Top.Mail.Ru
241

Якасць абслугоўвання, павышэнне эфектыўнасці, кадры. Кіраўнік Белкаапсаюза аб задачах галіны

Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Інеса Караткевіч на прэс-канферэнцыі «Сучасныя рэаліі і перспектывы развіцця спажывецкай кааперацыі ў Беларусі» расказала аб першачарговых задачах галіны, перадае  БелТА.

Сістэма спажыўкааперацыі прадстаўлена ў 23 тыс. населеных пунктаў Беларусі, у ёй працуе 32 тыс. чалавек. Арганізацыі аказана значная дзяржаўная падтрымка.

«Мы павінны павышаць прэстыжнасць сістэмы. Ідзе работа па мадэрнізацыі, адкрываюцца новыя аб’екты гандлю і грамадскага харчавання. Стараемся адпавядаць запытам спажыўцоў», — заявіла Інеса Караткевіч. Паводле яе слоў, дадатная дынаміка ёсць, але патэнцыял выкарыстоўваецца не ў поўнай меры.

«У нас ёсць дзве глабальныя задачы па дзейнасці сістэмы. Гэта, у першую чаргу, забяспечыць абслугоўванне такім чынам, каб заслужыць станоўчую ацэнку насельніцтва. І, вядома, апраўдаць давер кіраўніка дзяржавы, таму што сістэме аказана каласальнейшая падтрымка. Немалаважны фактар — павысіць эфектыўнасць работы», — падкрэсліла яна.

Інеса Караткевіч нагадала, што праз два гады сістэма спажывецкай кааперацыі адзначыць сваё 110-годдзе. Яна зведала шмат змяненняў, але захавала шматгаліновую структуру. Рознічны гандаль арганізаваны праз стацыянарныя гандлёвыя аб’екты (іх больш за 4 тыс.), праз аўтамагазіны (482). Аказваюцца паслугі па грамадскім харчаванні, працуе 300 вытворчых цэхаў і ўчасткаў, прыёмна-нарыхтоўчыя пункты і інш. Аўтакрамы ў сярэднім у год праязджаюць каля 14 млн км.

Прамысловасць прадстаўлена хлебазаводамі, мясаперапрацоўчымі, кандытарскімі вытворчасцямі. У суткі вырабляецца 120 т хлеба, больш за 100 т мяса, 24 т мясных паўфабрыкатаў, 6 т каўбасных вырабаў, 5 т — кандытарскіх. «Шмат шыем пасцельнай бялізны, рабочага адзення. У нашай структуры тавараабароту пятую частку займае рэалізацыя прадукцыі ўласнай вытворчасці. Павялічваем вытворчыя магутнасці, загружаем дзеючыя», — дадала Інеса Караткевіч.

Прадукцыя рэалізуецца не толькі ва ўласнай гандлёвай сетцы: па асобных групах 20 працэнтаў тавараў пастаўляецца пабочным спажыўцам.

Дзейнічаюць два цэхі па замарозцы плодаагародніннай прадукцыі. У мінулым годзе ў Пружанах адкрыўся цэх па вытворчасці мясных кансерваў. Працуюць 10 заводаў па разліве безалкагольных напіткаў, цэхі для салення рыбы, выпуску снэкавай прадукцыі.

Арганізацыі нацэлены больш хуткімі тэмпамі мадэрнізаваць вытворчасці.

«Ёсць праблемныя пытанні, дзеючыя актывы маюць пэўны знос, патрабуюць матэрыяльных укладанняў», — адзначыла Інеса Караткевіч, дадаўшы, што прамысловасць — флагман, дзе фарміруецца фінансавая частка, за кошт якой магчыма кампенсацыя затрат на абслугоўванне насельніцтва ў малалікіх населеных пунктах.

Што датычыцца аўтамагазінаў, то яны прыязджаюць у 13,8 тыс. населеных пунктаў. Амаль у 6 тыс. з іх пражываюць да 10 чалавек.

Сфарміраваны графікі руху аўтамагазінаў, транспарт аснашчаны спадарожнікавай навігацыяй. Пачаў працаваць адзіны тэлефон кантакт-цэнтра, па якім можна пакінуць заяўку на патрэбны тавар, у тым ліку не штодзённага попыту. З Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю падпісана пагадненне аб прадастаўленні сацыяльных скідак слабаабароненым катэгорыям грамадзян.

Таксама Інеса Караткевіч важнымі задачамі назвала прыцягненне маладых спецыялістаў у сферу, павышэнне заработнай платы.

Што датычыцца павышэння якасці абслугоўвання, то ў сістэме гэтаму напрамку ўдзяляецца вялікая ўвага. За кошт уласных сродкаў толькі за мінулы год адкрыта 53 раней закрытых, 14 новых гандлёвых аб’ектаў, мадэрнізаваны 59 магазінаў, набыта з дзяржпадтрымкай 110 аўтамагазінаў, яшчэ 34 дадаткова за кошт уласных сродкаў. У грамадскім харчаванні адкрыта 26 аб’ектаў. Развіваецца сетка ўласных брэндаў.

Адзначаецца дадатная дынаміка па паказчыках рознічнага тавараабароту, вытворчасці прамысловай прадукцыі, па нарыхтоўчым і экспартным абароце. «Нам няпроста, працуем ва ўмовах вялікай канкурэнцыі. Нацэлены на рэзультат», — сказала Інеса Караткевіч.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю