Як жанчыны здабывалі Перамогу?

09.05.2025 | 16:53

Моцныя і адчайна смелыя, яны ўмелі любіць і быць адданымі — Радзіме і тым, каго ратавалі, рызыкуючы жыццём. Умелі ненавідзець — ворага, які прынёс на нашу зямлю самую крывавую ў гісторыі вайну. 


Ад першых дзён Вялікай Айчыннай да пераможнага мая 1945-га сотні тысяч жанчын, апрануўшы салдацкія шынялі, усталі ў строй. На акупіраваных тэрыторыях адважныя партызанкі і падпольшчыцы не давалі фашыстам ні хвіліны спакою. 

— У падполлі і партызанскіх атрадах на тэрыторыі Беларусі змагаліся з ворагам 374 тысячы чалавек, сярод іх каля 70 тысяч жанчын, — прывяла лічбы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганна Лукашэвіч.

Выпускніца Маша, піянерка Люся

На акупіраванай тэрыторыі фашысты ўсталявалі свой злачынны «новы парадак». Часткай яго сталі публічныя пакаранні смерцю для застрашвання насельніцтва. У Мінску першае такое пакаранне было ўчынена 26 кастрычніка 1941 года. Нядзельнай раніцай групу падпольшчыкаў (усяго 12 чалавек) павесілі ў чатырох публічных месцах сталіцы, каб як мага больш яе жыхароў трымцелі перад новай уладай. Нацысты не пашкадавалі ні жанчын, ні падлеткаў. Сярод загінулых у той дзень — 16-гадовая выпускніца мінскай школы Марыя Брускіна, школьнік Уладзімір Шчарбацэвіч (хлопчыку было ўсяго 14) і яго маці — Вольга Шчарбацэвіч.

Дошчачкі на грудзях патрыётаў на рускай і нямецкай мовах сцвярджалі, што гэтыя людзі — партызаны і стралялі па германскіх войсках. Насамрэч Вольга Фёдараўна Шчарбацэвіч, да вайны — супрацоўніца 3-й бальніцы Мінска, стала адной з арганізатараў падпольнай групы па выратаванні савецкіх ваеннапалонных. Разам з Машай Брускінай яны здабывалі медыкаменты, перавязачныя матэрыялы для параненых чырвонаармейцаў. Падпольшчыкі выходжвалі іх у лазарэце, дапамагалі збегчы адтуль, забяспечвалі цывільным адзеннем, дакументамі і выводзілі з акупіраванага Мінска. Героі былі схоплены па даносу здрадніка і павешаны. 

В.Щербацевич с матерью О.Ф.Щербацевич.jpg

Але рэпрэсіі не маглі зламаць дух патрыётаў. У барацьбу ўступалі цэлымі сем’ямі. Сакратар Сталінскага падпольнага райкама КПБ Мінска Назар Герасіменка быў пакінуты ў акупіраваным горадзе для арганізацыі падполля. Актыўнымі яго ўдзельніцамі сталі жонка і дачка — Таццяна і Люся Герасіменкі. У іх кватэры на Нямізе была арганізавана канспіратыўная яўка. Тут падпольшчыкі абмяркоўвалі дыверсіі, захоўвалі зброю і медыкаменты. Падчас канспіратыўных сустрэч адзінаццацігадовая Люся гуляла на вуліцы, але насамрэч уважліва сачыла за абстаноўкай. Калі заўважала нямецкі патруль, пачынала напяваць пэўную песню. Дзяўчынка таксама выконвала розныя даручэнні бацькі.

Сям’я патрыётаў патрапіла ў лапы фашыстаў у 1942-м. Маці і дачку выклікалі на допыты, жорстка збівалі. Аднойчы Люся ўбачыла ў натоўпе зняволеных таварыша свайго бацькі і шапнула яму: «Перадайце тату, што мы з мамай нічога не сказалі». Таццяна Данілаўна і Люся загінулі ў «душагубцы» (мабільнай газавай камеры) у верасні 1943 года.

Бомба для гаўляйтара

Па словах Ганны Лукашэвіч, толькі ў адным Мінску было здзейснена звыш паўтары тысячы дыверсій, у тым ліку ўнікальная аперацыя па ліквідацыі генеральнага камісара Беларусі гаўляйтара Вільгельма Кубэ. Яе ажыццявілі Марыя Осіпава, Алена Мазанік і Надзея Траян. 

Ураджэнка Мінскай вобласці Алена Мазанік перад вайной працавала афіцыянткай у сталовай ЦК КПБ. У чэрвені 1943 года ўладкавалася пакаёўкай у асабняк, дзе жыў кіраўнік гітлераўскай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі Вільгельм Кубэ з сям’ёй. Алена Мазанік стала непасрэдным выканаўцам аперацыі — менавіта ёй удзельніца Мінскага антыфашысцкага падполля, сувязная партызан Марыя Осіпава перадала магнітную міну. Штохвілінна рызыкуючы быць выкрытай, Мазанік пранесла смяротны «падарунак» у дом і падклала ў спальню гаўляйтара. У ноч на 22 верасня 1943 года выбух знішчыў нацыста, які прынёс незлічоныя беды жыхарам Беларусі.

6 Е.Г. Мазаник.jpg

У падрыхтоўцы аперацыі (яна насіла назву «Адплата») удзельнічала вядомая савецкая разведчыца Надзея Траян, ураджэнка Віцебшчыны. З пачаткам вайны яна ўступіла ў барацьбу з ворагам у складзе маладзёжнай падпольнай групы на торфзаводзе ў Смалявічах. З 1942 года — сувязная, затым разведчыца партызанскай брыгады «Дзядзькі Колі», якая дзейнічала ў Мінскай вобласці. На рахунку Надзеі — шматлікія баявыя аперацыі.

13 Троян Н.В..jpg

Перад выбухам Марыя Осіпава і Алена Мазанік пакінулі Мінск — сышлі да партызан. Разам з Надзеяй Траян самалётам з партызанскай базы былі перапраўлены ў Маскву. Усе тры жанчыны за гэты подзвіг удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

9 Осипова.jpg

Азарыцкае пекла

Лагеры загараджальнага тыпу былі створаны фашыстамі каля пасёлка Азарычы вясной 1944 года. Нацысты зганялі туды мірнае насельніцтва — жанчын, дзяцей і старых. У вельмі цяжкіх умовах у лагерах утрымлівалася каля 50 тысяч чалавек. Гэта было сапраўднае пекла, людзі паміралі ад голаду, холаду, хвароб. Вязняў фактычна зрабілі бактэрыялагічнай зброяй — нацысты наўмысна заражалі іх сыпным тыфам, каб пры вызваленні лагера эпідэмія распаўсюдзілася сярод чырвонаармейцаў.

Вясной 1944 года воіны 65-й арміі 1-га Беларускага фронту вызвалілі 33 тысячы вязняў азарыцкіх лагераў, сярод іх 16 тысяч дзяцей. У іх выратаванні ўдзельнічалі франтавыя медыкі, у тым ліку Яўгенія Сяркова, начальнік трэцяга аддзела ваенна-санітарнага ўпраўлення ў складзе 65-й арміі. Ураджэнка Цюменскай вобласці, з 1939 года займала пасаду намесніка наркама аховы здароўя Беларусі. У пачатку вайны эвакуіравала дзіцячыя бальніцы з Мінска. Дзякуючы ёй пры вызваленні Азарыцкіх лагераў была створана сетка палявых шпіталяў, у якія змяшчалі знясіленых і хворых людзей. Рызыкуючы жыццём, Яўгенія Яўстаф’еўна аказвала ім першую меддапамогу, лячыла ад тыфу. За выратаванне вязняў лагера «Азарычы» Яўгенія Сяркова была ўзнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені.

Серкова_КП 42696 копия.jpg

Прыйшла, каб забіць вайну

Дайсці да Берліна марылі ў франтавых акопах, з гэтай думкай узнімаліся ў неба экіпажы самалётаў і ішлі ў атаку танкісты. Ураджэнка Мінскай вобласці Соф’я Кунцэвіч, лейтэнант медыцынскай службы, камандзір санітарнага ўзвода 261-й стралковай дывізіі, марыла дажыць да васемнаццацігоддзя... Дзяўчына пайшла на фронт добраахвотна ў 17 гадоў. З-за мініяцюрнага целаскладу таварышы называлі Соф’ю «Верабейкам» альбо «Кнопкай». У 1942 годзе на Паўночным Каўказе за 4 дні яна вынесла на сабе з поля бою 147 параненых разам з асабістай зброяй. Соф’я Кунцэвіч не чакала, калі скончыцца атака, — яна паўзла пад агнём і падбірала параненых. Дзяўчына не толькі адзначыла сваё паўналецце, але прайшла з баямі ад Каўказа да Берліна, дзе пакінула запіс на сцяне рэйхстага, у якім гаварылася: яна, Соф’я Кунцэвіч, прыйшла ў Берлін, каб забіць вайну.

Кунцевич_Софья_Адамовна.jpg

Іх вобразы натхняюць нас і сёння. Подзвіг жанчын Вялікай Айчыннай сведчыць: няма межаў для нязломнага чалавечага духу.

Алена БРАВА

Фота прадастаўлена Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю