Наступнае свята хлебаробаў — абласныя «Дажынкі» на Міншчыне — пройдуць у адным з самых старажытных гарадоў нашай краіны, горадзе-музеі пад адкрытым небам — Заслаўі. І, здавалася б, да восені яшчэ ёсць час, работы па падрыхтоўцы горада да святкавання абласных «Дажынак» набіраюць тэмпы ўжо сёння. Пасля комплекснага добраўпарадкавання перад горадам будуць стаяць адказныя задачы: з размахам правесці фестываль-кірмаш і на сваім прыкладзе паказаць, якой павінна быць сталіца Мінскай вобласці. Для таго, каб пракантраляваць падрыхтоўку да абласных «Дажынак», у аўторак было арганізавана пасяджэнне штаба. Удзел у яго рабоце ўзяў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да адказнай нарады і пастараўся высветліць, чым будзе здзіўляць жыхароў і гасцей горад Заслаўе падчас святкавання галоўнага свята хлебаробаў.
Музей пад адкрытым небам
Перад пачаткам пасяджэння, адразу па прыбыцці ў горад, кіраўнік Міншчыны агледзеў тыя аб’екты, якія павінны маштабна змяніцца да абласных «Дажынак». Сярод іх — Рыначная плошча. Гэта, па сутнасці, гістарычны цэнтр горада. Да галоўнага свята хлебаробаў тут з’явяцца веладарожка, пана-бол, скейт-парк. Яркім упрыгожваннем плошчы стане алея з дэкаратыўных дрэў. Затым губернатар Міншчыны наведаў і цэнтральную плошчу Заслаўя. Ужо сёння яна таксама рыхтуецца да маштабнай рэканструкцыі. У далейшых планах — уладкаванне пешаходных сувязяў, вонкавага асвятлення, добраўпарадкаванне тэрыторыі царквы Праабражэння Гасподняга. Намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Віктар Рагускі адзначыў, што менавіта на цэнтральнай плошчы будуць праходзіць асноўныя святочныя мерапрыемствы падчас фестывалю хлебаробаў. «Трэба паставіць сцэну так, каб забяспечыць як мага большы агляд, — звярнуў увагу старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка. — Трыбуны ў гэтым выпадку будзе больш правільна прыбраць, яны закрываюць гістарычную частку горада».
Тут жа плануецца зрабіць музей пад адкрытым небам «Заслаўе ў эпохах». У кожнага экспаната будзе свой QR-код. Паводле слоў начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Алы Шахоцькі, гэта будзе ўнікальны аб’ект, аналагаў якому ў Беларусі няма: «Ужо стала добрай традыцыяй, калі ў рамках абласных „Дажынак“ мы адкрываем нейкі ўнікальны культурны аб’ект. Летась у Валожыне мы адкрылі іешыву, а сёлета, не проста ў культурным, а ў адным з самых старажытных гарадоў беларускай зямлі адкрыем унікальны аб’ект — музей пад адкрытым небам. Ён будзе размешчаны ў самым цэнтры Заслаўя, у яго гістарычным парку, і асноўная яго задача — расказаць турыстам, гасцям, ды і самім жыхарам аб вельмі багатай, разнастайнай, супярэчлівай, часам нават вельмі трагічнай, але ў той жа час і гераічнай гісторыі горада Заслаўя. Сёлета Заслаўе адзначае сваё 1040-годдзе. Мы можам уявіць, колькі давялося перажыць гораду, яго жыхарам за гэтыя гады».
Гэты праект, падкрэсліла Ала Шахоцька, будзе ўнікальным: «У музеі пад адкрытым небам будзе ўстаноўлена некалькі вулічных экспазіцый, кожная з якіх будзе прысвечана свайму перыяду. Як менавіта гэта будзе выглядаць па выніку? Я не хачу вам гэта распавядаць. Спадзяюся, што вы прыедзеце ў верасні і на свае вочы ўбачыце гэты цікавы праект, з задавальненнем пазнаёміцеся з гісторыяй горада Заслаўя, магчыма, адкрыеце для сябе нейкія новыя невядомыя старонкі ў яго шматгадовай гісторыі».
Начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама падкрэсліла, што і іншыя ўстановы культуры рыхтуюцца да фестывалю хлебаробаў: «Гэта і мясцовая школа мастацтваў, і Дом культуры. Мы да гэтых аб’ектаў прыступілі ўжо летась».
«Мы зробім усё, каб свята хлебаробаў прайшло годна»
Слаўны горад Заслаўе атрымаў права з’яўляцца часовай сталіцай Мінскай вобласці, плюс ён прымае абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2025». Аб гэтым расказаў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка: «Сімвалічна таксама, што Заслаўе сёлета адзначае свой юбілей. Таму мы зробім усё, каб свята хлебаробаў прайшло годна і была створана адпаведная сацыяльная, гістарычная, культурная інфраструктура — як для жыхароў Заслаўя, так і для гасцей гэтага слаўнага гістарычнага горада».
Паводле слоў губернатара, распрацавана адпаведная праграма мерапрыемстваў падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу: «Не буду адкрываць усе сакрэты, але хачу адзначыць, што ў нас ёсць планы па ўладкаванні маладзёжнага парку, пачатку будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Таксама працягнем будаўніцтва паліклінікі. Мы ведаем занепакоенасць жыхароў звалкай, якая тут размешчана, і будзем прымаць адпаведнае рашэнне па яе далейшаму функцыянаванню. У цэлым, кожны куток горада будзе ў зоне нашай увагі. Упэўнены, што з нашай агульнай дапамогай і падтрымкай Заслаўе сустрэне гэтае свята годна».
Адкрываючы пасяджэнне штаба па падрыхтоўцы да абласных «Дажынак», кіраўнік цэнтральнага рэгіёна акцнэнтаваў: каб горад Заслаўе годна сустрэў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі, для гэтага патрэбныя намаганні ўсіх без выключэння службаў.
У сваю чаргу старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч заявіў: «Пры падрыхтоўцы плана правядзення абласнога свята „Дажынкі—2025“ былі вызначаны канцэптуальныя падыходы. Гэта — вырашэнне пытанняў па павышэнні ўзроўню якасці жыццядзейнасці насельніцтва горада, у першую чаргу, сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы. Па-другое — падрыхтоўка гарадской інфраструктуры, у тым ліку з узвядзеннем новых аб’ектаў. Была распрацавана архітэктурная канцэпцыя адзінага візуальнага аблічча горада, якая ўключае ў сябе ўязныя знакі з асноўных аўтамабільных дарог, каляровае рашэнне фасадаў шматпавярховых жылых дамоў з устройствам падсвятлення, добраўпарадкаванне дваровых і грамадскіх тэрыторый, у тым ліку замена агародж пасля зносу».
Паводле яго слоў, быў праведзены аналіз праблемных пытанняў па горадзе: «Зыходзячы з гэтага, у план уключаны наступныя віды работ. Бягучы рамонт жыллёвага фонду: са 118 дамоў у рамонце будзе 69. Гэта рамонт дахаў, уваходных груп, дзе неабходная замена інжынерных сетак, афарбоўка фасадаў. Добраўпарадкаванне 26 прыдамавых тэрыторый шматпавярховай жылой забудовы, дзе будзе прадугледжана стварэнне дадатковых машынамесцаў, тратуарных дарожак, кладка асфальтабетону, рамонт дзіцячых пляцовак і іншае. Добраўпарадкаванне зямель агульнага карыстання — азеляненне, замена кантэйнерных пляцовак на больш сучасныя, знос непрыдатных для пражывання жылых дамоў (6 дамоў барачнага тыпу). З іх 3 ужо знесены».
Інфраструктура, дарогі, добраўпарадкаванне
Аб’ект, будаўніцтва якога жыхары горада-спадарожніка чакаюць ужо больш за 30 гадоў — новая паліклініка. Размесціцца яна каля 2-га мікрараёна: пад будучы аб’ект аховы здароўя і добраўпарадкаваную тэрыторыю каля яе выдзелена 8,5 гектара зямлі. Па праекце будынак паліклінікі будзе 5-6-павярховым. Тут прадугледжаны педыятрычнае аддзяленне на 200 наведванняў у змену і дарослае аддзяленне на 500 наведванняў у змену. Папярэднія тэрміны ўводу аб’екта ў эксплуатацыю — другі квартал 2026 года.
«Яшчэ адзін падарунак гораду: у будынку, які раней належаў раённаму ўпраўленню МНС, адкрыецца навучальны цэнтр для патрыятычных клубаў Мінскага раёна. Гэтую ідэю ў свой час ухваліў Аляксандр Турчын — дзякуй, што і вы, Аляксей Іванавіч (Кушнарэнка — „Зв.“), падтрымалі яе», — сказаў старшыня Мінскага райвыканкама.
Не апошняя ўвага — установам адукацыі. Запланаваны рамонт і добраўпарадкаванне трох школ і пяці дзіцячых садкоў. Працягваецца рамонт у Заслаўскім гарадскім доме культуры. Ужо ў абноўленым выглядзе паўстануць глядзельная зала і харэаграфічны кабінет. «Будуць мадэрнізаваныя Заслаўская Дзіцячая школа мастацтваў, гарадская і дзіцячая бібліятэкі, гісторыка-культурны музей-запаведнік „Заслаўе“», — запэўніў кіраўнік Прысталічча.
Адно з самых інтэнсіўных месцаў па руху транспарту — аб’язная дарога Н8941 Заслаўе-Пятрышкі-Радашковічы. Апошнія некалькі месяцаў тут сканцэнтравана магутная дарожна-будаўнічая тэхніка: участак ад разваротнага кальца ў бок вуліцы Дзяржынскай і да разваротнага кальца ў бок Новага Поля будзе значна пашыраны. Дарэчы, у гэтай частцы горада запланавана ўзвядзенне шматпавярховых дамоў на 200 кватэр.
- Да фестывалю хлебаробаў будуць прыведзены ў парадак і ўсе асноўныя дарогі горада-спадарожніка: так, 16 дарог апрануцца ў асфальт, плюс будзе добраўпарадкавана 8 пешаходных сувязяў. «Запланавана рэканструкцыя сетак вулічнага асвятлення і замена 90 апор вонкавага асвятлення, — адзначыў старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч. — Работы ў энергетыкаў вельмі шмат: мы баімся, што ў сувязі з гэтым не паспеем завяршыць добраўпарадкаванне тэрыторый».
Працягваецца рэканструкцыя сістэмы каналізацыі. Яна ўключае рамонты вадаправодаў, будаўніцтва станцый абезжалезвання, замену цеплавых сетак. Поўным ходам ідуць капітальны і бягучы рамонты жылога фонду. Паводле слоў Уладзіміра Юргевіча, запланаваны бягучы рамонт 69 дамоў — па вуліцах Савецкай, Механізатараў, Вялікай, Вілейскай, Гагарына і іншых. «Акрамя таго, будзе добраўпарадкавана 26 прыдамавых тэрыторый — на вуліцах Вілейскай, Юбілейнай, у першым і другім мікрараёнах і іншых», — сказаў старшыня Мінскага райвыканкама.
Ён дадаў, што яшчэ адным падарункам гараджанам стане новы пляж у раёне вуліц Загарадная і Берагавая. Тут пабудуюць пешаходныя дарожкі, установяць малыя архітэктурныя формы, альтанкі, з’явяцца валейбольная, варкаўт- і дзіцячая пляцоўкі. «Да радасці дзяцей будуць пашыраны межы Дзіцячага парку культуры і адпачынку. Тут установяць новыя атракцыёны».
Кіраўнік вобласці Аляксей Кушнарэнка звярнуў увагу — у Заслаўі больш за 500 арганізацый і прадпрыемстваў: «Як з імі прапрацоўваецца пытанне падрыхтоўкі да „Дажынак“? Хай гэта і не вялікі гандлёвы аб’ект, але ў кожнага ёсць уваходная група, клумбы, фасад, якія павінны быць добраўпарадкаваныя».
Уладзімір Юргевіч запэўніў: «Цесна працуем з юрыдычнымі асобамі: яны гатовыя аказаць садзейнічанне ў куплі малых архітэктурных формаў, у тым ліку для горада».
Аляксей Кушнарэнка заўважыў: «Трэба дбайней праводзіць гэтую работу. Нават з-за адной неўладкаванай крамы нашы старанні будуць зведзены да нуля. Аб’ект будзе вылучацца з агульнага архітэктурнага фону. Але важна таксама вытрымліваць агульны дызайн горада: каб кожны не фарбаваў дах або плот у той колер, які лічыць патрэбным».
Што датычыцца ўстаноўкі малых архітэктурных формаў, Аляксей Кушнарэнка прапанаваў правесці конкурс сярод прадпрыемстваў і арганізацый: «Да „Дажынак“ падвядзём вынікі, лепшыя праекты ацэнім, узнагародзім. Гэта будзе падарунак гораду ад меліярацыі, энергетыкаў, „Белтэлекама“, БЧ. Кожны павінен унесці сваю лепту ва ўпрыгожванне горада».
Ён таксама звярнуў увагу: штабы па падрыхтоўцы горада да свята працаўнікоў вёскі павінны праходзіць рэгулярна. «Не хачу ўстанаўліваць перыядычнасць, але штабы павінны быць рэгулярнымі. Трэба — праводзіце іх раз на тыдзень. Трэба — кожны дзень. Мне важны вынік, — падагульніў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна. — Галоўнае — не расслабляцца. Правядзём годна «Дажынкі» і скажам працаўнікам вёскі шчыры "дзякуй”».
Фота аўтара
г. Заслаўе