У Авальнай зале Дома ўрада пад кіраўніцтвам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара СЕРГЯЕНКІ прайшоў семінар на тэму «Акутальныя пытанні прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні зямель на сучасным этапе». На ім дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, кіраўнікі рэспубліканскіх мясцовых органаў улады, прадстаўнікі судзейскага корпуса абмеркавалі даволі аб’ёмны спектр пытанняў, прааналізавалі дзеянні нормаў заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, прымяненне зямельнага заканадаўства, рэалізацыю норм і многае іншае.
Планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2025 год, зацверджаным кіраўніком дзяржавы, прадугледжана распрацоўка праекта Закона па пытаннях рэгулявання зямельных адносін. Пра гэта на семінары заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. Ён нагадаў прысутным, што новая рэдакцыя Кодэкса аб зямлі была прынятая адносна нядаўна — у сярэдзіне 2022 года: «Гэта тэма абмяркоўвалася даволі доўга, было прынята канчатковае рашэнне і, адпаведна, новая рэдакцыя пачала дзейнічаць з першага студзеня 2023 года. Практыка прымянення заканадаўства ў гэтай сферы, аналіз шматлікіх зваротаў грамадзян сведчаць аб наяўнасці шэрагу праблемных пытанняў, якія прыводзяць да неаднастайнага, а часам і няправільнага прымянення Кодэкса. Першы блок такіх пытанняў складаюць выпадкі, калі ў падзаконных актах ўтрымліваюцца нормы, якія не адпавядаюць закону, але тым не менш актыўна прымяняюцца службовымі асобамі на практыцы. Як вынік — вялікая колькасць скаргаў землекарыстальнікаў на парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў».
Абмяркоўвалі на семінары і вядомую тэму зямельнай амністыі. Паводле слоў спікера Палаты прадстаўнікоў, заяўнікі неаднаразова звярталіся з просьбай падоўжыць яе тэрмін: «Гэта ўжо было зроблена ў нядаўна прынятым намі Законе па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй. Сёння людзі таксама просяць пашырыць сферу інстытута зямельнай амністыі ў частцы падстаў прымянення кола асоб, на якіх яна распаўсюджваецца».
Трэці тэматычны блок, які абмеркавалі на семінары, — пытанні адносна працягласці тэрмінаў правядзення землеўпарадкавальных работ, вырабу матэрыялаў па адводзе зямельных участкаў, устанаўленне іх межаў, прыняцце рашэнняў на месцах па зямельных пытаннях. «Паводле інфармацыі ўрада, пэўныя крокі для ліквідацыі гэтых праблем ужо зробленыя, засталося іх фармалізаваць у нарматыўных актах. Чацвёрты блок — кошт адпаведных працэдур. Паступаюць звесткі аб даволі высокім кошце як землеўпарадкавальных работ, так і аплаты за іх легалізацыю, але гэта толькі частка праблем», — заўважыў Ігар Сергяенка.
Ён дадаў, што з мінулага года дэпутацкім корпусам вядзецца работа па сістэматызацыі пытанняў, прапаноў па ўдасканаленні зямельнага заканадаўства: «Такія прапановы акумуляваныя, накіраваны ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Профільная пастаянная аграрная камісія таксама ўдзельнічае ў распрацоўцы праекта Закона па пытаннях ўрэгулявання зямельных адносін. Нам неабходна прадметна абмеркаваць пытанні, якія ўзнікаюць, у тым ліку праблемныя, выпрацаваць шляхі вырашэння, намеціць арыенціры далейшай сумеснай работы па ўдасканаленні зямельнага заканадаўства», — абазначыў Ігар Сергяенка задачы для ўдзельнікаў семінара.
Кіраўнік дзяржавы пастаянна акцэнтуе ўвагу дзяржаўных органаў кіравання, мясцовых органаў кіравання на неабходнасць навядзення парадку на зямлі, выканання мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў, а таксама ўцягванне ў абарот невыкарыстоўваемых зямельных участкаў і пустуючых жылых дамоў. Намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Мікалай Бабер адзначыў: «Сённяшні семінар якраз-такі і быў прызначаны для таго, каб абмеркаваць тыя прапановы, якія да нас паступаюць. Яны накіраваны, у першую чаргу, на аптымізацыю самой працэдуры канфіскацыі і прадастаўлення зямельных участкаў, яе спрашчэння, скарачэнне тэрмінаў выканання работ і павышэнне эфектыўнасці прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў».
Мікалай Бабер падкрэсліў, што ў гэтую работу актыўна ўключыліся дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі, спецыялісты розных дзяржорганаў, мясцовыя органы выканаўчай улады: «І мы зараз хочам стварыць заканадаўства, якое ў поўнай меры дазволіла б павысіць эфектыўнасць уцягвання невыкарыстоўваемых зямель у абарот, а таксама стварыць спрыяльныя ўмовы для рэгулявання зямельных адносін і кіравання зямельнымі рэсурсамі ў нашай краіне».
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч заявіў, што пытаннямі прымянення заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб ахове і выкарыстанні зямель на сучасным этапе ў камісіі займаюцца актыўна, падобны семінар праводзілі і да гэтага. «Кодэкс аб зямлі дзейнічае, у яго была укладзена сапраўды вялікая значная работа, — заўважыў ён. — За гэтыя два гады назапасілася шмат нюансаў, якія мы абавязаны разгледзець. Гэта і звароты грамадзян, якія людзі накіроўваюць у парламент нашай краіны, у аблвыканкамы, у іншыя выканаўчыя ўлады. Гэта і каля 370 пытанняў, якія паступілі да нас па Кодэксе аб зямлі. Наша задача — уважліва вывучыць гэтыя пытанні на семінары і ўнесці змены і дапаўненні».
Іван Маркевіч адзначыў, што людзі ўдзячныя за прыняцце зямельнай амністыі. Пры гэтым сёння яны просяць паскорыць пытанне атрымання дакументаў зямельнага характару. «Ну і таксама, як заўсёды, нашых людзей хвалюе аплата. У цэлым, гэты законапраект яшчэ не паступіў у парламент, ён у бліжэйшыя тры месяцы паступіць да нас. І я думаю, што мы ўзмоцнена, прадметна, сістэмна будзем працаваць над тым, каб у першым і ў другім чытаннях сёлета прыняць гэтыя папраўкі ў Зямельны кодэкс».
фота БелТА.