Адбылася прэс-канферэнцыя «Аналіз умоў надвор’я, якія склаліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2024 годзе. Вынікі маніторынгу атмасфернага паветра, паверхневых вод, глебы, радыяцыйнага маніторынгу». На мерапрыемстве падрабязна расказалі слухачам аб змяненні клімату нашай краіны за мінулы год.
Глабальнае пацяпленне клімату закранае і ўмовы надвор’я нашай краіны. Больш падрабязна пра нетыповыя для Беларусі тэмпературы паведаміла загадчыца аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду звестак Белгідрамета Вольга Бакланава.
— Варта адзначыць, што ў апошняе дзесяцігоддзе сярэднегадавая тэмпература паветра перавышае +8,5 °C пры гадавой норме +7,2 °C. Мінулы год стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў. Сярэдняя тэмпература склала + 9,5 °C, што вышэй за кліматычную норму на 2,3 °C. Многія маглі заўважыць, што тэмпература ў верасні была супаставіма з паказчыкамі ў летнія месяцы. Прычынай таму з’яўляецца магутны блакавальны антыцыклон над Еўрапейскай тэрыторыяй Расіі, які не прапускаў цыклоны і атмасферныя франты з Заходняй Еўропы, у выніку чаго паветраная маса паступала да нас са стэпаў Сярэдняй Азіі. Дарэчы, у жніўні былі зарэгістраваны трапічныя ночы: мінімальная тэмпература паветра за ноч складала мінімум +20 °С.
Аб сістэме маніторынгу атмасфернага паветра расказала загадчык службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена Мельнік.
— На гэты момант 26 прамысловых гарадоў ахоплены сеткай маніторынгу атмасфернага паветра. Назіранні вядуцца з дапамогай станцый з ручным адборам проб, аўтаматычных газааналізатараў з наборам сэнсарных прылад, якія дазваляюць атрымліваць дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу. Узровень забруджвання паветра за гэты год у асноўным ацэньваўся як «вельмі добры», «добры», «умераны». Доля больш дрэнных паказчыкаў была нязначная і назіралася падчас штылю, працяглай адсутнасці атмасферных ападкаў і іншых метэаз’яў, якія спрыяюць назапашванню забруджвальных рэчываў. З неспрыяльных з’яў можна адзначыць павышанае ўтрыманне ў паветры пылу. Аднак гэтая праблема паспяхова вырашалася дзякуючы прыцягненню камунальных службаў да паліву дарог. Негатыўнымі момантамі таксама сталі высокі ўзровень забруджвання паветра фармальдэгідам ў летні час і павелічэнне ўтрымання прыземнага азону. У летні час абодва гэтыя рэчывы з’яўляюцца другаснымі ўтварэннямі ад узаемадзеяння іншых забруджвальнікаў.
Вядучы інжынер службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Анастасія Жэдзь падзялілася інфармацыяй аб стане вод на тэрыторыі Беларусі.
— За 2024 год стан паверхневых вод характарызуецца як «добры». Асноўнымі кампанентамі, якія і вызначаюць якасць вод, як і ў мінулы год, застаюцца біягенныя рэчывы, але колькасць перавышэнняў нарматываў па іх нязначная. Найбольшая колькасць такіх выпадкаў адзначана ў рэках Заходні Буг і Прыпяць. Павышанае ўтрыманне металаў, адзначанае яшчэ летась, засталося без змены, — расказала спецыяліст.
— За 2024 год было выканана каля 25000 вымярэнняў на пунктах назірання, прытым вымярэнне магутнасці гама-выпраменьвання праводзіліся штодня. За гэты год не выяўлена ніводнага выпадку перавышэння гэтага паказчыка. Радыяцыйная абстаноўка на тэрыторыі, якая адносіцца да зоны з правам на адсяленне, захоўвае пазітыўную тэндэнцыю да паступальнага зніжэння, — паведаміў аб выніках радыяцыйнага маніторынгу намеснік начальніка Белгідрамета Аляксандр Трусаў.
Спікеры таксама адзначылі, што на зіму і вясну 2025 года прагназуецца павелічэнне тэмператур у параўнанні са звычайнымі паказчыкамі і павышаная колькасць ападкаў.
Марыя САМАЛЬ
Прэв’ю: з адкрытых крыніц