Напярэдадні новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя традыцыйна ўзмацняе прафілактычную работу, накіраваную на бяспеку дзяцей і падлеткаў на дарогах. З 25 жніўня да 5 верасня ў Беларусі праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства МУС «Увага — дзеці!». У гэты перыяд асаблівая ўвага надаецца паводзінам юных удзельнікаў дарожнага руху.
Перыяд павышанай увагі
Пачатак навучальнага года патрабуе ад дарослых павышанай увагі, нагадала часова выконваючая абавязкі начальніка аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Ганна БАНАДЫК:
— Пасля летніх канікулаў школьнікам неабходна зноў адаптавацца да інтэнсіўнага гарадскога руху. Таму ў рамках акцыі «Увага — дзеці!» да 5 верасня транспартныя сродкі павінны рухацца з уключанымі габарытнымі агнямі альбо блізкім святлом фар, у тым ліку ў светлы час сутак. Гэта дазваляе зрабіць аўтамабілі больш прыкметнымі для дзяцей і іншых удзельнікаў руху.
У ДАІ заклікаюць вадзіцеляў быць асабліва асцярожнымі каля пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, устаноў адукацыі і ў дварах. Важна зніжаць хуткасць да мінімуму: дзіця можа нечакана з’явіцца з-за аўтамабіля, дрэва ці іншага аб’екта.
Хто вінаваты?
Статыстыка сведчыць, што сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам палепшылася, аднак праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца надзвычай актуальнай.
З пачатку года на дарогах краіны адбылося больш за 200 ДТЗ з удзелам дзяцей. У гэтых аварыях 16 нашых юных грамадзян загінулі, 249 атрымалі траўмы рознай цяжкасці. І хоць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паказчыкі знізіліся на 25 %, тым не менш праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца надзвычай актуальнай, падкрэсліла Ганна Банадык:
— Кожнае жыццё вельмі важна для дзяржавы, і наша задача звесці колькасць непрыемных выпадкаў да мінімуму.
Характэрна, што каля 67 % дзяцей атрымалі траўмы па віне дарослых. І калі раней дзеці часцей станавіліся ўдзельнікамі ДТЗ па ўласнай віне, то цяпер сітуацыя змянілася.
Самакаты і веласіпеды: правілы трэба ведаць
Асобную ўвагу ў ДАІ звяртаюць на сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ) і веласіпеды. З 1 верасня 2025 года дзейнічаюць змены ў Правілы дарожнага руху, згодна з якімі веласіпедысты і карыстальнікі СПМ перад перасячэннем праезнай часткі павінны спешвацца.
Сёння СПМ лічыцца транспартны сродак, разлічаны на аднаго чалавека і здольны развіваць хуткасць не больш за 25 км/г.
— Усё, што рухаецца звыш 25 км/г, ужо не з’яўляецца сродкам персанальнай мабільнасці і падлягае абавязковай рэгістрацыі ў Дзяржаўтаінспекцыі, — растлумачыла Ганна Банадык.
Дзецям да 14 гадоў забаронена ўдзельнічаць у дарожным руху на СПМ без суправаджэння дарослых. Самастойна яны могуць карыстацца такімі сродкамі толькі ў жылых зонах. Перавозка пасажыраў на СПМ таксама забаронена.
Паводле інфармацыі ДАІ, гэтыя змены ўжо адлюстроўваюцца ў статыстыцы. Колькасць ДТЗ з удзелам юных веласіпедыстаў знізілася з 56 да 29. Адзін веласіпедыст загінуў, 28 атрымалі раненні. З удзелам дзяцей на СПМ у гэтым годзе загінуў адзін чалавек, 13 атрымалі траўмы. За адпаведны перыяд мінулага года пацярпелі 17 дзяцей.
ДАІ заклікае бацькоў кантраляваць выкананне дзецьмі правілаў і не дазваляць непаўналетнім карыстацца шэрынгавымі самакатамі. Асобна бацькоў просяць не набываць дзецям да 14 гадоў электрасамакаты ў якасці падарункаў.
Не даць дацягнуцца да руля
Асаблівую трывогу выклікае рост аварыйнасці з удзелам непаўналетніх вадзіцеляў. Колькасць ДТЗ з іх удзелам павялічылася з 27 да 40. Пры гэтым 23 з іх не мелі права кіраваць транспартнымі сродкамі. Тым не менш 14 кіравалі мотатранспартам, пяцёра — аўтамабілямі, трое — электратранспартам з максімальнай канструктыўнай хуткасцю больш за 25 км/г і адзін — квадрацыклам.
Гаворка ідзе пераважна пра падлеткаў ва ўзросце 15–17 гадоў. У гэтай сувязі Ганна Банадык звярнулася найперш да бацькоў:
— Вельмі заклікаю бацькоў уважліва ставіцца да вольнага часу дзяцей-падлеткаў. І перш за ўсё выключыць любую магчымасць доступу да ключоў ад аўтамабіляў, мапедаў і лёгкіх матацыклаў.
Яшчэ адзін важны кірунак прафілактыкі — бяспечная перавозка. З 16 дзяцей, якія сёлета загінулі, 11 былі пасажырамі аўтамабіляў сваіх бацькоў альбо блізкіх сваякоў.
Для дзяцей да года неабходна выкарыстоўваць аўталюльку, у якой яны надзейна фіксуюцца ўнутранымі рамянямі. У такім узросце дзіця павінна перавозіцца спіной наперад, паколькі мышцы яго шыі яшчэ недастаткова ўмацаваныя. Калі ўтрымліваючае прыстасаванне размяшчаецца на пярэднім сядзенні, падушку бяспекі неабходна адключыць.
Праверыць дарогу да школы
Перад пачаткам навучальнага года ДАІ праводзіць праверку гатоўнасці ўстаноў адукацыі і маршрутаў, па якіх перавозяць дзяцей. Абследавана 4955 маршрутаў, правераны 1811 школьных аўтобусаў. З вадзіцелямі, якія перавозяць дзяцей, праводзяцца дадатковыя інструктажы і праверка ведаў Правілаў дарожнага руху.
Асобна супрацоўнікі ДАІ абследавалі тэрыторыі каля школ. У чэрвені і ліпені правяралі бачнасць на пешаходных пераходах, наяўнасць сродкаў змяншэння хуткасці, зон пасадкі і высадкі дзяцей, асвятлення, разметкі, дарожных знакаў, пешаходных і веласіпедных сувязяў.
У выніку выяўлены 6071 недахоп, каля 90 % з іх ужо ліквідавана. Для ліквідацыі парушэнняў было выдадзена 420 прадпісанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 53 службовыя асобы.
Галоўны ўрок — асабісты прыклад
У Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху, 28 жніўня, супрацоўнікі ДАІ і міліцыі вырашылі сустрэцца з працоўнымі калектывамі, каб нагадаць дарослым пра прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, пра правілы іх бяспечнай перавозкі і пра адказнасць за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў.
З 1 верасня асноўная прафілактычная работа будзе пераключана на школьнікаў. Супрацоўнікі ДАІ наведаюць урачыстыя лінейкі. Дарэчы, за кожнай установай адукацыі замацаваны супрацоўнік, адказны за прафілактычную работу з дзецьмі і бацькамі. Асаблівая роля пры гэтым адводзіцца сям’і. Перад пачаткам навучальнага года бацькам першакласнікаў трэба разам прайсці маршрут ад дома да школы і паказаць дзіцяці найбольш бяспечны шлях, парэкамендавала Ганна Банадык:
— Важна вучыць дзяцей спачатку спыняцца каля краю праезнай часткі, ацэньваць сітуацыю з усіх бакоў і толькі пасля пераходзіць дарогу. Заклікаем дарослых адказна ставіцца да навучання дзяцей правілам бяспечных паводзін на дарозе. Беражыце дзяцей і будзьце добрым прыкладам для іх!
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Бяспека — паняцце комплекснае
Падрыхтоўка да новага навучальнага года прайшла якасна, адзначылі ў Міністэрстве адукацыі
У ведамстве таксама выказалі падзяку органам дзяржкіравання і мясцовым уладам за эфектыўнае ўзаемадзеянне, дзякуючы якому школьнікаў чакаюць камфортныя і бяспечныя ўмовы вучобы. І не толькі ў сценах школы, але і па дарозе ў яе.
— Для таго, каб дзеці, якія жывуць і вучацца ў сельскай мясцовасці, гарантавана бяспечна дабраліся да школы, арганізаваны іх падвоз, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Уладзімір ДАЛЖАНКОЎ. — Такіх вучняў у Беларусі каля 56 тысяч, іх абслугоўваюць прыкладна 1600 спецыяльных транспартных сродкаў.
За паркам школьных аўтобусаў і яго тэхнічным станам сочаць асабліва старанна, таму абнаўленне гэтых машын ідзе пастаянна, падкрэсліў ён:
— Сёлета за кошт рэспубліканскага бюджэту мы набылі 104 аўтобусы МАЗ, мясцовыя органы ўлады — 45 адзінак. За кошт спонсарскай дапамогі было прадастаўлена шэсць аўтобусаў.
Без рызык і ўзрушэнняў — так, на думку намесніка міністра, павінен праходзіць навучальны дзень у школах:
— Таму пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года пытанне стварэння бяспечных умоў знаходжання ва ўстановах адукацыі было адным з прыярытэтных. Шэраг школ дааснасцілі сістэмамі кіравання доступам і сродкамі пажарнай сігналізацыі. Наша міністэрства ў прынцыпе вельмі шчыльна супрацоўнічае з МНС па забеспячэнні пажарнай бяспекі ўстаноў адукацыі, і гэта супрацоўніцтва дае станоўчыя вынікі.
— З сакавіка па красавік мы наведалі ўсе школы і паглядзелі іх супрацьпажарны стан, — сказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Васіль СІЎЧАК. — Было выяўлена каля 5,5 тысячы недахопаў, якія наўпрост уплывалі на бяспеку дзяцей, але ўсе праблемныя пытанні мы прапрацавалі з мясцовымі выканаўчымі органамі і аператыўна ліквідавалі гэтыя недахопы.
Ён таксама дадаў, што актыўная работа па павышэнні ўзроўню супрацьпажарнай абароны школ працягваецца круглы год. Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года ў 48 школах усталявалі новыя сучасныя сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, 17 школ абсталявалі сістэмамі абвесткі аб пажары, у васьмі школах аднавілі сістэмы пажарнай аўтаматыкі.
— Акрамя таго, гэтыя школы абсталявалі сістэмай перадачы паведамлення «Маланка», таму сігнал паступае наўпрост да МНС для аператыўнага рэагавання, — паведаміў прадстаўнік МНС.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота БелТА