Top.Mail.Ru

Як зразумець праблемы пажылога чалавека, ведаюць спецыялісты Валожынскага ТЦСАН

Быць неабыякавымі і дапамагаць таму, хто ў гэтым мае патрэбу, нас вучылі з дзяцінства. Камусьці гэтыя навыкі спатрэбіліся дома — у доглядзе за пажылымі бабулямі або дзядулямі, а для кагосьці яны сталі часткай прафесіі. Без гэтых чалавечых якасцяў не ўяўляе сваёй працы калектыў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Усяго на базе цэнтра функцыянуе пяць аддзяленняў. Грамадзян, якія карыстаюцца сацыяльнымі паслугамі ў паўстацыянарнай форме, — 159. Ёсць і тыя, каму неабходна дапамога ў хатніх умовах. Дакладна можна сцвярджаць адно: спецыялісты клапоцяцца аб усіх. Карэспандэнты «Звязды» пераканаліся ў гэтым, адправіўшыся ў раённы цэнтр.


За станоўчымі эмоцыямі — у ТЦСАН

Тэрытарыяльны цэнтр у Валожыне займае некалькі будынкаў. У тым, які наведалі мы, размяшчаецца два аддзяленні — сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, а таксама аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. На базе апошняга прапануюць яшчэ адзін кірунак дзейнасці — турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр, дзе турысты з інваліднасцю могуць з камфортам спыніцца, паколькі для гэтага створана даступнае асяроддзе.

Аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту наведвае 102 чалавекі. Тут дзейнічаюць тры клубы па інтарэсах. Для найбольш поўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых людзей у цэнтры ствараюцца ўсе магчымыя ўмовы. Да таго ж цэнтр актыўна працуе ў адпаведнасці з нацыянальнай стратэгіяй «Актыўнае даўгалецце — 2030».

— Гэта, вядома, для нас арыенцір. Задзейнічаем грамадзян сярэбранага ўзросту ў жыцці горада. Яны ахвотна ўдзельнічаюць у спартыўных, культурных, масавых мерапрыемствах, — расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Вольга ПРАКОПЧЫК.

На базе аддзялення былі паспяхова рэалізаваны два праекты: па прафілактыцы падзенняў і прафілактыцы дэменцыі ў грамадзян пажылога ўзросту. Па гэтых кірунках працягваюць працаваць і цяпер.

— Прадугледжваецца і штотыднёвая работа з псіхолагам у групах і індывідуальна. Ёсць у нас і іншыя формы работы. Напрыклад, работа з успамінамі, калі трэба суаднесці фотаздымкі нейкай мясціны, вядомай пажылому чалавеку ўжо даўно, з тым, як яна выглядае цяпер. Нашы наведвальнікі таксама займаюцца скандынаўскай хадой. Гэты занятак папулярны і вельмі карысны — умацоўвае сэрца, сасуды і лёгкія, паляпшае каардынацыю, раўнавагу, задзейнічае да 90 % мышцаў, разгружае суставы, паляпшае настрой і сон. Пажылыя людзі з ахвотай наведваюць творчыя майстэрні. Змену ўражанняў для іх прыносяць падарожжы. Не кожны з улікам сваіх узроставых абмежаванняў знойдзе сілы і магчымасці самастойна выехаць на экскурсію, а мы ў гэтым ім дапамагаем. Станоўчыя эмоцыі — гэта тое, што кожнаму чалавеку патрэбна!

Касцюм, які карысць прыносіць

Амаль кожны шосты жыхар нашай краіны старэйшы за 65 гадоў. Маладым, безумоўна, цяжка ўявіць, што для іх рыхтуе старасць. Здаецца, што ўсе гэтыя праблемы — баляць ногі і спіна, дрэнны зрок, пагаршэнне памяці — дакладна іх не закрануць. У Валожынскім ТЦСАН ёсць унікальная магчымасць зразумець клопаты пажылога чалавека. «Касцюм, які мяняе свет» — няхай гэта сёння і не навінка, а хутчэй тэхналогія і інструмент, які выкарыстоўваецца для павышэння эмпатыі і разумення ўзроставых змяненняў. Тым не менш, у яго карысці мы самі пераканаліся.

— Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў перадала нам касцюм імітацыі старасці «GERТ» для выкарыстання ў сацыяльнай рабоце, — гаворыць Вольга Пракопчык. — Гэта не проста адзенне, а цэлы комплекс элементаў, якія дазваляюць унутрана і знешне адчуць узроставыя змены, характэрныя для пажылых людзей. Пальчаткі, акуляры, навушнікі, уцяжарвальнікі, фіксатары суставаў... Вось такі камплект. Жоўтыя лінзы ў акулярах, напрыклад, звужаюць поле зроку, імітуюць катаракту, глаўкому, зніжэнне вастрыні зроку, робяць навакольны свет цьмяным і размытым. Пальчаткі ў сваю чаргу зніжаюць адчувальнасць пальцаў, імітуючы артрыт і страту тактыльных адчуванняў, робяць выкананне дробных рухаў складаным.


Прымяраючы такі касцюм, чалавек на некаторы час трапляе ў свет, дзе кожная прыступка — перашкода, кожнае слова — выклік, а простая гутарка патрабуе сіл. Укараненне гэтага вопыту спрыяе развіццю эмпатыі і глыбокага разумення праблем пажылых людзей, паляпшэнню ўзаемадзеяння з імі для спецыялістаў і супрацоўнікаў, разбурэння стэрэатыпаў аб старасці, паказвае, што няспрытнасць або слабасць — гэта не капрызы, а аб’ектыўныя фізіялагічныя асаблівасці, звязаныя са старэннем.

«Мне тут вельмі-вельмі падабаецца!»

Спусціўшыся на першы паверх цэнтра, мы пазнаёміліся з кіраўніком гурткоў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Ларысай ЕРМАЛОВІЧ. Жанчына працуе ў цэнтры 12 гадоў. Да кожнага наведвальніка, з якім працуе, Ларыса Сяргееўна знаходзіць індывідуальны падыход. Усяго аддзяленне наведваюць 57 чалавек.

— Мне здаецца, са сваімі задачамі мы паспяхова спраўляемся. Людзі хворыя, з імі трэба акуратна працаваць. Да нас прыязджаюць інваліды І і ІІ груп. Яны наведваюць гурткі, пры гэтым стараемся падабраць заняткі такім чынам, каб ўлічыць здольнасці і захапленні кожнага. Ёсць у нас трэнажорная зала, у якой з раніцы праводзім зарадку. Сэнсарны пакой з дапамогай святла і тэкстур дапамагае знізіць трывожнасць, палепшыць увагу, памяць, маўленне, зняць стрэс і гарманізаваць эмацыйны стан людзей. Навыкам прыгатавання ежы і самаабслугоўвання інваліды навучаюцца ў спецыяльным пакоі, дзе ёсць кухня і месца для прыёму ежы.

А 50-гадоваму Валерыю САЕВІЧУ вельмі падабаецца працоўная тэрапія. Гаварыць яму было складана, але каб зразумець, што ў цэнтры яму падабаецца, словы быццам і не патрэбны — вочы і ўсмешка далі падказку.

— Мне тут вельмі-вельмі падабаецца. Я люблю выкладчыкаў, якія з намі займаюцца. Яны нас любяць, — расказаў мужчына. Яго любімы занятак тут — дрэваапрацоўка, за якім мы Валерыя і заспелі.

Сапраўды, дзякуючы прафесіяналізму і неабыякавасці калектыву, цэнтр не толькі аказвае неабходную падтрымку грамадзянам, але і дапамагае кожнаму чалавеку, нягледзячы на ўзрост, праблемы са здароўем, адчуваць сябе патрэбным і важным.



Яна ВАЛАСАЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю