Дарога без небяспекі
Напярэдадні новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя ўзмацняе прафілактычную работу, накіраваную на бяспеку дзяцей і падлеткаў на дарогах. З 25 жніўня па 5 верасня ў Беларусі праходзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства МУС «Увага — дзеці!». У гэты перыяд асаблівая ўвага надаецца паводзінам юных удзельнікаў дарожнага руху.
Як адзначыла часова выконваючая абавязкі начальніка аддзялення арганізацыі міжведамаснага ўзаемадзеяння і прапаганды бяспекі дарожнага руху галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Беларусі Ганна БАНАДЫК, пачатак навучальнага года патрабуе ад дарослых павышанай увагі.
Пасля летніх канікул школьнікам неабходна зноў адаптавацца да інтэнсіўнага гарадскога руху. Таму ў рамках акцыі «Увага — дзеці!» да 5 верасня транспартныя сродкі ў светлы час сутак у тым ліку павінны рухацца з уключанымі габарытнымі агнямі альбо блізкім святлом фар. Гэта дазваляе зрабіць аўтамабілі больш прыкметнымі для дзяцей і іншых удзельнікаў руху.
У ДАІ заклікаюць вадзіцеляў быць асабліва асцярожнымі каля пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, устаноў адукацыі і ў дварах. Важна зніжаць хуткасць да мінімуму: дзіця можа нечакана з’явіцца з-за аўтамабіля, дрэва ці іншага аб’екта.

Кожная аварыя з дзіцем — трагедыя
Статыстыка сведчыць, што сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам палепшылася, аднак праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца надзвычай актуальнай.
За сем месяцаў бягучага года на дарогах краіны адбылося 198 ДТЗ з удзелам дзяцей. У гэтых аварыях 13 дзяцей загінулі, 209 атрымалі траўмы. Па словах Ганны Банадык, паказчыкі знізіліся на 25% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
«Але кожнае жыццё вельмі важна для дзяржавы, і наша задача звесці колькасць непрыемных выпадкаў да мінімуму», — адзначыла прадстаўніца ДАІ.
У жніўні сітуацыя таксама папоўнілася новымі сітуацыямі: тры дзіцяці загінулі, 40 атрымалі траўмы. Такім чынам, на сённяшні дзень у краіне налічваецца 16 загінулых і 249 траўміраваных дзяцей. Пры гэтым каля 67% дзяцей атрымалі траўмы па віне дарослых. Калі раней дзеці часцей станавіліся ўдзельнікамі ДТЗ па ўласнай віне, то цяпер сітуацыя змянілася.
Самакаты і веласіпеды: правілы трэба ведаць
Асобную ўвагу ў ДАІ звяртаюць на сродкі персанальнай мабільнасці (СПМ) і веласіпеды. З 1 верасня 2025 года дзейнічаюць змены ў Правілы дарожнага руху, паводле якіх веласіпедысты і вадзіцелі СПМ перад перасячэннем праезнай часткі павінны спешвацца.
Сёння сродкам персанальнай мабільнасці лічыцца транспартны сродак, разлічаны на аднаго чалавека і здольны развіваць хуткасць не больш за 25 км/г. «Усё, што звыш 25 км/г, ужо не з’яўляецца сродкам персанальнай мабільнасці. Яны падлягаюць абавязковай рэгістрацыі ў Дзяржаўтаінспекцыі», — патлумачыла Ганна Банадык.
Дзецям да 14 гадоў забаронена ўдзельнічаць у дарожным руху на СПМ без суправаджэння дарослых. Самастойна яны могуць карыстацца такімі сродкамі толькі ў жылых зонах. Перавозка пасажыраў на СПМ таксама забаронена.
Паводле інфармацыі ДАІ, гэтыя змены ўжо адлюстроўваюцца ў статыстыцы. Колькасць ДТЗ з удзелам дзяцей-веласіпедыстаў знізілася з 56 да 29. Адзін веласіпедыст загінуў, 28 атрымалі раненні. З удзелам дзяцей на СПМ у гэтым годзе загінуў адзін чалавек, 13 атрымалі траўмы. За адпаведны перыяд мінулага года пацярпелі 17 дзяцей.
ДАІ заклікае бацькоў кантраляваць выкананне дзецьмі правілаў і не дазваляць непаўналетнім карыстацца шэрынгавымі самакатамі. Асобна бацькоў просяць не набываць дзецям да 14 гадоў электрасамакаты ў якасці падарункаў.

Небяспека — за рулём
Асаблівую трывогу выклікае рост аварыйнасці з удзелам непаўналетніх вадзіцеляў. Колькасць ДТЗ з іх удзелам павялічылася з 27 да 40.
З 40 пацярпелых дзяцей-вадзіцеляў 23 не мелі права кіравання. 14 кіравалі мотатранспартам, пяць — аўтамабілямі, трое — электратранспартам з максімальнай канструктыўнай хуткасцю больш за 25 км/г і адзін — квадрацыклам.
Гаворка ідзе пераважна пра падлеткаў ва ўзросце 15–17 гадоў. У гэтай сувязі Ганна Банадык звярнулася найперш да бацькоў. «Таму вельмі заклікаю бацькоў уважліва паставіцца да вольнага часу дзяцей-падлеткаў і перш за ўсё выключыць любую магчымасць доступу да ключоў ад аўтамабіляў і, вядома ж, ад мапедаў і лёгкіх матацыклаў», — заявіла яна.
Яшчэ адзін важны кірунак прафілактыкі — бяспечная перавозка дзяцей. З 16 дзяцей, якія загінулі сёлета, 11 былі пасажырамі аўтамабіляў сваіх бацькоў альбо блізкіх сваякоў.
Для дзяцей да года неабходна выкарыстоўваць аўталюльку, у якой дзіця надзейна фіксуецца ўнутранымі рамянямі. У такім узросце дзіця павінна перавозіцца спінай наперад, паколькі мышцы шыі яшчэ недастаткова ўмацаваныя. Калі ўтрымлівальнае прыстасаванне размяшчаецца на пярэднім сядзенні, падушку бяспекі неабходна адключыць.
Праверыць дарогу да школы
Перад пачаткам навучальнага года ДАІ праводзіць праверку гатоўнасці ўстаноў адукацыі і маршрутаў, па якіх перавозяць дзяцей. Абследавана 4955 маршрутаў, правераны 1811 школьных аўтобусаў. З вадзіцелямі, якія перавозяць дзяцей, праводзяцца дадатковыя інструктажы і праверка ведаў Правілаў дарожнага руху.
Асобна супрацоўнікі ДАІ абследавалі тэрыторыі каля школ. У чэрвені і ліпені правяралі бачнасць на пешаходных пераходах, наяўнасць сродкаў змяншэння хуткасці, зон пасадкі і высадкі дзяцей, асвятлення, разметкі, дарожных знакаў, пешаходных і веласіпедных сувязяў. У выніку выяўлены 6071 недахоп, каля 90% з іх ужо ліквідавана. Недахопы ўстаноўкі альбо стану дарожных знакаў выяўлены каля 1665 аб’ектаў, з якіх было ліквідавана каля 1600. Для ліквідацыі парушэнняў было выдадзена 420 прадпісанняў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 53 службовыя асобы.

Галоўны ўрок — асабісты прыклад
28 жніўня па ўсёй краіне пройдзе Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам «Першы і галоўны ўрок — бяспека!». Супрацоўнікі ДАІ і міліцыі сустрэнуцца з працоўнымі калектывамі і нагадаюць дарослым пра прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, правілы бяспечнай перавозкі дзяцей і адказнасць за неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў.
З 1 верасня асноўная прафілактычная работа будзе пераключана на школьнікаў. Супрацоўнікі ДАІ наведаюць урачыстыя лінейкі, а за кожнай установай адукацыі замацаваны супрацоўнік, адказны за прафілактычную работу з дзецьмі і бацькамі.
Асаблівая роля пры гэтым адводзіцца сям’і. Перад пачаткам навучальнага года бацькам першакласнікаў рэкамендуецца разам прайсці маршрут ад дома да школы і паказаць дзіцяці найбольш бяспечны шлях.
Паводле слоў Ганны Банадык, сёння важна вучыць дзяцей спачатку спыняцца каля краю праезнай часткі, ацэньваць сітуацыю з усіх бакоў і толькі пасля пераходзіць дарогу.
«Таму заклікаем дарослых адказна ставіцца да навучання дзяцей правілам бяспечных паводзін на дарозе. Беражыце дзяцей і будзьце добрым прыкладам для іх», — рэзюмавала прадстаўніца ДАІ.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота з адкрытых крыніц