка роднай мовы»
Наведваюць гэту дашкольную ўстанову каля 300 дзетак. Выхавальнікі ў розных формах знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак з гісторыяй роднага горада, вуліцамі, названымі ў гонар знакамітых землякоў, з культурна-гістарычнай спадчынай рэгіёна. Праз гульню, казкі, песні і тэатралізаваныя пастаноўкі дзеці паступова прызвычайваюцца выкарыстоўваць новыя словы ў штодзённых зносінах. У творчы працэс уцягнутыя і бацькі.
Тое, што папулярызацыя беларускай мовы сярод дзетак — важная частка выхаваўчай работы ва ўстанове Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8, запэўнівае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына ЗАГОРСКАЯ і расказвае пра шматлікія ўласныя напрацоўкі, якія дазваляюць зацікавіць дзетак і іх бацькоў роднай мовай:
— Важна пачынаць знаёмства з беларускай мовай з самага ранняга ўзросту. Гэта развівае дзіця, фарміруе пачуццё патрыятызму. На мой погляд, вельмі добра, што заняткі па развіцці беларускага маўлення і культуры маўленчых зносін паспяхова праводзяцца і ў самых маленькіх нашых дзетак з 1,5 года. Кожны чацвер — беларускамоўны дзень, але родная мова ў нас гучыць не толькі адзін раз на тыдзень, а значна часцей.
Кожны беларускамоўны дзень пачынаецца з таго, што дзеткі па «мясцовым радыё» (гэта адна з эксклюзіўных іскрынак нашага цэнтра развіцця дзіцяці) слухаюць беларускамоўныя казкі і «Хвілінкі роднай мовы». Іх ужо доўгі час чытае наш славуты дыктар — музычны кіраўнік Галіна Каваленчыкава, за плячыма якой багаты педагагічны вопыт. Далей пачынаецца праца ў групах. Тэмы хвілінак роднай мовы адпавядаюць сезону, узросту дзяцей, тэме слова тыдня. Выхавацелі выкарыстоўваюць слоўныя гульні, загадкі, чытаюць вершы, казкі і пацешкі на беларускай мове. Танчаць пад беларускія песні. Часта на занятках выкарыстоўваюць элементы тэатральнай дзейнасці: дзеці пераўвасабляюцца ў казачных герояў і разыгрываюць сцэнкі на роднай мове. Вось у такой цікавай форме праз творчасць даведваюцца больш пра культуру і асаблівасці нашай краіны.
Дарэчы, паслухаць «мясцовае радыё» аўтару гэтых радкоў пашчасціла таксама. У 8.30 раніцы лагодны голас Галіны Каваленчыкавай прывітаў дзетак, і яна пачала зачаравана расказваць малым казку на роднай мове, а потым пазнаёміла іх з новым словам. Усе ўважліва і з вялікай цікавасцю слухалі.
Галіна Уладзіміраўна за доўгі час працы сабрала вялікую калекцыю матэрыялаў, распрацавала багатую аўдыёскарбонку «Хвілінкі роднай мовы» на ўвесь навучальны год. Яе казкі вучаць дабру, працавітасці, гасціннасці, ветлівасці... Яна лічыць, што вельмі важна вучыць дзетак роднай мове з маленства і часцей карыстацца ёй самому.
Пасля сняданку мы заглянулі з Ірынай Загорскай у розныя ўзроставыя групы, і я на свае вочы пераканалася: справа па папулярызацыі роднай мовы ідзе так цікава, як напярэдадні яна мне расказала.
Выхавальнікі ўключалі роднае слова ў жывыя віды дзейнасці — песні, казкі, лічылкі, тэатралізаваныя сцэнкі. Было відаць, што дзецям цікава і камфортна: яны не проста паўтаралі словы, а ўжывалі іх у зносінах.

Інавацыйныя праекты і роднае слова
Дарэчы, пачуць беларускую мову і бліжэй пазнаёміцца са славутасцямі малой радзімы дзеці могуць і падчас віртуальных экскурсій, якія раней распрацавалі педагогі са старэйшымі дзеткамі.
Загадчык дашкольнай установы Алена КРУКОЎСКАЯ расказвае пра шматлікія пазнавальныя відэаролікі і медыяпадарожжы, інтэрактыўныя карты вобласці.
— Працуем у гэтым кірунку з 2016 года, калі наша ўстанова ўдзельнічала ў рэспубліканскім інавацыйным праекце па фарміраванні грамадзянскай ідэнтычнасці падрастаючага пакалення. Зараз мы — рэсурсны цэнтр па кірунку «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ва ўстанове дашкольнай адукацыі ў працэсе праектнай дзейнасці», — удакладняе Алена Іванаўна. — Маем шмат творчых распрацовак. Дзелімся сваім перадавым вопытам. Праводзім заняткі з дзеткамі і выкарыстоўваем розныя формы працы з бацькамі.
Адзін з першых творчых праектаў, якія паспяхова рэалізавалі тут, — «Аляксей Пысін — наш знакаміты зямляк». Дарэчы, вуліца, названая ў гонар пісьменніка, знаходзіцца побач з нашым цэнтрам. Многія дзеткі, што пражываюць там, прыходзяць да нас і з асаблівай цікавасцю слухаюць пра чалавека, у гонар якога названа іх вуліца. Затым была ініцыятыва «Мой горад», па выніках якой з’явілася электронная кніга «Магілёў вачыма дзяцей». Праца гэта не спыняецца. Кожны праект мае свой QR-код.
Сам ДЦРД № 8 знаходзіцца на вуліцы Аркадзя Куляшова. Таму не дзіва, што адзін з адукацыйных праектаў супрацоўнікі прысвяцілі знакамітаму пісьменніку-франтавіку.
— З юнымі даследчыкамі падрабязна вывучаем творчасць Аркадзя Куляшова і Аляксея Пысіна — сапраўдных патрыётаў, якія баранілі Радзіму словам і справай. Падчас фестывалю «Мова родная мая» ў нас абавязкова гучаць іх вершы. А сёлета — у Год беларускай жанчыны — цэнтральнае месца на гэтым фестывалі зоймуць творы на беларускай мове пра матуль. Мова — тое, што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі. Прывіць любоў да сваёй малой радзімы можа толькі педагог, які сам з вялікім сэрцам ставіцца да роднага краю. З гонарам магу адзначыць, што ў нашым калектыве працуе шмат вопытных калег і таленавітай моладзі. І кожны з іх на сваім месцы, а значыць, іх агеньчык у вачах здольны зацікавіць маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак матчыным словам, каб вырасціць сапраўдных патрыётаў, — лічыць Ірына Загорская.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ
Фота аўтара