Top.Mail.Ru

Якіх вектараў трэба прытрымлівацца будаўнічай галіне Віцебскай вобласці ў наступнай пяцігодцы, абмеркавалі дэпутаты

Прыярытэт — жыллю, дарогам, інфраструктуры

Асноўнымі паказчыкамі, па якіх насельніцтва ацэньвае эфектыўнасць дзейнасці будаўнічага комплексу, з’яўляюцца ўзвядзенне аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры, сацыяльных аб’ектаў, уключаных у інвестыцыйныя праграмы, і ўвод у эксплуатацыю жылля.

Такая думка прагучала на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.

Як на прыярытэтныя кірункі ў будаўнічай сферы старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў указаў на ўвод у эксплуатацыю арэнднага жылля і працягласць прафінансаваных, узведзеных і рэканструяваных якасных дарог рэспубліканскага і мясцовага значэнняў.

За 2021 — 2025 гады ў вобласці ўведзена ў эксплуатацыю 1 млн 323 тыс. кв. метраў жылля. Штогод здаецца каля чатырох тысяч кватэр, больш за дзве тысячы сем’яў паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы, а жылфонд прырастае больш як на 200 тысяч «квадратаў». Чарга грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, за пяцігодку, што заканчваецца, скарацілася з 61,2 тыс. чалавек да 55,1 тысячы.

Сёлета здадзена 23 шматкватэрныя дамы і 145 тыс. кв. метраў індывідуальных, што перавышае заданне на дзевяць месяцаў.

За бягучую пяцігодку ў паўночным рэгіёне ўзвялі пяць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, рэканструявалі будынак былой бальніцы пад Полацкае кадэцкае вучылішча, а таксама Аляксандраўскі сацыяльны пансіянат «Рачная сядзіба». Там жа пабудавалі новы корпус. Маштабныя змяненні закранулі гасцініцу «Віцебск», лыжаролерную трасу Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву. У спісе — масты, спартыўныя аб’екты, вуліцы, плошчы, інтэрнаты і школы.

Да канца года завершыцца будаўніцтва такіх буйных аб’ектаў, як дзіцячыя садкі ў Лепелі і Оршы, корпус Пастаўскай раённай бальніцы, рэканструкцыя інфекцыйнай бальніцы, гасцініцы і культурна-дзелавога цэнтра ў Віцебску.

Што датычыцца аўтадарог мясцовага значэння, мэтавыя паказчыкі Дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі» стабільна выконваюцца. Сёлета планавалася адрамантаваць 520 км дарог, ужо ўведзена ў эксплуатацыю 314 км. На наступны год рамонту падлягае 525 км мясцовых дарог. Завяршаецца рэканструкцыя трох мастоў, адзін здадзены.

Па даручэнні Прэзідэнта трэба забяспечыць сувязь сталіцы з абласнымі цэнтрамі і транзіт па тэрыторыі Беларусі па дарогах 

І тэхнічнай катэгорыі. Пры гэтым участак дарогі ад 87,9 да 151 км Езярышча — Віцебск адносіцца да ІІ катэгорыі. У праекце Дзяржпраграмы «Дарогі Беларусі» на наступную пяцігодку гэта дарога згадваецца, але патрабуецца канкрэтызацыя па пытаннях яе рэканструкцыі. Дагэтуль яшчэ не вызначана крыніца фінансавання рэканструкцыі пад’езда да Наваполацка праз Экімань.

Старшыня Пастаяннай камісіі аблсавета па пытаннях развіцця будаўнічага комплексу, транспарту, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадаркі Ігар Ісачанка агучыў пункты, выкананне якіх, на думку членаў камісіі, будзе садзейнічаць вырашэнню праблем будаўнічых арганізацый. Сярод іх — утрыманне кадраў за кошт забеспячэння годнай заработнай платы, засваенне сродкаў у рамках інвестыцыйных праграм, кантроль за ўводам у эксплуатацыю як шматкватэрных дамоў, так і жылля індывідуальнай забудовы. На асаблівым кантролі, заўважыў дэпутат, неабходна трымаць засваенне грашовых сродкаў і тэрміны ўводу ў эксплуатацыю буйных сацыяльных аб’ектаў.

Святлана ЯКАЎЛЕВА

фота з адкрытых крыніц

Падчас наваселля ў аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю