Top.Mail.Ru

Якая дыета лічыцца лепшай для прафілактыкі пухлін?

Традыцыйна сярод фактараў, якія выклікаюць анкалогію, называецца і харчаванне. Але якім чынам яно звязанае з развіццём пухлін? Якія асаблівасці харчавання могуць правакаваць хваробу, а якія, наадварот, змяншаць яе верагоднасць? Ці сапраўды ёсць прадукты, якія служаць гарантаванай абаронай супраць анкалогіі? Наконт гэтага існуе столькі супярэчлівай інфармацыі, што самастойна ў ёй складана разабрацца. Дапамагчы ў гэтым я папрасіла галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі рэканструкцыйна-аднаўленчай хірургіі і анкамамалогіі РНПЦ АМР імя М. М. Аляксандрава, доктара медыцынскіх навук, прафесара Ніну АХМЕД.

— Ніна Мікалаеўна, ці ёсць ужо навуковыя доказы таго, што асаблівасці харчавання або рэгулярнае ўжыванне нейкіх прадуктаў непазбежна прыводзіць да развіцця анкалогіі?

— У параўнанні з такімі фактарамі рызыкі развіцця раку як генетыка або навакальнае ўздзеянне роля дыеты пакуль яшчэ недастаткова вывучаная. У апошнія гады гэтым пытанням, а таксама ролі рацыёну для прафілактыкі і лячэння анкалагічнай паталогіі ўдзяляюць усё больш увагі. Сувязь паміж харчаваннем і прагрэсаваннем пухліны вельмі складаная: эксперыментальна выявіць і навукова абгрунтаваць тыя ці іншыя заканамернасці цяжка. Зразумела, што дыет-панацэй, якія б гарантавалі абарону ад анкалогіі, няма. Аднак ёсць навуковыя даныя, якія пераконваюць: некаторыя харчовыя звычкі і пажыўныя рэчывы павялічваюць рызыку развіцця раку, а іншыя змяншаюць яе, а таксама пазітыўна ўплываюць на вынікі лячэння.


— Можна прывесці прыклад?

— Ужо няма сумненняў: празмернае спажыванне смажанага мяса, каўбас, вэнджаніны і г. д., што змяшчаюць прааксіданты, а таксама хуткіх рафінаваных вугляводаў (прысмакаў, кандытарскіх вырабаў, белага хлеба і інш.) — спрыяе хранічнаму запаленню, якое стварае мікраасяроддзе для росту і прагрэсавання пухлін. І наадварот, прадукты, якія змяшчаюць тлустыя Амега-3 кіслоты (тлустая марская рыба, многія віды алею, арэхі), а таксама прадукты, багатыя антыаксідантамі (садавіна і гародніна), аказваюць супрацьзапаленчае ўздзеянне, могуць змякчыць акісляльны стрэс, запаволіць развіццё раку.

— Менавіта таму найлепшай дыетай для прафілактыкі раку спецыялісты лічаць сёння міжземнаморскую дыету?

— Клінічныя даследаванні даказваюць, што менавіта гэтая дыета зніжае рызыку хранічных захворванняў, у тым ліку анкалагічных, запавольвае прагрэсаванне пухліны. У людзей, якія прытрымліваюцца міжземнаморскай дыеты, рызыка смерці ад раку на 18 % ніжэй у параўнанні з тымі, хто прытрымліваўся яе ў недастатковай ступені.

— Значыцца, шмат каму з беларусаў варта прыкметна перагледзець свае харчовыя звычкі?

— У кожнага народа свае традыцыі харчавання, і, безумоўна, не варта ад іх адмаўляцца. Аднак чаму б беларусам не дадаць у свой рацыён натуральных, мінімальна апрацаваных прадуктаў (гародніны, садавіны, злакаў, бабовых, арэхаў), увесці ў яго больш алею (рапсавага, аліўкавага, льнянога і інш.), абмежаваць чырвонае мяса, прысмакі, а аддаваць перавагу рыбе, птушцы, малочным прадуктам. Калі ў кагосьці няма жадання прытрымлівацца міжземнаморскай дыеты, то найлепшая рэкамендацыя для іх — харчавацца максімальна разнастайна, захоўваць баланс бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Гэта, дарэчы, спрыяльна адбіваецца і на мікрабіёме кішэчніка (разнастайнасці карысных мікраарганізмаў). А здаровы мікрабіём забяспечвае добрае страваванне, высокі імунітэт, абарону ад раку.

— А што кажа навука аб інтэрвальным галаданні, абмежаванні калорый, кетадыеце для прафілактыкі і развіцця раку? Часам яны падаюцца як вельмі эфектыўныя метады ў барацьбе з анкалогіяй...

— Інтэрвальнае галаданне (чаргаванне перыядаў прыёму ежы і перыядаў поўнай адмовы ад ежы на 10–14 гадзін) сёння, сапраўды, рэкамендуюць пры цукровым дыябеце 2 тыпу і ў шэрагу выпадкаў для прафілактыкі і лячэння некаторых анкалагічных захворванняў. Гэта далёка не ўсім паказана, і такое рашэнне павінен прымаць урач. Пераканаўчых клінічных доказаў эфектыўнасці гэтага метаду пакуль недастаткова. Таксама з улікам дыягназу пацыента, паказчыкаў крыві бывае апраўданым абмежаванне калорый: гэта змяншае ўзровень інсуліну і патэнцыйна запавольвае рост пухліны. Але пры гэтым баланс тлушчаў, бялкоў, вугляводаў у рацыёне ўсё роўна павінен захоўвацца. Пры цукровым дыябеце 2 тыпу для прафілактыкі і ў якасці дапаможной тэрапіі пры лячэнні раку рэкамендуецца таксама кетагенная дыета — з высокім утрыманнем тлушчаў, умераным утрыманнем бялку, нізкім утрыманнем вугляводаў. Кетадыета стварае неспрыяльнае асяроддзе і для злаякасных пухлін.


— Ніна Мікалаеўна, цікава пачуць ваша меркаванне пра цукар. Ён і праўда спрыяе росту ракавых клетак?

— Сустракала такія сцвярджэнні. Але асабіста я не рэкамендавала б пазбаўляць арганізм ад цукру цалкам. У разумнай колькасці ён неабходны для нас. Мозг не можа абыходзіцца без глюкозы, яна патрэбна яму для паўнавартаснай дзейнасці. У пераважнай большасці выпадкаў, на мой погляд, не трэба ні ад чаго адмаўляцца, лепш проста ведаць ва ўсім меру. Часта чую ад анкалагічных пацыентаў, што яны, напрыклад, выключаюць з харчавання малочныя прадукты. Наўрад ці гэта апраўдана, бо непазбежна вядзе да зніжэння кальцыю.

— Вегетарыянцы перакананыя: для прафілактыкі анкалогіі трэба адмаўляцца ад мяса. Ці ёсць гэтаму навуковыя доказы?

— Няма такіх доказаў. Хоць з некаторых буйнамаштабных назіранняў і робіцца выснова, што вегетарыянскія дыеты (калі выключана мяса, а малочныя прадукты, яйкі ўжываюцца) зніжаюць верагоднасць анказахворвання на 10–12 %. Высокае спажыванне расліннай ежы забяспечвае багатую крыніцу антыаксідантаў і фітахімічных рэчываў, якія дапамагаюць нейтралізаваць свабодныя радыкалы. Што да веганскай дыеты (якая выключае ўсе прадукты жывёльнага паходжання), то не рэкамендавала б яе нікому: пры ёй арганізм недаатрымлівае бялку, кальцыю, вітаміна В12, цынку, жалеза, поліненасычаных тлустых кіслот і іншых пажыўных рэчываў.

— Часта сустракаеш спісы топ-прадуктаў, рэкамендаваных для прафілактыкі анкалогіі. Сярод іх звычайна называюць аранжавую і чырвоную гародніну (балгарскі перац, моркву, гарбуз), зялёную гарбату, арэхі, брокалі, часнок, цыбулю, куркуму. Гэта сапраўды найлепшыя «абаронцы» ад раку?

— Гэта ўсё выдатныя прадукты-антыаксіданты, і пры адсутнасці нейкіх індывідуальных супрацьпаказанняў іх трэба ўключаць у рацыён. Але, паўтару, яны не гарантыя абароны ад анкалогіі. На жаль, прадуктаў і дыет, якія былі б панацэяй ад раку, няма.

Вольга Паклонская, 
фота прадстаўлена суразмоўніцай

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю