Top.Mail.Ru

Якая галоўная асаблівасць мінулых выбараў, што краіна чакае ад навукі і як Беларусь будзе падтрымліваць афрыканскіх партнёраў

Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.


Пачатак мінулага тыдня кіраўніка дзяржавы быў цалкам прысвечаны найважнейшай палітычнай падзеі — выбарам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Непасрэдна ў дзень галасавання, Аляксандр Лукашэнка, як вядома, сустракаўся з журналістамі. А на наступны дзень падвёў вынікі электаральнай кампаніі з місіямі міжнародных назіральнікаў ад СНД і ШАС. У Палац Незалежнасці прыязджала і дэлегацыя Панафрыканскага парламента, якая таксама назірала за нашымі выбарамі. Мінулы тыдзень быў насычаны і традыцыйнымі мерапрыемствамі — Прэзідэнт зацвердзіў план абароны Дзяржаўнай граніцы, а таксама ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам. І ўсё гэта на фоне шматлікіх віншаванняў ад замежных калег з перамогай на выбарах. 

1.«Мы былі адкрытыя. Скажу вам шчыра, нам не трэба было ні зачыняцца, ні нейкія рэсурсы адміністрацыйныя выкарыстоўваць. Гэта было б на шкоду, гэта б негатыўна ахарактарызавала выбары. Таму рабілі ўсё адкрыта», — адзначыў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з кіраўніком місіі ШАС па назіранні за выбарамі. Ён падкрэсліў, што ўпершыню журналістам нават былі паказаны стосы бюлетэняў падчас падліку галасоў. У размове з кіраўніком місіі назіральнікаў ад СНД Сяргеем Лебедзевым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на гэтых выбарах імкнуліся зрабіць усё так дэмакратычна, каб нават самы апошні вораг не прычапіўся. Назіральнікі запэўнілі, што гэта ўдалося — выбары прайшлі дэмакратычна і адкрыта. 

2.«Пазіцыя Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва вядомая. Мы будзем усяляк працаваць для таго, каб арганізацыя не толькі развівалася, але і ўмацоўвалася, для нас гэта вельмі важна. Мы бачым ШАС як арганізацыю, якая ў будучыні будзе сур’ёзным цэнтрам прыцягнення, цэнтрам сілы. І мы ганарымся тым, што з’яўляемся паўнапраўным членам гэтай арганізацыі. Дзякуй вам вялікі. Сваім калегам перадайце падзяку за тую работу, якую вы правялі падчас прэзідэнцкіх выбараў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Нурланам Ермекбаевым, які ўзначальваў місію ШАС па назіранні за выбарамі. Паколькі Беларусь удзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву ў рамках ШАС, толькі электаральнай тэмай гэта размова не абмежавалася — наперадзе шмат вялікай працы. 

3.«Беларусь падтрымлівае партнёраў з Афрыкі ў іх імкненні вырабляць свае прадукты харчавання за кошт унутраных рэсурсаў і быць незалежнымі ад знешніх фактараў. Рабіць гэта мы будзем не толькі за кошт паставак нашай прадукцыі, але і за кошт перадачы вам тэхналогій і стварэння там адпаведных прадпрыемстваў», — сказаў Прэзідэнт на сустрэчы з дэлегацый Панафрыканскага парламента, якая таксама назірала за правядзеннем выбараў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што партнёрства з Афрыканскім кантынентам бачыцца шматабяцальным. Таму гэта сустрэча стала выдатнай нагодай каб абмеркаваць гэтае ўзаемадзення з усім кантынентам у цэлым і з асобнымі краінамі ў прыватнасці. Дзесьці, напрыклад, у Зімбабвэ ці ў Кеніі, трэба працаваць над ужо дасягнутымі дамоўленасцямі і ставіць новыя мэты. А некаторыя напрамкі, напрыклад, Каба-Вердэ для сябе трэба адкрываць. 

4.«Гэта не проста лінія дзяржаўнай граніцы на зямлі, па вадзе і ў паветры, — адзначыў беларускі лідар, зацвярджаючы рашэнне па абароне Дзяржаўнай граніцы на 2025 год — Гэта найсур’ёзнейшае рашэнне па абароне нашага суверэнітэту і абароне нашай дзяржавы». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў ахове беларускіх граніц прымаюць удзел усе сілавыя структуры краіны — ад міліцыі да міністэрства абароны. Ён растлумачыў гэта тым, што ахову дзяржаўнай граніцы працягласцю 3617 кіламетраў адны пагранічныя войскі забяспечыць не змогуць. А паколькі сітуацыя на граніцах застаецца напружанай, на што звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, толькі мабілізаваўшы ўсе сілы, якія ёсць у краіне, — ад міліцыі да арміі, мы зможам супрацьстаяць праціўніку.

5.«Хачу яшчэ раз дакладна пазначыць маю пазіцыю. Наш прыярытэт — прыкладныя навуковыя даследаванні ў тых сферах, дзе ў нас ёсць сур’ёзныя кампетэнцыі, і якія запатрабаваны эканомікай і самім жыццём. Пад гэтыя задачы мы заўсёды знойдзем сродкі і створым усе неабходныя ўмовы для вучоных», — заявіў Прэзідэнт дактарам навук і прафесарам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта пяцігодка будзе не толькі пяцігодкай моладзі, але і пяцігодкай вучоных. Аднак і спытаюць з іх адпаведна. Асабліва ў тых навуковых сферах, якія патрэбныя жыццю і эканоміцы. Яны павінны даваць вынік — такое жалезнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы. 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю