Адразу восем прадпрыемстваў Мазырскага раёна ўдастоіліся занясення на абласную Дошку гонару па выніках спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці за 2024 год. І гэта, сапраўды, знакава: Мазыршчына аказвае важкі ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё не толькі Гомельскай вобласці, але і краіны ў цэлым. Між тым раён штогод ставіць перад сабой усё больш складаныя задачы, шукае новыя кропкі росту, якія дазволяць вывесці яго эканоміку, а як вынік і сацыяльную сферу — на новы ўзровень.
Курс на развіццё
Як звяртае ўвагу старшыня Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Алена Паўлечка, менавіта на Мазыршчыне — адным з самых буйных прамысловых раёнаў Гомельскай вобласці — дзейнічаюць прадпрыемствы, якія прадстаўляюць практычна ўсе галіны народнай гаспадаркі: нафтаперапрацоўку, вытворчасць малочных і мясных прадуктаў, солі, машын і абсталявання, кабеляў, швейных вырабаў...
— У аб’ёме прамысловай вытворчасці Гомельскай вобласці доля Мазырскага раёна складае больш за 40 %. Гэта важкі паказчык, але, вядома, мы не спыняемся на дасягнутым, рухаемся наперад, — падкрэслівае Алена Паўлечка. — Ад сельскай гаспадаркі да прамысловасці, будаўніцтва, гандлю, сацыяльнай сферы... Усюды мы павінны прырастаць і ствараць камфортныя ўмовы для развіцця нашых прадпрыемстваў і арганізацый.
Кіраўнік раёна пераканана, што трымаць высокую планку раёну шмат у чым дапамагае зладжаная сумесная работа выканаўчай улады, кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, працоўных калектываў і жыхароў раёна ў цэлым.
— Вялікую ўвагу ўдзяляем рэалізацыі інвестпраектаў і інвестпраграм ва ўсіх галінах гаспадарання. У мінулым годзе было накіравана больш за 656 мільёнаў рублёў інвестыцый. Асноўны іх аб’ём укладзены ў знакавы праект рэспубліканскага ўзроўню — рэканструкцыю моста цераз раку Прыпяць — самага доўгага ў краіне. На гэты аб’ект накіроўваюцца значныя сродкі рэспубліканскага бюджэту. Праект стартаваў у канцы 2023 года, а завяршыць яго плануецца ўжо восенню. І гэта будзе не проста найважнейшы аб’ект, які злучае два берагі ракі, а сапраўднае ўпрыгажэнне набярэжнай Мазыра і ўсяго горада, — звяртае ўвагу старшыня райвыканкама.
Асновы для росту
У прамысловым сегменце чарговы маштабны інвестыцыйны праект па вытворчасці прапілену і поліпрапілену рэалізоўвае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Гэты доўгатэрміновы праект прынясе і дадатковыя працоўныя месцы, і паглыбленне ў працэсы нафтахіміі, і імпартазамяшчэнне, і пашырэнне экспарту.

Мадэрнізацыя, рэканструкцыя, тэхнічнае пераабсталяванне, адкрыццё новых ліній таксама працягваюцца на іншых прамысловых прадпрыемствах Мазыршчыны. Традыцыйна значная ўвага — інвестыцыйным праектам у сельскай гаспадарцы.
У 2024 годзе ўведзены два жывёлагадоўчыя аб’екты ў Мазырскім раёне і адзін — у Нараўлянскім. Гэта малочнатаварныя фермы, якія ўжо запоўнены пагалоўем цялушак, што дало адчувальны дадатак да аб’ёму вытворчасці малака.
— Па выніках мінулага года Мазырскі раён заняў 6-е месца ў краіне па прадукцыйнасці малочнага статка, Нараўлянскі — 25-е сярод 118 раёнаў. Паводле даных за першы квартал 2025-га, Мазырскі раён ужо на 5-м месцы, а Нараўлянскі — на 20-м. Гэта пацвярджае, што мы рухаемся ў патрэбным напрамку.
Рэнтабельнасць рэалізацыі малака складае больш за 28 %, і гэта вельмі добры патэнцыял, — падкрэслівае Алена Паўлечка.
Лідары ў будаўніцтве
У вёсцы Рудня Мазырскага раёна сёння важны праект па будаўніцтве новага малочнатаварнага комплексу рэалізоўвае «Саўгас-камбінат «Зара». Акрамя таго, для кожнага сельгаспрадпрыемства Мазыршчыны ставіцца задача — штогод узводзіць як мінімум адно памяшканне для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. І гэта заўсёды паспяхова рэалізоўваецца.
— Таксама ў аграсектары мы абнаўляем інфраструктуру, — дадае кіраўнік раёна. — Штогод на 10 % папаўняем машынна-трактарны парк, набываем новую тэхніку і абсталяванне, што дае магчымасць выконваць тэхналогіі і дабівацца высокіх вынікаў.
Алена Фёдараўна звяртае ўвагу: сёння на Мазыршчыне сапраўды будаўнічы бум.
— Прыярытэтны кірунак — будаўніцтва жылля: запланавана ўвядзенне больш як 75 000 квадратных метраў. Узводзіцца жыллё як для тых, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, так і для тых, хто гатовы ўдзельнічаць на камерцыйнай аснове праз упраўленне капітальнага будаўніцтва. Вядзём у тым ліку ўшчыльняльную забудову: у цэнтры Мазыра на месцы прыватнага сектара ўжо рэалізуюцца новыя праекты. З насельніцтвам праводзіцца работа, кампенсацыя ажыццяўляецца раўназначным жыллём у зручных мікрараёнах, — тлумачыць суразмоўца.
Сёння ў Мазыры вялікія сродкі накіроўваюцца і на аднаўленне важных аб’ектаў інфраструктуры: замяняюцца цеплатрасы, водаправодныя сеткі. Праводзіцца капітальны рамонт больш за 55 000 квадратных метраў жыллёвага фонду.

У горадзе будуюцца новыя аб`екты ў сферы гандлю. Толькі гэтай вясной адкрыліся два буйныя гандлёвыя цэнтры па продажы будаўнічых матэрыялаў, на чарзе трэці — «Глобал».
Бізнес-вектар
Між тым сёння каля 68 % прадукцыі прамысловага сектара Мазыршчыны ідзе на экспарт. Экспартны патэнцыял Мазырскага раёна ў асноўным арыентаваны на расійскі рынак. У Расійскую Федэрацыю экспартуюцца соль, прадукцыя нафтахіміі, апрацаваная драўніна, пліты ДВП і ДСП, ламінат і іншая прадукцыя. Актыўна Мазыршчына развівае дзелавыя кантакты з Кітайскай Народнай Рэспублікай: пастаўляецца сухое малако, адпрацоўваюцца пастаўкі тварожнай і мясной прадукцыі. Свой вектар развіцця экспарту склаўся з Казахстанам і Узбекістанам — гэта напрамак машынабудавання.
— Удзельнічаем у бізнес-выставах, запрашаем да нас у раён партнёраў, абмяркоўваем тэхналогіі і тыя тавары ды паслугі, якія можа прадаставіць Мазыршчына. Увогуле мы заўсёды імкнёмся своечасова заняць новыя рыначныя нішы, бо ўсё, што зроблена на прадпрыемствах Мазыра, — гэта высокай якасці прадукцыя, якую даўно ведаюць не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі, — падкрэслівае Алена Паўлечка.
Фота Лізаветы ГОЛАД і Алены ДАЎЖАНОК