«Дайце! Зрабіце! Дапамажыце!..» — такія патрабаванні грамадзян дэпутаты розных узроўняў чуюць пастаянна і, зразумела, чым могуць — дапамагаюць. Аднак ім часта даводзіцца сутыкацца і з чыста спажывецкім утрыманствам, калі, напрыклад, здаровыя мужыкі патрабуюць паправіць паваленую агароджу каля свайго дома. А самі не спрабавалі? Зусім іншая справа, калі грамадзяне выступаюць з ініцыятывай добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, абсталяваць спартыўную пляцоўку ці зрабіць яшчэ што-небудзь карыснае для ўсіх, прычым не выключна за кошт бюджэтных сродкаў, а ў складчыну, як кажуць. Тады і справа хутчэй ідзе, і зробленае грамадзяне будуць больш цаніць — свае ж грошы часткова ўклалі.
Ад ідэі да рэалізацыі
Старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Філановіч можа прывесці шмат рэальных прыкладаў:

— Толькі летась у горадзе была рэалізавана 51 грамадзянская ініцыятыва на агульную суму амаль 1 мільён 989 тысяч рублёў, з якіх 945 тысяч паступіла ад насельніцтва і арганізацый.
зУ канцы лістапада прайшоў адзіны дзень прыёму грамадзянскіх ініцыятыў і прапаноў на 2026 год, арганізаваны кіраўніцтвам горада, дэпутацкім корпусам і ЖКГ. Былі пададзены 39 ініцыятыў, якія былі аформлены адпаведным пратаколам. Шчыра кажучы, на сённяшні момант у нас ужо аформлены другі і трэці пратаколы, бо людзі працягваюць прыходзіць з новымі прапановамі. У другім пратаколе дадалося яшчэ пяць ініцыятыў, а ў трэцім — тры.
На сённяшні дзень ужо рэалізавана 8 ініцыятыў: 4 па ўладкаванні цвёрдага пакрыцця на вуліцах і 4, звязаныя з устаноўкай дзіцяча-гульнявога і спартыўнага абсталявання. Работы па адрасе: Кар’ерная, 14-2, ужо завершаны, як і на Кар’ернай, 14-1, дзе ўстаноўлена агароджа для футбольнай пляцоўкі. Акрамя таго, завершаны работы па адрасе: Калесніка, 9.
Усе названыя ініцыятывы паспяхова завершаны, канстатуе старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў. Таксама ён нагадаў, што ў рамках новых ініцыятыў на ўзроўні заканадаўства адбыліся змены. Летась быў прыняты закон аб мясцовым кіраванні, і цяпер пытанне рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў урэгулявана праз абласныя сеткі дэпутатаў.
— Закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год прадаставіў права мясцовым Саветам дэпутатаў базавага ўзроўню рэалізоўваць грамадзянскія ініцыятывы аналагічна абласным, — тлумачыць Андрэй Філановіч. — Такім чынам, у гарадскім бюджэце ўжо прадугледжаны асобны артыкул расходаў на рэалізацыю грамадзянскіх ініцыятыў. Можна сказаць, што мы фактычна дзелім звароты пароўну. Гэта або ўстаноўка дзіцячага гульнявога ці спартыўнага абсталявання, а таксама ўладкаванне цвёрдага пакрыцця на вуліцах.
Па словах старшыні Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў, у асноўным гэта датычыцца магістральных вуліц, па якіх не ходзіць грамадскі транспарт. Аднак вуліцы, дзе пражываюць людзі, доўгі час мелі пясчана-гравійнае пакрыццё. Таму жыхары аб’ядналіся і з дапамогай гарадскіх майстроў робяць цвёрдае пакрыццё.
— Сёлета ў нас з’явіліся новыя ініцыятывы, якіх не было ў 2025-м, — працягвае Андрэй Філановіч. — Адна з іх — стварэнне пляцоўкі для выгулу жывёл. Улады аб’явілі дадатковы конкурс па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, і мы падалі заяўку з гэтай ідэяй. Калі нам не ўдасца стаць пераможцамі ў конкурсе, мы ўсё роўна рэалізуем ініцыятыву з дапамогай гарадскіх сродкаў. Акрамя таго, у нас ёсць дзве іншыя грамадзянскія ініцыятывы, якія датычацца ўладкавання крытых велапарковак каля жылых дамоў.

Андрэй Філановіч падзякаваў брэстаўчанам за актыўнасць і падкрэсліў: такія праекты ствараюць асаблівую атмасферу беражлівых адносін да свайго дома і горада.
«Вынікам задаволены!»
А як ацэньваюць зробленае самі гараджане?
— Работы па кладцы асфальту былі выкананы вельмі хутка, — сведчыць жыхарка Брэста Таццяна КАЗУЛЬКА. — Мы падалі заяўку зімой, і ўжо вясной з’явілася асфальтавае пакрыццё. Вынік нас цалкам задавальняе, бо да гэтага тут заўсёды былі пыл і бруд, што адбівалася не толькі на знешнім выглядзе машын. Па вуліцы ў школу ходзяць дзеці. І ўвогуле гэта стварала шмат нязручнасцяў. Цяпер праблема вырашана, і нам усім гэта вельмі падабаецца. Мы задаволены вынікам!
Аляксандра ЗАХАРАВА