Аліна і Яўген Сачак разам пяты год, амаль тры з іх — у афіцыйным шлюбе. І ён, і яна заўсёды марылі аб вялікай сям’і — перад вачыма быў цёплы сямейны прыклад, дзе разам з імі выхоўваліся брацік і сястра. Ужо дарослымі людзьмі Аліна і Жэня стварылі сваю ячэйку грамадства, а плодам іх шчырага і чыстага кахання сталі сынок Цімафей і дачка Аліса.
Героі пазнаёміліся ў 2020 годзе. Жэня, як сапраўдны кавалер, стаў актыўна заваёўваць сэрца дзяўчыны. Аліна, адчуўшы сябе побач з ім як за каменнай сцяной, не стала супраціўляцца. Праз два гады пара пажанілася. Не сталі маладыя цягнуць з нараджэннем дзяцей, у хуткім часе з’явіўся першынец Цімафей.
«Станавіцца мамай у 23 гады было зусім нястрашна. Мы рыхтаваліся да гэтага, планавалі. Цяжарная, я вывучала шмат літаратуры, праходзіла адпаведныя курсы. У першыя дні пасля нараджэння сына, вядома, было складана: баялася няправільна ўзяць дзіця, нашкодзіць. Аднак калі жанчына становіцца мамай, быццам бы прырода сама, як тумблер, уключае ўсё неабходнае», — расказвае Аліна.
Плануючы папаўненне, маладая сям’я спадзявалася толькі на свае сілы. І не таму, што чакаць дапамогі не было ад каго: бабулі і дзядулі з абодвух бакоў заўсёды гатовы падставіць сужэнцам плячо, — а таму, што поўнасцю ўсведамлялі: іх дзеці — толькі іх адказнасць.
Сям’і Сачак пашчасціла: сынок Цімафей аказаўся надзвычай ціхім і паслухмяным дзіцем, таму Жэня і Аліна сталі планаваць дачку. «Паміж старэйшым і малодшай розніца ў год і пяць месяцаў, і мы так захацелі самі. Па-першае, сын даволі самастойны, можа гуляць сам. Па-другое, хацелася нічога не забыць і не страціць навыкі догляду нованароджанага.
І адкажу адразу: не, мне не складана. Канешне, цяпер у сына ідзе актыўнае адстойванне самастойнасці ў сувязі з крызісам двух гадоў, а ў цэлым дзеці добра ладзяць, гуляюць разам. У маі Цімафей ужо пойдзе ў дзіцячы садок», — дзеліцца маладая мама.
За два з паловай гады знаходжання ў дэкрэтным адпачынку Аліна прызнаецца, што не стамілася, аднак гэта ўсё роўна напружаная штодзённая, нават штохвілінная праца. Вялікую дапамогу ў выхаванні малых ёй аказвае муж, які і пасля працоўнага дня замяняе жонку бяссоннымі начамі. Каб не засумаваць дома і не страціць свае творчыя навыкі (Аліна па прафесіі мастак-афарміцель-дызайнер інтэр’ера), яна пляце на заказ прадметы інтэр’ера, а з нядаўняга часу яшчэ і стварае развівальныя гульні для дзяцей. Але гэта, па словах маладой мамы, не столькі для дадатковага заробку, колькі для душы.
«На дваіх дзяцей я атрымліваю звыш 1800 рублёў дзяржаўнай дапамогі, больш за дзве тысячы зарабляе муж у адной з будаўнічых арганізацый. Нам гэтага хапае для камфортнага жыцця, тым больш што ёсць сваё жыллё. Мы прадалі двухпакаёку ў цэнтры горада і набылі трохпакаёвую кватэру ў спальным раёне, каб у кожнага з малых была свая прастора і ўсім хапала месца», — расказвае гераіня.
Калі Аліна і Жэня пазнаёміліся, то адразу вырашылі, што іх сям’я будзе вялікай і шчаслівай. Цяпер маладым 25 і 26 гадоў, і іх мара ўжо спраўдзілася. «Не задумваліся над тым, каб пайсці па трэцяе?» — з усмешкай пытаюся ў гераіні, у сэрцах захапляючыся яе смеласцю. «Была такая размова з мужам, і, магчыма, праз пэўны прамежак часу мы адважымся на гэты крок. Але ў найбліжэйшай перспектыве — не, бо, як ні круці, але працаваць мамай пагодкаў „24 на 7“ усё ж такі складана», — прызнаецца Аліна.
Усім, хто баіцца ствараць сям’ю і нараджаць дзяцей у маладым узросце, пара раіць унутрана вызначыцца з жыццёвымі мэтамі. Камусьці як мінімум да 30 неабходна быць свабодным ад вузаў шлюбу, а хтосьці, як нашы героі, марылі аб уласнай сям’і з юнацтва. «І я, і Жэня па натуры спакойныя людзі. Ніколі сэнс нашага жыцця не заключаўся ў шумных кампаніях і бясконцых вечарынах. Таму гаварыць аб тым, што хтосьці з нас не нагуляўся, нельга. Мы нічога не страцілі пасля стварэння сям’і, а толькі набылі: адно аднаго, два сонейкі. А маладым дзяўчатам хачу сказаць: калі ў вас ёсць муж, яго падтрымка і дапамога, то баяцца няма чаго. Быць мамай — найвялікшае шчасце», — заключыла Аліна.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з архіва сям’і