Top.Mail.Ru

Як змянілася жыццё ў Заходняй Беларусі пасля вызвалення

«Мінулы год быў годам вялікай творчай работы»

«Сён­ня слаў­ная га­да­ві­на з'ед­нан­ня бе­ла­рус­ка­га на­ро­да» — пад та­кой наз­вай вый­шаў ну­мар «Звяз­ды» 17 ве­рас­ня 1940 года. Га­зе­та пі­са­ла пра тое, як маш­таб­на ад­зна­ча­ец­ца свя­та ў роз­ных на­се­ле­ных пунк­тах, да­ва­ла ўспа­мі­ны ўдзель­ні­каў Вы­зва­лен­ча­га па­хо­ду, жы­ха­ры За­ход­няй Бе­ла­ру­сі па­раў­ноў­ва­лі но­вае жыц­цё з па­пя­рэд­нім. У шэ­ра­гу ну­ма­роў га­зе­та па­ве­дам­ля­ла, якая ве­лі­зар­ная ра­бо­та бы­ла здзейс­не­на за да­во­лі ка­рот­кі час, не­ка­то­рыя аў­та­ры на­ват пры­зна­ва­лі­ся: «Пе­ра­ста­еш ве­рыць ка­лен­да­ру, ня­ўжо прай­шоў толь­кі адзін год? Хі­ба ўсе гэ­тыя зме­ны ў лю­дзях, у іх жыц­ці маг­лі ад­быц­ца за якіх-не­будзь 360 дзён?».

Сацыялістычная сістэма гаспадаркі

«Мінулы год быў годам вялікай творчай работы. Скрозь і ўсюды адбыліся карэнныя змены. На поўны ход запрацавалі фабрыкі і заводы. Створаны буйныя прадпрыемствы. Палепшаны матэрыяльна-бытавыя ўмовы рабочых. Сярод рабочых разгортваецца соцыялістычнае спаборніцтва», — падводзіліся вынікі ў перадавіцы 17 верасня 1940 года. 

Пра хуткі рост прамысловасці заходніх абласцей сведчылі лічбы: «валавой прадукцыі выпушчана на суму 450 мільёнаў рублёў у цэнасным выражэнні, або на 195 проц. больш супроць 1938». Хуткімі тэмпамі развіваліся ў заходніх абласцях абутковая, шкляная, скураная, тэкстыльная прамысловасць. Створаны новыя прадпрыемствы будаўнічай, харчовай, керамічнай, лесаапрацоўчай і іншых галін. Як заўважыў у сваім выступленні сакратар ЦК КП (б) 

Беларусі Панцеляймон Панамарэнка, «соцыялістычная сістэма гаспадаркі за адзін год зусім змяніла аблічча прадпрыемстваў прамысловасці. Прадпрыемствы расшыраны, тэхнічна аснашчоны, механізіраваны, вышлі з застою». Ён падкрэслівае, што «найвялікшае значэнне падзей верасня 1939 года для Беларусі заключаецца ў тым, што ў выніку гэтых падзей адбылося з’еднанне ўсяго беларускага народа ў адзінай дзяржаве. Беларуская Совецкая Соцыялістычная Рэспубліка як па тэрыторыі, так і па насельніцтву вырасла ўдвая і ператварылася ў рэспубліку з 10,5-мільённым насельніцтвам, пераўзыходзячую па колькасці насельніцтва і тэрыторыі многія існаваўшыя і існуючыя еўрапейскія дзяржавы».

Значныя змены адбыліся ў сельскай гаспадарцы. «За год паміж батракамі, беднякамі і сераднякамі размеркавана 439 тысяч гектараў ворыўнай зямлі. Больш 20 тысяч сялян упершыню ў сваім жыцці знялі з атрыманай зямлі ўраджай». 

У заходніх абласцях Беларусі арганізавана 100 МТС з паркам у 950 трактароў, 1590 атаўмашын, 300 сеялак, 843 трактарныя плугі, 438 культыватараў, 300 складаных малатарань. «На палях соўгасаў, створаных у гэтым годзе, паявіліся совецкія камбайны, якіх наогул не ведала панская Польшча. Трактары і камбайны выклікалі да жыцця новыя прафесіі ў вёсцы: трактарыстаў, камбайнёраў, машыністаў. Ужо ў гэтым годзе падрыхтавана з мясцовага насельніцтва да паўтары тысячы трактарыстаў і камбайнёраў». Было арганізавана 605 калгасаў, у якія ўступіла звыш 30 тысяч сялянскіх двароў.

«Непазнавальным стала жыццё»

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Канстанцін Длугашэўскі параўноўваў. «Жудасным было жыццё сялянства Палесся. Беззямелле, голад, хваробы, здзекі — было лёсам сярмяжнага Палесся. 90 відаў розных падаткаў вымушаны былі плаціць сяляне польскім панам». З устанаўленнем савецкай улады сяляне вобласці атрымалі былых памешчыцкіх і асадніцкіх зямель 160.335 гектараў. На працягу 

8 месяцаў у вобласці арганізаваны 73 калгасы. Длугашэўскі гаворыць пра выгоды працы на зямлі, прыводзіць прыклад калгаса імя 17 верасня, Высокаўскага раёна. «Калгаснікі гэтай сельгасарцелі сёлета пры канчатковым размеркаванні даходаў атрымаюць па 10 кілограмаў зернавых, 20 кілограмаў бульбы, 5 рублёў грашыма на працадзень». З розных вёсак у «Звязду» ідуць лісты: людзі расказваюць пра новае жыццё, пра тое, як на месцах успрымаюць савецкую форму гаспадарання на зямлі. «Мы толькі авансам зерня атрымалі столькі, колькі ніколі не збіралі са сваіх вузкіх палосак», — расказалі прадстаўнікі сельгасарцелі імя Чкалава Мядзельскага раёна. І. Конанчык, калгаснік сельгасарцелі імені VІ Сесіі Вярхоўнага Савета СССР Антопальскага раёна Брэсцкай вобласці, у захапленні, наколькі «непазнавальным стала жыццё» ў вёсцы: арганізаваўся калгас, адкрыты дзіцячыя яслі, «у якіх нашы дзеці добра дагледжаны і накормлены, а іх мацеры працуюць на калгасных палях», дзеці вучацца на роднай мове, вучацца і дарослыя, моладзь патрапіла ў сельгасшколы і на курсы трактарыстаў, за год атрымалі працу дзясяткі працоўных вёскі, будуецца клуб.

Савецкай уладай уведзена бясплатнае навучанне, у тым ліку ў вышэйшых школах. На вёсцы ажыццяўляецца ўсеагульнае навучанне, расце сетка сярэдніх школ. У горадзе ўсеагульнае сямігадовае навучанне стала абавязковым. Колькасць школ за год павялічылася на 1.146. Усе школы навучалі дзяцей на родных мовах, у тым ліку былі створаны школы на польскай і яўрэйскай мовах. Урад БССР прыняў меры для навучання 150 тысяч непісьменных і 75 тысяч малапісьменных дарослых.

У Заходняй Беларусі не было ніводнага тэатра. Прайшоў год, і там ужо працавалі пяць тэатраў, тры знаходзіліся ў стадыі арганізацыі. Створаны філармонія, сімфанічны аркестр, ансамбль беларускай песні і танца. Адкрыты дамы мастакоў, 2 музыкальныя тэхнікумы, 8 музыкальных школ, 18 палацаў піянераў, 5 дамоў народнай творчасці і 100 кінатэатраў. У раённых цэнтрах і вёсках арганізаваны тысячы гурткоў мастацкай самадзейнасці для рабочых і сялян.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю