Top.Mail.Ru

Як зменіцца Белаазёрск да абласных «Дажынак»?

На «Дажынках» у Мікашэвічах 5 кастрычніка мінулага года была аб’яўлена сёлетняя сталіца свята хлебаробаў Брэстчыны — Белаазёрск. Горад энергетыкаў, які ўзнік у сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ГРЭС, у 2025-м рыхтуецца адзначыць сваё 65-годдзе. А значыць, ёсць двайная нагода абнавіць, упрыгожыць горад, стварыць новыя, патрэбныя людзям аб’екты і лакацыі.


Як расказаў карэспандэнту газеты старшыня Белаазёрскага гарвыканкама Уладзімір Піліпец, работы па добраўпарадкаванні горада пачаліся ў канцы зімы і вядуцца ў адпаведнасці з планам. Днямі горад наведаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, які азнаёміўся з ходам работ, правёў нараду з кіраўнікамі службаў і ведамстваў.

Адным з першых аб’ектаў, куды накіравалася рабочая група з вобласці, быў корпус з басейнам аздараўленчага цэнтра «Энергія» РУП «Брэстэнерга». Названы цэнтр працуе даўно, ён узводзіўся як установа для аздараўлення працаўнікоў электрастанцыі. І новы корпус, дзе будзе размешчаны сучасны басейн з усёй патрэбнай інфраструктурай, будуецца за кошт сродкаў Мінэнерга. Але басейн узводзіцца з прыцэлам на ўвесь горад з насельніцтвам 10 800 чалавек. Як растлумачыў Уладзімір Піліпец, плаваннем змогуць займацца вучні ўсіх трох школ, а таксама кожны ахвотны жыхар атрымае магчымасць правесці вольны час з карысцю для здароўя.

Будаўнікі паведамілі губернатару, што басейн прыме сваіх першых наведвальнікаў ужо ў ліпені, а ўрачыстае адкрыццё яго плануюць прымеркаваць да Дня Незалежнасці краіны. Начальнік генпадраднай арганізацыі Бярозаўскай ПМК-3 Юрый Пунько адзначыў: будаўніцтва ідзе ў строгай адпаведнасці з графікам, на пляцоўцы працуе дастатковая колькасць людзей.

Паводле слоў мэра Белаазёрска, асаблівая ўвага ўдзяляецца абнаўленню Дома культуры. Будынак культурнай установы фактычна перажывае капітальны рамонт. Тут будуць абноўлены і фасад, і інтэр’ер. Паводле слоў Уладзіміра Піліпца, кіраўнік вобласці даручыў правесці ў Доме культуры кардынальныя змены, зрабіць яго максімальна камфортным і сучасным.

Пабывала рабочая група і ў гарадской бальніцы, дзе адрамантуюць фасады паліклінікі, хірургічнага і адміністрацыйнага карпусоў, а таксама харчовага блока, будуць праведзены замена дзвярэй, акон, рамонт лесвічных клетак, кабінетаў, калідораў, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Цяпер поўным ходам ідуць работы ў сярэдняй школе № 3 і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Запланавана добраўпарадкаванне 22 дваравых тэрыторый, асфальтаванне шэрагу вуліц, пракладка інжынерных камунікацый у новы мікрараён жылой забудовы. «Асаблівая ўвага — зонам адпачынку, — расказаў Уладзімір Піліпец. — Дарэчы, пустка насупраць басейна прыцягнула ўвагу Пятра Пархомчыка. Кіраўнік вобласці заўважыў, што тут так і просіцца невялікая зона адпачынку. Мы з калегамі параіліся і прыйшлі да высновы: на гэтым месцы можна ўладкаваць сквер альбо нават невялікі парк і назваць яго імем Героя Савецкага Саюза Іосіфа Свідзінскага. У нас ёсць вуліца, названая ў гонар былога франтавога разведчыка, а назвай парка мы яшчэ раз аддадзім даніну пашаны герою вайны».

Яшчэ адна зона для адпачынку арганізаваная ў раёне мясцовага возера, працягвае аповед Уладзімір Піліпец. Гэта ўлюбёная гараджанамі мясціна ўпрыгожыцца новымі элементамі інфраструктуры, тут з’явяцца новыя лаўкі, дарожкі, варкаўт-пляцоўка — адным словам, усё для таго, каб сям’ёй можна было камфортна адпачываць каля вады. Тым больш што возера размешчана ў рысе горада.

На нарадзе, якая адбылася пасля наведвання аб’ектаў кіраўніцтвам аблвыканкама, прадставілі план мерапрыемстваў па пераўтварэнні Белаазёрска. Змены пачынаюцца з уезду ў горад. Запланаваны рамонт вуліцы Шасэйнай, асфальтаванне названай вуліцы, аднаўленне тратуараў, уладкаванне дадатковых прыпыначных пунктаў. Перажывуць абнаўленне праспект Міру і вуліца Леніна, цэнтральная плошча горада. Маштабная рэканструкцыя адбудзецца ў гарадскім парку, з’явяцца дадатковыя паркоўкі. Новы выгляд набудуць гандлёвыя аб’екты: крамы «Універсам», «Надзея», «Дом гандлю», рэстаран, будынкі гарадскіх устаноў і арганізацый. Неўзабаве пачнецца бягучы рамонт дзясяткаў жылых дамоў.

«У справу падрыхтоўкі да „Дажынак“ уключыліся прадпрыемствы і арганізацыі горада, а таксама яго жыхары. Спадзяюся, што горад па-сапраўднаму расцвіце і прыме гасцей фестывалю-кірмашу, працаўнікоў вёскі ў новым сучасным абліччы. І ўсё зробленае будзе служыць людзям доўгія гады», — сказаў старшыня Белаазёрскага гарвыканкама.

Фота BEREZA.BY

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю