Якая ў Беларусі сітуацыя з кадрамі ў медыцыне, расказала першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, паведамляе БелТА.
Гаворачы аб укамплектаванасці ўстаноў, Алена Богдан назвала каэфіцыент сумяшчальніцтва, які складае 1,25. «Гэта абсалютна нармальны каэфіцыент: спецыяліст працуе на стаўку і плюс 0,25 сумяшчэння. Вядома, ёсць рэгіёны — Віцебская, Мінская, часткова Магілёўская, Гомельская вобласці, дзе ўкамплектаванасць ніжэйшая. Каэфіцыент сумяшчальніцтва — 1,3-1,37», — адзначыла першы намеснік міністра.
Існуе сістэма падрыхтоўкі кадраў і кадравае планаванне. «У гэтым годзе пайшлі іншым шляхам, чым ішлі мінулыя гады: скарацілі платны набор, максімальна павялічыўшы мэтавы. На ўсе факультэты ёсць мэтавы набор спецыялістаў. Пачалі выдачу накіраванняў, і ўжо на сённяшні момант (а да канца чэрвеня яшчэ шмат часу) абітурыенты ўзялі мэтавых накіраванняў больш, чым месцаў на паступленне», — падзялілася Алена Богдан.
Скарачэнне платнага навучання пракаментавала рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына Назаранка. Па яе словах, гэта было правільным рашэннем. «Якасную медадукацыю дзяржава дае магчымасць атрымаць бясплатна, за кошт павелічэння і мэтавага набору, і за кошт павелічэння колькасці бюджэтных месц, каб высокаматываваныя абітурыенты маглі на роўных умовах паступаць у медыцынскі ўніверсітэт», — адзначыла яна.
Назіраецца тэндэнцыя, што з кожным годам расце запатрабаванасць сярод абітурыентаў медыцынскага напрамку.
«Мы павялічылі набор больш як на 700. Хочаш бюджэт — калі ласка, ідзі на бюджэт, хочаш мэтавае накіраванне — бяры мэтавае накіраванне. Мы папрацуем гэты год, правядзём нашу ўступную кампанію. Будзем бачыць. На якасць выкладання ніяк не ўплывае платнае навучанне або бюджэт», — дадала першы намеснік міністра аховы здароўя.
Яна звярнула ўвагу, што мінімальную колькасць выпускнікоў бяруць свабодныя дыпломы.