Абвешчаная ўказам Прэзідэнта пяцігодка якасці стане лагічным працягам таго, над чым беларусы разам са сваім лідарам працуюць ужо трыццаць гадоў — каб жыць у нашай любімай краіне было мірна, спакойна, зручна і прыгожа. Падпісаны ўчора Аляксандрам Лукашэнкам дакумент можна назваць без перабольшвання дэкларацыяй жыцця беларусаў на бліжэйшыя пяць гадоў. Прыярытэтнымі мэтамі боіжэйшых пяці гадоў названыя далейшае павышэнне якасці жыцця людзей, канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, удасканаленне грамадскіх адносін. Самыя важныя рэчы для дабрабыту грамадзян і захавання незалежнасці.
Указ несумненна рэзанансны, указ і для органаў улады, і для кожнага жыхара Беларусі — кіраўніцтва да дзеяння. Трэба выконваць, трэба працаваць, трэба старацца. Як жа інакш? Для саміх сябе старацца, для сваіх дзяцей, для іх будучыні, для краіны, у якой жывём мы і будуць жыць наступныя пакаленні. Самы моцны стымул, праўда?
«Беларусы — людзі са знакам якасці»
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры Валерый Малашка лічыць, што па-іншаму і быць не можа: «Усё, да чаго мы імкнуліся апошнія 30 гадоў, прывяло нас да павышэння якасці жыцця, паслуг, тэхнічнага пераўзбраення. Неаднаразова тэма якасці ў той ці іншай меры гучала ў выступленнях Прэзідэнта на кожным Усебеларускім народным сходзе, прапісвалася ў праграмах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, але, напэўна, менавіта сёння мы ўжо выйшлі на той узровень развіцця і грамадскіх адносін, калі гэта павінна стаць рухавіком працэсаў, якія адбываюцца і ў грамадскім жыцці, і ў рэальным сектары эканомікі».
Парламентарый прызнаецца: для яго гэта такі ключавы момант у частцы таго, што якасць асабістага ўдзелу ва ўсіх працэсах, у тым ліку ў парламенцкай дзейнасці, ужо не проста лозунг. «Гэта генетыка, якой мы сілкуемся, — гаворыць Валерый Малашка. — Па-іншаму і быць не можа. Павінна быць толькі якасць. Трэба, каб гэтаму садзейнічала не толькі асабістая работа, але і работа калег, якія працуюць у гэтым жа кірунку. Вельмі важна, што мы, дэпутаты 8 склікання, вельмі арыентаваныя на сваіх выбаршчыкаў. Пастаянная сувязь з людзьмі як мінімум і складае якасную аснову нашых законапраектаў. Вопыт работы парламентарыяў у рэальным сектары эканомікі і пастаяннае ўзаемадзеянне даюць гэту гісторыю».
Як адзначыў дэпутат, Беларусь сёння краіна высокаінтэлектуальная, развітая, вядомая ва ўсім свеце. Нас пазнаюць праз тую прадукцыю, якую мы выпускаем, праз усе тыя міждзяржаўныя працэсы, у якіх мы ўдзельнічаем. Што датычыцца міждзяржаўных грамадскіх працэсаў, то мы заўсёды канкрэтна выказваем свой пункт гледжання. І, што важна, і гэта таксама — пра якасць, мы ніколі не здраджваем першапачаткова абраным арыенцірам. «І прыклад у гэтым паказвае наш Прэзідэнт. Лічу, што гэта таксама якасць нашага пастаянства, — гаворыць Валерый Малашка. — Пастаянства сяброў, вернасці ў адносінах і абавязацельствах, узятых на сябе. Гэта, на мой погляд, важныя складнікі, якія характарызуюць і Прэзідэнта, і нашу краіну».
Як урач-прафесіянал згадаў парламентарый і сферу аховы здароўя: «Мадэрнізуючы сёння ўстановы медыцынскага профілю, укараняючы сучасныя тэхналогіі ў аказанні медыцынскай дапамогі насельніцтву, як на пярвічным этапе, так і на базе высокатэхналагічных цэнтраў, мы выразна канстатуем, і статыстыка пра гэта кажа, — сёння мы не проста якасна, а высокаэфектыўна аказваем медыцынскую дапамогу жыхарам краіны. Зразумела, што пакуль пра ідэал казаць рана, але мы ведаем над чым трэба працаваць. Напрыклад, над інфарматызацыяй: ёсць такі раздзел у сістэме аховы здароўя, які сёння пакуль не ў поўнай меры адпавядае запытам медыцынскай суполкі».
На яшчэ адну важную тэму ў сацыяльнай сферы варта таксама паглядзець праз прызму якасці, лічыць Валерый Малашка: «Гэта познія шлюбы, нізкія паказчыкі нараджальнасці. Сёння мы павінны ў гэтай часці скарэкціраваць і нашу сацыяльную палітыку, і маладзёжную, у тым ліку ідэалагічны і духоўны складнікі беларускага грамадства, зрабіць перанастройку гэтых арыенціраў, якія прыйшлі з заходніх ідэалогій, з адкладзеных шлюбаў, з позняга нараджэння дзяцей, руху чайлдфры, якое пранікае ў наша грамадства. Мы павінны ўспомніць якасць беларусаў, якія заўсёды ўсе пытанні вырашалі ў сям’і, талакой. А тое, што беларусы людзі са знакам якасці, гэтую высокую планку Прэзідэнт задаў нам яшчэ ў 90-я гады. І нам усім трэба ёй адпавядаць».
Галоўнае — не збаўляць набраныя тэмпы
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках, лічыць Алена Маргунова, старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
«Для нашай экспартна арыентаванай эканомікі якасць з’яўляецца яе асновай, драйверам росту, іміджавым складнікам і сацыяльнай адказнасцю, — лічыць яна. — Таму аб’яўленне пяцігодкі якасці — вельмі правільны працяг Года якасці. Самае галоўнае сёння — не змяншаць набраныя тэмпы, працягваць шлях да ўдасканалення якасці і паляпшэнняў, ставіць новыя арыенціры».
Алена Маргунова паведаміла, што новыя задачы, накіраваныя на садзейнічанне рэальнаму сектару ў гэтай сферы, знойдуць адлюстраванне ў стратэгіі дзейнасці Дзяржстандарта да 2030 года, работа над якой зараз актыўна праводзіцца. Дакумент будзе ўключаць тыя глабальныя напрамкі, якія дадуць магчымасць забяспечыць удасканаленне арганізацыйнай сістэмы Дзяржстандарта, пашырэнне міжгаліновага ўзаемадзеяння ў пытаннях абароны ўнутранага рынку (у тым ліку беларускіх брэндаў ад фальсіфікацый), зняцця тэхнічных бар’ераў пры экспартных пастаўках айчыннай прадукцыі, а таксама далейшае развіццё інфраструктуры якасці. Адначасова пачнецца напрацоўка прыярытэтаў дзейнасці ў рамках праграмы «Якасць» на наступны часавы перыяд (2026-2030 гг.).
Сёння выкананне прадпрыемствамі сучасных стандартаў, удзел у іх распрацоўцы, развіццё вымяральнай і выпрабавальнай базы — тыя базавыя складальнікі, без якіх дасягнуць высокай якасці і яе прызнання немагчыма, падкрэсліла кіраўнік Дзяржстандарта.
Не толькі адукацыя, але і выхаванне
Сярод асноўных пасылаў указа аб пяцігодцы якасці асобна прапісана падтрыманне традыцыйных маральных каштоўнасцей, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец лічыць, што тут важная роля адведзена педагогам:
— Аб’яўленая Прэзідэнтам Беларусі пяцігодка якасці вызначае для ўсіх нас прыярытэты далейшага развіцця краіны, у тым ліку і ў такой найважнейшай сферы, як адукацыя. Менавіта ва ўстановах адукацыі, пачынаючы ад дзіцячых садкоў, фарміруецца грамадская самасвядомасць юных беларусаў, прывіваюцца такія каштоўнасці, як любоў да Радзімы і да сваёй сям’і, патрыятызм і павага да гістарычнай памяці. Таму ў сваёй штодзённай дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь задачай нумар адзін, як і раней, вызначае павышэнне якасці адукацыі як у працэсе навучання, так і ў выхаваўчым аспекце.
