Вам не падаецца, што быць жанчынай даволі складана? Ва ўсе часы, ва ўсе гістарычныя эпохі імкненне жанчыны да паляпшэння свайго вобразу ўзбагаціла кучу прадпрымальнікаў, дамоў мод і карпарацый (як бы яны ні назваліся), якія з задавальненнем нажываліся на вытворчасці і продажы прадметаў догляду для іх.
І нават у першыя гады савецкай улады, калі на парадку дня, кажучы сённяшняй мовай, былі зусім іншыя пытанні, жанчыны не змянялі самі сабе, і актыўна карысталіся парфумернай прадукцыяй і папаўнялі бюджэт краіны Саветаў.
Наогул, росквіт айчыннай (у шырокім сэнсе слова) парфумерыі адбыўся ў канцы ХІХ стагоддзя дзякуючы знакамітым прадпрымальнікам і фабрыкантам, такім як Генрых Бракар, Рале, Ферэйн, Астравумаў. Але пасля рэвалюцыі, усе іх фабрыкі былі нацыяналізаваны і перайшлі ва ўласнасць савецкай дзяржавы.
У 1920-1930 гады ўсе прадпрыемствы Масквы, Ленінграда Мінска, Харкава, Кіева, Адэсы, Ташкента і іншых гарадоў, якія вырабляюць парфумерыю, аб’ядналі ў трэст «Жыркосць» або так званы «Маслажырсіндыкат», які сталі называць абрэвіятурай — ТЭЖЭ.
А ў Пецярбургу гэты трэст, праўда, атрымаў назву «ЛЕНЖЭТ». Адпаведна, існавала і Беларускае аддзяленне Дзяржаўнага сіндыката маслабойна-тлушчавай прамысловасці «Маслажырсіндыкат» Вышэйшага Савета народнай гаспадаркі СССР. Вось такая ў яго была афіцыйная назва.
ТЭЖЭ гучала прывабна, па-французску, але чаканая поўная назва «Дзяржаўнае аб’яднанне (трэст) заводаў тлушчавай косцеапрацоўчай прамысловасці („Жыркосць“) і гігіены» гучыць сур’ёзна і важка, бракаробаў у трэсце не трымалі! Дарэчы, ля вытокаў стварэння трэстам «Жыркосць» стаяла сама Паліна Жамчужына, жонка Вячаслава Молатава, кіраўніка савецкага ўрада на той момант. Яна загадвала ўсёй парфумерна-касметычнай прамысловасцю ў Савецкім Саюзе і шмат чаго зрабіла, каб прывучыць савецкіх жанчын да добрых духоў, крэмаў, пудры.


Сама яна вельмі часта падарожнічала (мела такую магчымасць), прыязджала ў Парыж, Берлін, дзе купляла ўзоры духаў, дзякуючы чаму савецкія парфумеры маглі рабіць водары, канкуруючыя з французскімі.
«Жанчына заўсёды павінна сачыць за сабой, за сваім тварам і целам, за пазногцямі, за валасамі. Заўсёды можна ўрваць для гэтага хоць бы некалькі хвілін», — лічыла яна.
Трэст сур’ёзна падыходзіў да рэалізацыі сваёй прадукцыі. У арганізацыю былі аб’яднаны шматлікія прадпрыемствы парфумернай (у тым ліку і нацыяналізаваная савецкай уладай знакамітая парфумерная фабрыка «Таварыства А. Рале і Ко») і косцеперапрацоўчай прамысловасці. Асноўнай задачай трэста было забеспячэнне мылам і мыйнымі сродкамі насельніцтва Савецкай рэспублікі. Мыла рабілі з усяго, у тым ліку і з бадзячыхых сабак, якіх спецыяльна адлоўлівалі для гэтых мэт. Менавіта з канца 20-х гадоў у айчынным футболе ў асяроддзі балельшчыкаў прыжыўся вядомы і сёння лозунг «Суддзю на мыла!» (дзякаваць богу, футбольныя арбітры не пацярпелі).
У 1936 годзе ў СССР з’яўляецца Галоўнае ўпраўленне парфумерна-касметычнай і эфіра-алейнай прамысловасці (Галоўпарфумер) Мінпрамхарчтавараў СССР, якое называлася так да 1956 года. На парфумерна-касметычнай прадукцыі па-ранейшаму ставяць абрэвіятуру ТЭЖЭ. Дарэчы, акрамя мыла, пад гэтай абрэвіятурай выпускаліся таксама знакамітыя духі «Чырвоная Масква», вядомыя ў дарэвалюцыйнай Расіі пад назвай «Букет імператрыцы».
Варта адзначыць, што ў першыя гады савецкай улады ў парфумернай прамысловасці яшчэ выкарыстоўвалі флаконы, зробленыя па старых формах. Тады яшчэ заставаліся ранейшымі і найменні тавараў, звыклыя для пакупніка. Сярод парфумерных вырабаў такімі былі духі «Кармэн», «Букет маёй бабулі», «Магнолія», «Мае Мроі» і інш. Аднак гэта працягвалася нядоўга. Партыйныя ідэолагі хутка сцямілі, што паверхню флаконаў можна выкарыстоўваць для агітацыі і прапаганды. І на этыкетках савецкіх духоў з’явіліся сцягі і стужкі, каласы, пяціканцовыя чырвоныя зоркі, сярпы і молаты, выявы рабочага і калгасніцы, а таксама — выявы новых, савецкіх, дзяўчат: спартсменак, калгасніц, ударніц і г. д.

Да афармлення этыкетак і дызайну флаконаў прыцягваліся многія вядомыя тагачасныя мастакі: С. Чаханін, А. Родчанка, А. Мандрусаў, К. Юон, А. Дэйнека, В. Канашэвіч, І. Фаміна. Тым не менш, у СССР працягвала захоўвацца старадаўняя тэхналогія вырабу футаралаў для парфумерыі і касметыкі. Аб’ёмныя клееныя футаралы з багатай шаўковай драпіроўкай усярэдзіне і з фігурным «гняздом» для флакона існавалі да канца 60-х гадоў як характэрная дэталь ужо савецкага стылю, калі многія грамадзяне карысталіся духамі толькі па святах і, а парфумерыя была жаданым і рэдкім падарункам. А вось пахі, якія пакарылі не толькі СССР, але і, бадай, увесь свет, беззваротна засталіся ў дарэвалюцыйным часе.