Top.Mail.Ru
243

Як зра­біць больш зда­ро­вым дзі­ця­чы ра­цы­ён?

Смач­на, ка­рыс­на, бяспечна

Дзіцячыя тавары беларускіх вытворцаў, у тым ліку і харчовыя, сёння пастаўляюцца ў 160 краін свету, дзе карыстаюцца попытам, бо высокая якасць, бяспека і канкурэнтаздольнасць — гэта пра іх. Каб не толькі не саступаць з занятых пазіцый, але і адпавядаць сучасным выклікам, трэба ўвесь час удасканальваць сваю прадукцыю. Як гэта рабіць, а таксама як сфарміраваць у дзяцей правільныя харчовыя звычкі, маніторыць школьнае харчаванне і прывіваць здаровы лад жыцця з дзяцінства, сумесна абмеркавалі ў Мінску беларускія і расійскія заканадаўцы, вучоныя, вытворцы, медыкі.

Шмат тлушчаў і вугляводаў, мала рыбы і агародніны

Сёння больш за 18 % дзяцей маюць лішнюю вагу цела, а 9,6 % — атлусценне. Прадстаўнікі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і зусім б’юць трывогу: па іх прагнозах да 2030 года колькасць дзяцей з атлусценнем можа вырасці да 50 %. 

У сённяшніх рэаліях больш за палову дзяцей ужываюць значна вышэй за норму тлушчаў і солі, а 65 % малых — дабаўленых цукраў. Ежа часта ўтрымлівае вялікую колькасць тлушчаў жывёльнага паходжання і простых вугляводаў, але ж у рацыёне зусім мала рыбы, садавіны і агародніны.

У Беларусі больш за 2800 дзяцей маюць цукровы дыябет — пераважна 1-га тыпу. Павелічэнне колькасці дзяцей з такім захворваннем, у тым ліку выяўленне ў іх выпадкаў дыябету 2-га тыпу, часта звязана з тым, што школьнікі аддаюць перавагу фаст-фуду, салодкім напоям і паўфабрыкатам, адмаўляючыся ад комплекснага харчавання ў сталовай.

Новы гіпаалергенны прадукт плануецца выпускаць для рынку Саюзнай дзяржавы. Вырабляць яго будуць на беларускім прадпрыемстве «Беллакт». Як паведаміў дырэктар НДІ дзіцячага харчавання — філіяла ФІЦ харчавання і біятэхналогіі (Расія) Сяргей СІМАНЕНКА, рэалізуецца расійска-беларускі грант, які ўключае ў сябе распрацоўку і вытворчасць гідралізату. Ён выкарыстоўваецца ў вытворчасці малочных сумесяў для дзяцей-алергікаў. Праблема алергіі цяпер вельмі актуальная — толькі ў Расіі ад яе пакутуюць каля мільёна дзяцей. Ім патрэбны нізкаалергенныя прадукты, якія расійскі і беларускі харчпрамы пакуль не выпускаюць. Новая распрацоўка задаволіць іх патрэбу ў нізкаалергенным і безалергенным прадукце.

Менш цукру

Як падкрэсліў намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар Пётр КАЗАКЕВІЧ, і ў Беларусі, і ў Расіі пытанні харчовай бяспекі вырашаны. На беларускім рынку каля 80 % прадуктаў — айчыннае харчаванне. Завозяцца невялікія аб’ёмы таго, што ў нашых кліматычных умовах вырасціць немагчыма, хоць некаторыя прадукты пачалі вырошчваць у сувязі са зменай клімату і выкарыстаннем закрытга грунту. Што датычыцца дзіцячага харчавання, сумесна з расійскімі партнёрамі падрыхтавана праграма саюзнай дзяржавы «Дзіцячае харчаванне», якая ў найбліжэйшым будучым будзе прынята.

Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па харчаванні распрацоўвае розныя рэцэптуры дзіцячага харчавання, якія навукоўцы перадаюць для рэалізацыі прамысловым прадпрыемствам. 

І сёння акцэнт робіцца на карыснай і смачнай ежы, пры гэтым з мінімумам дабаўленага цукру.

Як адзначыла старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Алена МАРГУНОВА, нягледзячы на тое, што ў краіне шмат зроблена па распрацоўцы новых відаў дзіцячага харчавання, адаптаваных па ўзроставых катэгорыях і для дзяцей з рознымі захворваннямі, застаюцца актуальныя пытанні. З расійскім бокам абмяркоўваецца распрацоўка новых прадуктаў, іх нарматыўна-прававое забеспячэнне, стандарты і тэхнічныя рэгламенты, якія суправаджаюць вытворчасць дзіцячага харчавання.

Есці не за дваіх, а для дваіх

Першы намеснік старшыні Камітэта Дзярждумы Расіі па абароне сям’і, пытаннях бацькоўства, мацярынства і дзяцінства Таццяна БУЦКАЯ звярнула ўвагу, што вялікая колькасць дыягназаў, у прыватнасці атлусценне, эндакрынныя паталогіі ў дзяцей, яшчэ раз даказвае, што харчаванне — аснова здаровага ладу жыцця.

— Тэма харчавання, асабліва высокатэхналагічага, вельмі складаная. Калі казаць пра сухія малочныя сумесі, у прыватнасці для дзяцей з паталогіяй, дзе патрабуецца асаблівая апрацоўка бялку, якой складана дасягнуць, спецыяльныя вітамінна-мінеральныя прэміксы, якія вырабляюцца ў адзінкавых пунктах свету, мы разумеем, што тут трэба ствараць міждзяржаўную сістэму з пунктамі кампетэнцый. Штосьці выпускаецца ў Расіі, штосьці — у Беларусі, а разам мы ствараем здаровы прадукт, якім харчуюцца нашы будучыя матулі і таты, цяжарныя жанчыны і дзеці, — адзначыла расійскі парламентарый.

Як урач-педыятр і аўтар кнігі па правільным харчаванні для цяжарных жанчын, Таццяна Буцкая нагадала, што будучая маці павінна есці няшмат, але правільна, і расказала пра навуковы эксперымент.

— Шэрым мышам штучна ўвялі паталагічны ген — і яны сталі жоўтымі і тоўстымі. Пры гэтым у тых з іх, хто правільна харчаваўся, нарадзілася здаровае патомства без атлусцення — правільныя шэрыя мышы. 

У гэтым выпадку маме-мышцы давалі мікраэлементы, фоліевую кіслату і вітамін В12. Гэта першы доказ таго, што правільнае харчаванне можа змяніць многае, нават генетычныя перадумовы, — падкрэсліла Таццяна Буцкая.

Сучасным бічом яна назвала замяняльнікі груднога малака.

— Калі дзіця не атрымлівае грудное малако, якое ўтрымлівае ствалавыя клеткі, правільныя бялкі і іншае, яно не вырасце тым найлепшым варыянтам сябе, які закладзены прыродай. Толькі 5 % матуль не могуць карміць дзяцей грудным малаком, пры гэтым усяго каля 35 % расійскіх матуль кормяць ім дзяцей да шасці месяцаў, — прывяла даныя парламентарый. Яна дадала, што расійскай Дзярждумай распрацоўваецца законапраект па «расійскай паліцы» — па прэферэнцыі тавараў, вырабленых у Расіі і Беларусі, над таварамі іншых краін, адзначыўшы, што ўжо сёння ў расійскіх магазінах маецца добры асартымент дзіцячага харчавання беларускай вытворчасці.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю