Духмяныя, сакавітыя, салодкія — спеюць у лесе чарніцы, маліны, дурніцы, іншыя ягады. Хапайся за кошык ці вядро — і наперад, па здабычу. Толькі што збіраць па ягадцы — справа марудная. Каб павысіць эфектыўнасць збору і мінімізаваць намаганні, многія, асабліва нарыхтоўшчыкі, выкарыстоўваюць ручныя камбайны — спецыяльныя прылады з зубамі і кантэйнерам для ягад.
Раней яны былі забаронены, аднак у 2019 годзе выйшла Інструкцыя аб спосабах і прыстасаваннях для збору дзікарослых ягад у лясным фондзе, у якой былі прапісаны ўмовы прымянення гэтых прылад, а таксама тэхнічныя патрабаванні да іх. У снежні 2023 года дзеянне дакумента было спынена, а яго палажэнні ўвайшлі ў пастанову Міністэрства лясной гаспадаркі ад 08.12.2023 № 16 «Аб парадку нарыхтоўкі другарадных лясных рэсурсаў, ажыццяўлення пабочнага лесакарыстання». Згодна з ёй, корпус і зубы павінны быць выраблены з металу, пластмасы, драўніны, гумы або іх камбінацый. Зубы і краі камбайна ў зоне зрывання ягад павінны быць нявострымі, адлегласць паміж імі — не меншай за 0,5 см. Здаецца, усё проста, але ж... без чалавечай прагнасці не абыходзіцца.
Таццяна Бахмута — былая настаўніца з Навагрудка, інвалід ІІ групы. Сама ўжо ў лес хадзіць не можа.
— Летась папрасіла жанчыну назбіраць мне чарніц. Яна прынесла пяцілітровае вядзерца. Тое, што я ўбачыла, уразіла да слёз: камяк моху, галінак, карэння, травы, пяску, жучкоў і ўсякага ляснога «багацця»! Перабрала, дык з 5 літраў сабранага атрымалася каля 2 літраў ягад. Гэта так людзі збіраюць ягады «камбайнамі-шморгалкамі»! — абураецца жанчына.
Калі ў дзяцінстве яна разам з маці і яе калегамі з ільнаводчага звяна ездзіла ў ягады з дазволу калгаса, такіх хітрых прылад не было, ды і да салодкіх лясных дароў былі зусім іншыя адносіны.
— Збіралі пальчыкамі. Левая рука падтрымлівала галінку з ягадамі, а правая абірала. Не дай бог наступіць нагой на кусцік чарніц! Атрымаеш не заўвагу, а цэлую прачуханку, што сапсавала чарнічнік і на наступны год не вырастуць на ім ягады. А што зараз робіцца? Пасля мяне хоць патоп? — з болем гаворыць пенсіянерка.
Дарэчы, у той самай пастанове Мінлясгаса ўстаноўлены і правілы выкарыстання камбайнаў. Па-першае, збор ягад з іх дапамогай здзяйсняецца рухамі знізу-ўверх. Чарніцы і дурніцы — пад вуглом да верхняй часткі куста, прычым у зубы прылады не павінна трапляць тоўстая ніжняя частка парасткаў, журавіны — па паверхні моху і парасткаў. Нарэшце, збіраць ягады неабходна тады, калі яны паспелі, лепш за ўсё ў сухое надвор’е, пасля сходу расы. Гэта менш траўміруе расліну.
Але людзі ёсць людзі. Хтосьці проста не задумваецца, што карыстаецца камбайнам няправільна, нехта спяшаецца сабраць як мага больш духмянага ляснога багацця, каб хутчэй ператварыць яго ў грошы, таму выбірае браканьерскія прылады... Што далей будзе, напрыклад, з чарнічнікам, на аднаўленне якому патрабуецца некалькі гадоў, ці вырасце нешта наступным летам — такіх наведвальнікаў лесу ўжо не турбуе.
- Аднак невыкананне правіл мае наступствы. Згодна з артыкулам 16.19 КаАП, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў або метадаў збору ці нарыхтоўкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін або іх частак, соку або іншае парушэнне правіл збору або нарыхтоўкі цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (базавая велічыня на сёння — 42 рублі) — для грамадзян, да 100 базавых велічынь — для індывідуальных прадпрымальнікаў і да 500 базавых велічынь — для юрыдычных асоб.
Няварта збіраць ягады каля звалак, чыгуначных пуцей, аўтамагістраляў і прамысловых зон — навакольнае асяроддзе там значна забруджана цяжкімі металамі, выхлапнымі газамі, адходамі вытворчасці і гэтак далей. Дары лесу маюць уласцівасць назапашваць іх у небяспечных канцэнтрацыях. Апрача таго, не рэкамендавана збіраць ягады і грыбы ў некаторых лясгасах Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей, дзе павышаны радыяцыйны фон. Падрабязней пра такія зоны можна даведацца ў Дэпартаменце па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Калі ўсё ж трапілі ў такі лес або маеце пэўнае сумненне ў чысціні яго дароў, абавязкова праверце іх на ўтрыманне радыенуклідаў. Зрабіць гэта можна на пастах радыяцыйнага кантролю лясгасаў, у раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, у лабараторыі на рынку.
Збор ягад у лесе — займальны занятак, які дазваляе атрымаць свежыя і смачныя прадукты, а таксама правесці час з карысцю для здароўя. Галоўнае, выконваць правілы і памятаць пра тое, што лес і яго дары — наша агульнае багацце. Толькі ад нас залежыць, ці захаваем мы яго для нашчадкаў.
Зоя САЛАЎЁВА