«Да 2025/2026 навучальнага года для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі падрыхтавана 28 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. З іх два новыя і 26 перавыдадзеных або паўторна выпушчаных выданняў. Адзін новы вучэбны дапаможнік — па асновах бяспекі жыццядзейнасці для 3-га класа, а другі — па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 11-га класа», — расказала Людміла Раманоўская.Паводле яе слоў, абодва выданні паспяхова прайшлі апрабацыю, перш чым атрымаць дазвол на ўкараненне ў масавую практыку. Кожнае з іх — у 14 установах агульнай і сярэдняй адукацыі нашай краіны.
- Акрамя таго, перавыдадзены шэсць вучэбных выданняў для І ступені агульнай сярэдняй адукацыі і 20 вучэбных выданняў для ІІ і ІІІ ступеняў агульнай сярэдняй адукацыі. Для пачатковай школы да новага навучальнага года падрыхтаваны «Працоўнае навучанне», 1-ы клас; «Руская мова», 2-і клас (для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання); «Беларуская мова», 2-і клас (для ўстаноў адукацыі з рускай мовай навучання); «Чалавек і свет», 3-і клас; «Матэматыка», 2-і клас; «Літаратурнае чытанне», 4-ы клас).
«Усе перавыдадзеныя вучэбныя дапаможнікі паспяхова прайшлі праверку ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі. І пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску ў іх былі ўнесены неабходныя дапаўненні і змяненні. Удасканалена структура вучэбных дапаможнікаў, змест асноўнага і дадатковага тэксту, сістэма пытанняў і заданняў», — адзначыла Людміла Раманоўская.«Мы планамерна прадаўжаем работу па ўдасканаленні навігацыйнага апарату нашых вучэбных дапаможнікаў, прывядзенні яго да аднастайнасці. Да яе прыводзяцца шрыфтавыя вылучэнні ў вучэбных дапаможніках для таго, каб навучэнцам і іх бацькам, настаўнікам было зразумела, які матэрыял з’яўляецца асноўным для запамінання, а які -- дадатковы», — растлумачыла яна.
Паводле яе слоў, ва ўсе вучэбныя дапаможнікі для II і III ступеняў агульнай і сярэдняй адукацыі абавязкова ўносіцца артыкул, як працаваць з вучэбным дапаможнікам. Гэта істотна аблягчае дзецям самастойную работу. Акрамя таго, сістэма пытанняў і заданняў дапрацавана такім чынам, каб вучні мелі магчымасць прымяніць атрыманыя веды і ўменні для вырашэння канкрэтных задач.
- Людміла Раманоўская дадала, што пры падрыхтоўцы вучэбных дапаможнікаў да перавыдання і пры распрацоўцы новых вучэбных дапаможнікаў вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню выхаваўчага патэнцыялу навучальнага прадмета. У вучэбныя выданні ўключаецца інфармацыя аб дасягненнях суверэннай Беларусі і культурнай спадчыне нашай краіны.
«Вялікая ўвага ўдзелена вучэбным дапаможнікам па замежных мовах. Яны дапоўнены інфармацыяй, якая дае магчымасць вучням сфарміраваць навыкі прадстаўляць нашу краіну і яе культуру ва ўмовах іншамоўнай міжкультурнай камунікацыі», — растлумачыла Людміла Раманоўская.
Яна таксама нагадала, што электронныя версіі падручнікаў размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале ў адкрытым доступе ў раздзеле «Электронная бібліятэка».