Міністр падкрэслівае, што дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі знаходзіць асаблівую падтрымку кіраўніцтва краіны: «Асноўныя кірункі ўдасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі разглядаюцца на Рэспубліканскім педагагічным савеце з удзелам Прэзідэнта. Сярод іх — даступнасць, павышэнне якасці, практыкаарыентаванасць, укараненне інавацыйных тэхналогій і методык, распаўсюджванне прынцыпу інклюзіі».
«Краіна ступіла з Года якасці ў пяцігодку якасці. Гэта значыць, абраны кіраўніцтвам дзяржавы шлях далейшага нарошчвання якасных паказальнікаў па ўсіх галінах эканомікі краіны, сацыяльнай і іншых сфер жыцця нашага грамадства будзе працягвацца», рэзюмую Андрэй Іванец.
Магчымасць для кожнага праявіць сябе
«Павышэнне эфектыўнасці, прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі і паслуг, — гэта і ёсць паляпшэнне якасці. І менавіта гэта спрыяе развіццю эканомікі і грамадства ў цэлым», — адзначае намеснік міністра прамысловасці Андрэй Кузняцоў.
Але якасць нават для прамысловых прадпрыемстваў ляжыць не толькі ў плоскасці эканомікі, лічыць ён. «Гэта не толькі надзейнасць, эксплуатацыйныя і спажывецкія ўласцівасці прадукцыі, — гаворыць Андрэй Кузняцоў. — Канешне, перад прадпрыемствамі стаіць задача павышаць прадукцыйнасць працы, скарачаць выдаткі, удасканальваць сістэму кіравання і карпаратыўную культуру. Але не менш важна і развіваць кадравы і творчы патэнцыял, эфектыўна матываваць работнікаў, ствараць спрыяльны сацыяльна-псіхалагічны клімат у працоўных калектывах».
Рэалізацыя ініцыятыў пяцігодкі якасці залежыць ад актыўнай пазіцыі кожнага чалавека, кожнага работніка. «Прэзідэнт Беларусі пастаянна падкрэслівае, што ў сваёй дзяржаве мы — адна вялікая сям’я, у якой ад працы кожнага грамадзяніна, яго ведаў, адказнасці залежаць сіла і росквіт усіх. Беларусы — працавіты народ, і ў яго адзінстве — вялізная перавага. Сваю адказнасць за росквіт роднай зямлі кожны павінен праяўляць у канкрэтных справах. І пяцігодка якасці — найлепшая магчымасць для кожнага праявіць сябе, паказаць свае здольнасці», — лічыць намеснік міністра прамысловасці.
Высокі стандарт у штодзённым рэжыме. Хаджаеў аб ахове здароўя ў пяцігодку якасці
Міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў расказаў журналістам аб прыярытэтах медыцынскай сферы ў будучай пяцігодцы якасці.
«Гэтая пяцігодка пазначана як пяцігодка якасці. Да гэтага ў нас быў Год якасці. Мы працавалі над тым, каб сістэма аховы здароўя па сваёй даступнасці і якасці медыцынскай дапамогі адпавядала сусветным стандартам. Пастаўленыя задачы патрабуюць ад нас звышматывацыі і звышсіл, каб мы змаглі тое, што маем, зрабіць самай лепшай якасці», — сказаў Аляксандр Хаджаеў.
Ён таксама адзначыў, што на сёння для паляпшэння якасці медыцыны ёсць як працоўныя, так і матэрыяльныя рэсурсы. «Усё тое, што складае сацыяльна-арыентаваная дзяржава, павінна мець у сістэме аховы здароўя самы высокі стандарт. Мы да гэтага будзем не толькі імкнуцца, але ў штодзённым фармаце старацца забяспечваць», — падкрэсліў міністр аховы здароўя.
Прэв’ю Лізаветы ГОЛАД