Top.Mail.Ru

Як жыве каледж-філіял Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі

Сёлета Мінскі радыётэхнічны каледж адзначыў свой 65-гадовы юбілей. Многія яго выпускнікі паспяхова прымяняюць атрыманыя ва ўстанове адукацыі веды практычна ва ўсіх сферах тэхнічнай вытворчасці нашай краіны: мікраэлектроніка і нанаэлектроніка, радыётэхніка, мабільныя сістэмы сувязі, камп’ютарныя тэхналогіі і не толькі. Пра тое, як арганізаваны працэс навучання і чаму моладзь выбірае гэтую сферу дзейнасці, мы даведаліся, адправіўшыся па адрасе пр. Незалежнасці, 62, — менавіта тут і знаходзіцца каледж.
  


Тут ажыццяўляецца падрыхтоўка па двух профілях: «Інжынерныя, апрацоўчыя і будаўнічыя галіны», а таксама «Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі». Усе восем спецыяльнасцяў, па якіх вядзецца набор на дзённую форму атрымання адукацыі, вельмі запатрабаваныя. Сярод іх — «Праграмна-тэхнічнае забеспячэнне лічбавых прылад», «Праграмаванне мабільных прылад», «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм», «Вытворчасць электронных прылад», «Тэхнічная эксплуатацыя электронных прылад», «Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі», «Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў вылічальнай тэхнікі». Акрамя таго, упершыню ў Беларусі тры гады таму менавіта ў Мінскім радыётэхнічным каледжы (далей — МРК) была адкрыта спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы».

Таксама ў каледжы ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў, якія абралі дыстанцыйную форму навучання. Спецыяльнасць адна — «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм». Для арганізацыі адукацыйнага працэсу тут створаны тры аддзяленні: радыётэхнічнае, электронікі і камп’ютарных тэхналогій. А дыстанцыйная форма навучання нічым не саступае дзённай: студэнты прысутнічаюць на занятках, камунікуюць, але пры дапамозе сучасных тэхнічных сродкаў — камп’ютараў, планшэтаў... Дыстанцыйнай формай навучання, дарэчы, нярэдка карыстаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усяго сёння ў каледжы навучаюцца 1374 студэнты.

Дырэктар Мінскага радыётэхнічнага каледжа Вікторыя ШАТАЛАВА расказала, што па выніках сёлетняй прыёмнай кампаніі самы нізкі прахадны бал на адну са спецыяльнасцяў атрымаўся 8,7. «На спецыяльнасці інфармацыйна-камунікацыйнага профілю цягам трох гадоў прахадны бал — 10,0, — адзначыла дырэктар. — З улікам павелічэння бюджэтных месцаў сёлета ён знізіўся да 9,8. Што пацвярджае: матываваная моладзь выбірае гэтую ўстанову адукацыі свядома, а да паступлення адказна рыхтуецца яшчэ са школы. Студэнтаў мы сваіх развіваем усебакова: гэта і звычайныя заняткі, і спартыўная дзейнасць, і творчасць, і дабрачыннасць».


Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў каледжы ажыццяўляецца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій і тэхнічнага абсталявання. Тут функцыянуе Цэнтр кампетэнцый, чатыры лабараторыі — інтэлектуальных электронных сістэм, сістэм аўтаматызаванага праектавання, аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і лабараторыя электрамантажу. У іх працуюць разам дасведчаныя педагогі і зацікаўленыя студэнты. Гэта дае пэўныя станоўчыя вынікі: створаныя навучэнцамі ўнікальныя праекты ўдзельнічаюць і займаюць прызавыя месцы на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, рэспубліканскіх конкурсах, конкурсах прафесійнага майстэрства, форумах і не толькі.

Калі веды прымяняюцца на практыцы

Заспець некаторых студэнтаў нам удалося ў Цэнтры кампетэнцый. Цікава было паглядзець, над чым цяпер працуе моладзь, і даведацца, чаму студэнты выбралі навучанне менавіта тут. Яны ў сваю чаргу з ахвотай расказалі.

Так, трэцякурснік Раман СЯЎРУК прэзентаваў навінку — аўтатрэнажор, які сімулюе кіраванне аўтамабілем. Ён быў створаны ў пары з аднагрупнікам Міхаілам КАЛУПАЕВЫМ. «Распрацоўка цікавая: ёсць педалі, каробка перадач, руль — усё як у сапраўднай машыне. Яна можа выкарыстоўвацца ў аўташколах для трэніровак, — кажа Раман. — З дзяцінства захапляюся аўтамабілямі, заўсёды бачыў сябе кіроўцам. Пакуль што мне 17 гадоў, таму гэта яшчэ наперадзе». Магчыма, з гэтай распрацоўкай хлопцы сёлета будуць удзельнічаць у праекце «100 ідэй для Беларусі».

Раман адзначыў, што выбар прафесіі рабіў свядома, прыкладаў шмат намаганняў, каб мець высокі сярэдні бал. Бацькі выбар сына падтрымалі, ганарацца, што ў іх вырас такі «генератар ідэй».

Трэцякурснік Аляксандр БЕЛЕНЬКІ прадставіў макет сістэмы «разумны дом». «Тут ёсць шторы, акно, датчык руху, тэмпературы... Можна ўстанаўліваць розныя рэжымы асвятлення — іх тут 8», — паказаў нам малады чалавек. Гэты праект можна лічыць групавым. У кожнага са студэнтаў была свая зона адказнасці: хтосьці займаўся асвятленнем, хтосьці — настройкай прылады.

Гаворачы аб працэсе навучэння, Аляксандр падкрэсліў яго разнастайнасць: «Нас вучаць і распрацоўваць код, 

і абараняць яго. На мой погляд, веды, якія з намі сапраўды застаюцца надоўга, пераважна набываюцца на лабараторных работах — там мы збіраем схемы, правяраем іх працаздольнасць, пішам коды. Але і тэорыя ў нашай справе — рэч не апошняя».

Студэнтка Марыя БУРАКОВА распрацавала сістэму бяспечнага пераходу праезнай часткі. «Прымяняць яе можна там, дзе не патрэбна пастаянная работа святлафора, рэдка праходзяць людзі, — расказала дзяўчына. — У аснову праекта ляглі нейрасеткі. Камера счытвае паблізу пешаходнага перахода чалавека, які збіраецца перайсці дарогу. Затым адпраўляе сігнал на святлафор, каб, адпаведна, для машын загарэўся чырвоны сігнал, а пешаходы маглі перайсці дарогу». Гэтая сістэма, расказала студэнтка, яшчэ ў дапрацоўцы, але ў хуткім часе таксама будзе падрыхтавана для прадстаўлення на конкурс.

«Тое, што навучанне ў каледжах практыка-арыентаванае, — бясспрэчны факт, — гаворыць Вікторыя Шаталава. — Асноўны ўпор у адукацыйным працэсе мы робім на магчымасць увасаблення ўсімі жадаючымі сваіх ідэй і праектаў. Новае, сучаснае, крэатыўнае, тэхналагічнае — тое, што нам патрэбна. Варта адзначыць, што палёт тэхнічнай думкі ў нашых студэнтаў неабмежаваны. Ідэй у іх шмат, а мы заўсёды гатовыя дапамагчы і падтрымаць».

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю