Top.Mail.Ru

Як жыхары двух дамоў стварылі пляцоўку для ўсіх узростаў

«Казачны двор» на Любімава

На праспекце Любімава, 19/1 і 19/2,на мінулым тыдні прайшло сапраўднае свята. Тут адкрылася абноўленая дзіцячая пляцоўка, якая з’явілася дзякуючы грамадзянскай ініцыятыве. Больш як 200 чалавек — ад маладых мам да пажылых бабуль — аб’ядналіся, каб ператварыць стары двор у сучасную прастору для дзяцей і дарослых.

Ідэі, якія аб’ядноўваюць

Як растлумачыла намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні ЖКГ № 1 Маскоўскага раёна Юлія Яўстратава, работы былі комплекснымі.

«Жыхары звярнуліся да нас з ініцыятывай, а мы толькі „за“, — расказвае Юлія Яўстратава. — Дапамаглі падабраць абсталяванне, распрацавалі праект, сабралі дакументы. Але асноўную актыўнасць праявілі самі жыхары».

На грамадзянскую ініцыятыву «Казачны двор» па праспекце Любімава былі выдзелены грошы з бюджэту — 42 688,87 рубля, астатнія 10 % ад кошту — сабралі жыхары двара

На тэрыторыі двара з’явілася новае асфальтавае пакрыццё, модульная канструкцыя для збору смецця. Адрамантавалі існуючую спартыўную пляцоўку, паставілі новыя лаўкі і ўрны. Пешаходныя дарожкі выклалі новай дробнафарматнай пліткай. Галоўная фішка — сцежка для катання на роліках і самакатах.

А пачалося ўсё з маладой мамы Аляксандры Берагейкі, якая пераехала ў гэты двор два гады таму, пасля нараджэння сына. Старая дзіцячая пляцоўка не задавальняла.

«Людзі аказаліся вельмі добрымі, адкрытымі. Мы сабралі невялікі калектыў аднадумцаў і вырашылі, што будзем удзельнічаць у грамадзянскай ініцыятыве», — расказвае Аляксандра.

Жыхары дома дапамагалі грашыма і справай. «Ініцыятыва атрымала назву „Казачны двор“. Мы хацелі, каб тут было ўтульна і дзецям, і дарослым, — кажа Аляксандра. —

Удзельнічала больш як 200 чалавек. Нават бабулі, у якіх унукі ўжо выраслі, уносілі свае сродкі». 

Жыхар двара Яўген Бяспалаў, у якога падрастае сямігадовы сын-першакласнік, таксама актыўна ўдзельнічаў у ініцыятыве.

«Хадзіў па сваім пад’ездзе ад першага да дзявятага паверхаў, збіраў галасы», — расказвае Яўген.

Яго сын ужо паспеў апрабаваць новае абсталяванне. «Усё падабаецца, усё класна», — усміхаецца малады бацька. Але на гэтым мужчына не спыняецца. У яго ўжо ёсць новая ідэя для двара.

«Хацелася б яшчэ абгарадзіць футбольную пляцоўку сеткай, як у сучасных раёнах, — дзеліцца ён. — Спадзяюся, гэта ідэя таксама знойдзе падтрымку».

Пенсіянерка Вера Ждановіч жыве ў гэтым двары з 1989 года. Жанчына з цеплынёй успамінае, як усё адбывалася: «Я была здзіўлена, што трэба было сабраць толькі 10 % ад бюджэту. Астатняе — падтрымка дзяржавы. Гэта вельмі вялікая дапамога, — кажа Вера Ждановіч. — Мы таксама скідваліся, нават дачка, якая жыве ў іншым раёне. Дзякуй нашым уладам — і гарадскім, і раённым — і краіне ў цэлым, і Прэзідэнту. Для нашых дзяцей створана будучыня», — кажа Вера Ждановіч.

«Дзяцей нельга было спыніць»

На адкрыцці ініцыятывы прысутнічала Дар’я Прановіч — шматдзетная мама: старэйшаму сыну восем гадоў, а малодшай дачцэ Алівіі ўсяго тры месяцы. Яна расказвае, што ініцыятыва змяніла не толькі двор, але і адносіны паміж суседзямі.

«Кожны быў далучаны да гэтай справы. У нас быў вялікі аб’ём работы, які ўсіх з’яднаў, як каманду, — расказвае Дар’я. — Дзеці дапамагалі, нават трохмесячная дачушка заўсёды была з намі», — усміхаецца шматдзетная маці.


А галоўныя ацэншчыкі — дзеці, для якіх гэта пляцоўка і стваралася. Соня Бальшынава, вучаніца 4 «В» класса, і дзесяцігадовая Ксюша Яўковіч адразу паспрабавалі ўсе лакацыі і засталіся задаволеныя створанай пляцоўкай. «Усё падабаецца, але больш — круглыя вяровачныя гушкалкі», — падзяліліся яны.

Не засталася ў баку ад сумеснай ініцыятывы і Кацярына Шаўня, жыхарка двара, мама 8-гадовага сына: «Мы вельмі задаволеныя. Вялізная падзяка ўсім бацькам, хто браў удзел. З такім калектывам верылася ў поспех. Усе дружна, разам працавалі, усе малайцы».

І падштурхоўваць нікога не трэба

На святочным адкрыцці пляцоўкі прысутнічаў кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёна, дэпутат 27-й Рафіеўскай акругі Сяргей Рубанаў. Ён падкрэсліў, што такія праекты — вынік цеснага ўзаемадзеяння ўлады і жыхароў.

«Практыка грамадзянскіх ініцыятыў развіваецца вельмі актыўна. Мы падштурхоўвалі ініцыятараў, а цяпер яны самі ідуць да нас і прапануюць развіццё тэрыторый», — адзначыў дэпутат.

Па словах старшыні Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцёма Цурана, актыўнае жыццё ў двары адраджаецца дзякуючы жыхарам. «Гэта арганізацыя сваёй прасторы з удзелам гарадскіх службаў, мясцовых улад, адміністрацыі раёна. Жыхары прайшлі разам пэўны шлях, каб гэта пляцоўка з’явілася. І што мы сёння бачым? Людзі пасябравалі, пазнаёміліся і самі абсталявалі свой двор. Вядома, не без дапамогі ЖКГ і гарадскога Савета дэпутатаў. Калі пляцоўка пастаянна карыстаецца попытам і двор ажыў з новым абліччам, значыць, усё выканалі правільна», — рэзюмаваў Арцём Цуран.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю