Хто вызначае юрыста?
Як можна змяніць натарыуса, які вядзе спадчынную справу?
Сяргей, г. Гомель
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— У адпаведнасці з артыкулам 22 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці», паўнамоцтвы па перадачы спадчынных спраў уваходзяць у кампетэнцыю галоўных упраўленняў юстыцыі. Па ўзгадненні з тэрытарыяльнай натарыяльнай палатай яны вызначаюць натарыуса, якому перадаецца вядзенне адкрытай спадчыннай справы. Заявы аб яго замене павінны паступіць ад усіх спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну.
Паэтапны працэс
Я — грамадзянка Расійскай Федэрацыі, пенсіянерка. Жадаю пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў Рэспубліку Беларусь і купіць кватэру ў горадзе Маладзечна. Ці магу я бесперашкодна купіць кватэру на сваё імя і зарэгістравацца ў ёй?
Антаніна Афанасьеўна, г. Смаленск
Адказвае натарыус Мінскай абласной натарыяльнай акругі Таццяна СТЭФАНЕНКА:
— Так, вы можаце купіць любое жылое памяшканне ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў Маладзечне. Пасля набыцця кватэры вы можаце звярнуцца ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі па месцы знаходжання кватэры па пытанні афармлення віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Атрыманы вамі дакумент дасць магчымасць зарэгістравацца ў набытай кватэры па месцы жыхарства.