Напярэдадні Дня касманаўтыкі ў кінатэатры «Піянер» адбыўся прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Наш космас». Кінастужка выйшла на студыі «Летапіс» нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», яе рэжысёрам-пастаноўшчыкам стаў Дзмітрый Лось. Праца прысвечаная ўнёску Беларусі і беларусаў у асваенне касмічнай прасторы.
Фільм кожным эпізодам пацвярджае, што, калі ў чалавека ёсць мэта, то яму скараецца любая вяршыня і вышыня. Ён можа нават даляцець да зор. Тут і зараз на вялікім экране глядач бачыць вядомых касманаўтаў, але ў тое ж імгненне ўсведамляе, які шлях кожны з іх прайшоў, каб пераадолець зямное прыцягненне, каб вярнуцца дадому сапраўдным героем.
Асаблівую цеплыню кінастужцы надаюць малавядомыя шырокаму колу гледачоў «нябесныя» і «зямныя» кадры з удзелам лётчыкаў-касманаўтаў — выхадцаў з Беларусі. Таксама гледачы ўпершыню пачуюць, што сказалі адзін аднаму Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, калі сустрэліся на арбіце, убачаць, як сустракалі нябесных першапраходцаў на іх малой радзіме, а яшчэ змогуць пранікнуцца яркімі, эмацыянальнымі расповедамі Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай пра іх гераічную «касмічную працу» і пра тое, як выглядае наша Беларусь у космасе.
— Зрабіць фільм мяне натхніў палёт у космас Марыны Васілеўскай, бо гэта была знамянальная падзея для ўсіх нас. Разам з тым не толькі касманаўты, але і вялікая колькасць іншых людзей працуе ў гэтай галіне ў нашай краіне, — падзяліўся рэжысёр кінастужкі Дзмітрый Лось. — Падчас работы над фільмам мы якраз і пазнаёміліся з такімі героямі, а таксама ў працэсе звярталіся да архіўных матэрыялаў. Хранаметраж у нас 26 хвілін, і калі толькі рыхтаваліся да здымак, то некаторыя казалі, быццам немагчыма столькі часу распавядаць пра беларускі космас, маўляў, дзе вы столькі матэрыялу знойдзеце? А цяпер я магу сказаць, што на гэту тэму можна цэлую серыю фільмаў зрабіць, бо вельмі многае робіцца людзьмі і дзяржавай... Для мяне беларускі космас — гэта размова пра беларускую душу, пра нашу працавітасць, цярпенне, міралюбівасць, а не проста лічбы і даты.
Прэм’ерны паказ фільма «Наш космас» па ўсёй краіне стартаваў 10 красавіка, і на працягу некалькіх месяцаў убачыць кінастужку на вялікім экране змогуць усе жадаючыя. А ў перспектыве ў стваральнікаў кінакарціны ёсць жаданне працягнуць аповед пра прафесіяналаў касмічнай галіны.
Фота Лізаветы ГОЛАД