Top.Mail.Ru

Які беларускі вопыт і тэхналогіі запатрабаваны ў Расіі

Супрацоўніцтва з улікам рэгіянальнай спецыфікі


У рамках Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2026» міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Юрый ГОРЛАЎ сустрэўся з прадстаўнікамі 15 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Падчас круглага стала «Беларусь-Расія: супрацоўніцтва і перспектывы» ўдзельнікі дзяліліся вопытам, расказвалі пра дасягненні ў АПК, сумесныя праграмы і вызначалі шляхі для далейшага ўзаемадзеяння. Кіраўнікі дэлегацый расійскіх рэгіёнаў выказалі зацікаўленасць у пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне сумесных навуковых праграм, звязаных з селекцыяй і генетыкай, лічбавізацыяй сельскай гаспадаркі, укаранннем новых тэхналогій.

Юрый Горлаў назваў асабліва перспектыўныя кірункі для далейшага супрацоўніцтва. Сярод іх — развіццё малочнатаварных комплексаў (пастаўкі абсталявання для даільных залаў), птушкагадоўля, сумесная распрацоўка сартоў цукровых буракоў, селекцыя ільну. Расійскім калегам можа быць цікавым і беларускі вопыт па вырошчванні рапсу: як сарты і гібрыды, выведзеныя вучонымі, так і тэхналогіі, — асабліва гэта датычыцца азімага рапсу, які па ўраджайнасці абганяе яравы. Заслугоўваюць увагі таксама новыя беларускія тэхналогіі па апрацоўцы глебы і тэхніка для безадвальнай вытворчасці.

Міністр сельскай гаспадаркі Калужскай вобласці Аляксандр ЯФРЭМАЎ расказаў пра планы павялічваць у рэгіёне вытворчасць яек, і беларускі вопыт у гэтым кірунку, а таксама дасягненні, звязаныя з генетыкай курэй-нясушак, вельмі цікавяць расійскіх вытворцаў. Калужская вобласць таксама плануе развіваць супрацоўніцтва з прадпрыемствам «Гомельагракамплект». Пры будаўніцтве новай малочнатаварнай фермы ў рэгіёне распрацоўваецца праект па яе аснашчэнні беларускім абсталяваннем. У планах таксама стварэнне вучэбнага цэнтра, на базе якога вытворцы маглі б навучаць супрацоўнікаў, на практыцы паказваць, як працуе беларускае абсталяванне. На думку Аляксандра Яфрэмава, самыя лепшыя кормаўборачныя камбайны — у «Гомсельмаша». У рэгіёне зацікаўлены і ў стварэнні сэрвісных цэнтраў, а таксама праграмы па навучанні механізатараў для работы на такой тэхніцы. У Калужскай вобласці даўно выношваецца ідэя супрацоўніцтва з «Амкадорам», ужо падпісана рамачнае пагадненне, тут гатовы прадставіць пляцоўкі для мультыбрэндавага цэнтра беларускай тэхнікі на тэрыторыі Калужскай вобласці. У рамках рэгіянальнай праграмы «100 рабатызаваных ферм» расіянам патрэбны робаты для даення, і яны гатовы супрацоўнічаць з беларусамі, якія працуюць у гэтым кірунку.

Пры распрацоўцы праграм узаемадзеяння з расійскімі рэгіёнамі трэба ўлічваць іх асаблівасці і спецыялізацыю. Так, у Тамбоўскай вобласці, дзе сельская гаспадарка гістарычна з’яўляецца адной з самых паспяховых у Расіі, далейшае развіццё плануецца рабіць не за кошт прырошчвання тэрыторый, а праз інтэнсіфікацыю. Тут будуць запатрабаванымі беларускія распрацоўкі, звязаныя з лічбавізацыяй АПК, выкарыстаннем беспілотных сістэм. У Тамбоўскай вобласці будуць рады падказкам беларускіх вучоных і вытворцаў у галіне пладаводства.

Краснаярскі край доўгі час займае лідзіруючыя пазіцыі ў Расіі па вытворчасці рапсу. Ужо наладжаны кантакты з беларускімі калегамі, звязаныя з насенняводствам. Гасцей зацікавіла абсталяванне па экстракцыі рапсавага алею і па вытворчасці грануляту травы.

Смаленская вобласць займае першае месца ў Расіі і па пасяўных плошчах, і па перапрацоўцы ільну-даўгунцу, які там называюць «паўночным золатам». Суседзі актыўна супрацоўнічаюць з беларускімі навукоўцамі, якія займаюцца вывучэннем гэтай культуры, дасягнута дамоўленасць аб стварэнні сумеснага селекцыйна-насенняводчага цэнтра. Смаленшчына актыўна развівае сельскую гаспадарку, пашырае пасяўныя плошчы, натуральна, расце і экспарт іх прадукцыі, у тым ліку і ў Беларусь. У той жа час расце і імпарт з Беларусі: за 2025 год прадукцыі АПК увезена на 872 млн долараў, што на 24 % больш, чым годам раней. Сёння суседзі актыўна абнаўляюць парк сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. 70 % трактароў, якія працуюць на землях Смаленшчыны, — беларускай вытворчасці, таму расце патрэба ў адпаведным навучанні кадраў. У Смаленскай сельскагаспадарчай акадэміі плануецца абсталяваць лабараторыю, аснасціць яе вузламі і агрэгатамі (ужо ёсць дамоўленасць з МТЗ), дзе будучыя механізатары змогуць павышаць свой узровень кампетэнцый.

У Алтайскім краі падобны цэнтр ужо працуе. Тут разумеюць, што менавіта дзякуючы тэхніцы МТЗ можна далей развіваць сельскагаспадарчую вытворчасць. Сёння на Алтаі сярод трактароў, якія працуюць на палях, 43 % беларускай вытворчасці. «Гэту лічбу хацелася б павялічыць да 50-60 %, — адзначыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Алтайскага краю Міхаіл ЧМЫРОЎ. — Вельмі чакаем ваш тытан — трактар BELARUS 5425. Нам патрэбна высокавытворчая тэхніка, асабліва ў стэпавай частцы, якая прымыкае да Казахстана, з вялізнымі палямі, загонамі ў 4-5 кіламетраў у адзін бок». Сёння першыя трактары BELARUS 5425 праходзяць выпрабоўванне ў палявых умовах. Як заўважыў Юрый Горлаў, такіх машын на кампактную Беларусь дастаткова 300 адзінак. «І нам такой тэхнікі трэба не менш як 300», — сказаў Міхаіл Чмыроў, заўважыўшы, што новы беларускі супертрактар можа мець высокі экспартны патэнцыял як у Расіі, так і ў Казахстане.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю