Top.Mail.Ru

Які код пос­пе­ху ў су­час­най жан­чы­ны?

Сі­ла быць са­бой


У рабочым пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна жанчын розных пакаленняў сабрала інтэрактыўная пляцоўка «Сучасная жанчына: код поспеху». Упершыню на раённым узроўні яна прайшла ў рамках рэспубліканскага сацыяльнага праекта «Рука дапамогі», ініцыяванага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Праект адрасаваны жанчынам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, і накіраваны не толькі на матэрыяльную, але і на эмацыянальную падтрымку.

Як падкрэсліла старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька, для раёна інтэрактыўная пляцоўка ў Бальшавіцкім сельсавеце — толькі пачатак мерапрыемстваў у падтрымку жаночай самарэалізацыі, інстытута сям’і, мацярынства. На працягу года такія сустрэчы пройдуць ва ўсіх сельсаветах раёна. Фарматы сустрэч будуць рознымі, але галоўнай тэмай застанецца вызначэнне складнікаў асабістага поспеху жанчын.

З ініцыятывай правесці адкрытыя жывыя мерапрыемствы для жыхарак выступіў раённы Савет дэпутатаў. Падтрымалі пачынанне дэпутатаў Гомельскі райвыканкам і раённая арганізацыя ГА «Беларускі саюз жанчын».

На інтэрактыўнай пляцоўцы «Сучасная жанчына: код поспеху» парадавала актыўнасць спікераў і запрошаных гасцей. Працаваў «свабодны мікрафон», што дазволіла жыхаркам рабочага пасёлка Бальшавік стаць паўнавартаснымі ўдзельніцамі дыялогу.

Асобны блок прысвяцілі размове пра тое, што сёння значыць быць паспяховай. У дыялог уключыліся жанчыны розных пакаленняў і прафесій. Загадчык аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гомельскага раёна, практыкуючы псіхолаг крызіснай і сямейнай псіхалогіі Вольга Ючко прапанавала паглядзець на поспех як на індывідуальную траекторыю развіцця. Абмяркоўвалі, чаму жанчына часам не адважваецца заявіць пра сябе, як унутраныя абмежаванні ўплываюць на прафесійны рост, разважалі пра страх перамен, недахоп часу для сябе, пра сувязь здароўя і прафесійнай рэалізацыі.

Асаблівую цікавасць выклікала выступленне ветэрана педагагічнай працы Тамары Туняковай. Больш за 35 гадоў Тамара Іванаўна адпрацавала ў сістэме адукацыі, шмат гадоў узначальвала Торфазаводскую сярэднюю школу. У цэлым педагагічная дынастыя сям’і Туняковых налічвае звыш 400 гадоў агульнага стажу. Тамара Іванаўна падкрэсліла каштоўнасць працы і адказнасці перад вучнямі, іх бацькамі і калегамі-педагогамі.

— Код поспеху — ісці наперад і не аглядацца назад. Жыццё жанчыны і яе поспех залежаць ад яе самой. Кожная з нас мае місію — несці прыгажосць, дабро, міласэрнасць. У гэтым і ёсць шчасце жанчыны, — выказала ўпэўненасць паважаны педагог.

Тэму балансу сям’і і прафесіі на сустрэчы працягнула Анастасія Чэпікава — маці траіх дзяцей, кантралёр прадпрыемства «Шклозавод «Ведатранзіт»: «Поспех для мяне — гэта цеплыня ў сям’і і любоў да сваёй працы».

Пра магчымасці самарэалізацыі расказалі жыхаркі Бальшавіка Святлана Пешкун і Галіна Цыганкова. Святлана Мікалаеўна Пешкун — бухгалтар завода тарфянога машынабудавання «Бальшавік», а яшчэ аматар-кветкавод, вырошчвае дэкаратыўныя расліны, вырабляе святочную ўпакоўку для ласункаў. На памяць аб сустрэчы яна падарыла вазончыкі лаванды, каб удзельніцы змаглі пасадзіць расліну ў сваіх кветніках.

Галіна Цыганкова, інспектар па кадрах прадпрыемства «Гомелькабель», пасля пяцідзесяці гадоў знайшла сябе ў дэкаратыўнай творчасці. Яна стварае цацкі. Галіна Іванаўна аформлена як самазанятая і атрымлівае дадатковы даход.

— Для мяне код поспеху жанчыны — гэта мара, да якой трэба імкнуцца. Але проста марыць — мала. Бяры — і рабі, тады будзе вынік, — пераканана жанчына.

Па выніках сустрэчы ўдзельніцы вылучылі для сябе важныя арыенціры коду поспеху. Сярод іх — знайсці ўласны шлях, а калі разумееш, што рухаешся не туды, не баяцца звярнуцца па дапамогу. Пераканаліся, што вынік прыходзіць паступова і ўсяму свой час. Важна быць настойлівай і ўмець радавацца свайму росту «тут і цяпер», захоўваць вернасць сабе і сваёй справе.

Асаблівасцю пляцоўкі стала тое, што размова не абмежавалася натхняльнымі гісторыямі. Удзельніцы — жыхаркі Бальшавіцкага сельсавета — атрымалі кансультацыі спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, аддзела эканомікі, Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па пытаннях працаўладкавання, прафесійнага навучання, дзяржаўнай падтрымкі, сацыяльнага абслугоўвання.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Гомельскага райсавета дэпутатаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю