Каршэрынг у сучасных рэаліях — гэта зручны спосаб арэнды аўтамабіля, якім беларусы карыстаюцца ўсё часцей. Аўто можна ўзяць напракат на кароткі тэрмін без закладу і складаных працэдур афармлення. Машыну можна ўзяць і пакінуць у межах дазволенай зоны праз мабільны дадатак, а плаціць — толькі за фактычны час выкарыстання..
Аднак акрамя відавочных плюсаў ёсць і значныя праблемы. Так, па статыстыцы кожны 10-ы п’яны кіроўца, выяўлены супрацоўнікамі ДАІ ў беларускай сталіцы, знаходзіўся за рулём арандаванага аўто. Усё часцей з’яўляюцца паведамленні аб ДТЗ з удзелам каршэрынгавых машын. Нягледзячы на тое, што кароткатэрміновая арэнда аўто ўжо грунтоўна ўвайшла ў наша жыццё, заканадаўча гэты від паслуг практычна не ўрэгуляваны. Неадпаведнасці і прабелы ў нарматыўна-прававых актах дазваляюць і тым, хто прадастаўляе каршэрынгавыя паслугі, і тым, хто імі карыстаецца, часам безадказна ставіцца да важных аспектаў, у тым ліку і бяспекі. Бо, як у тым старым анекдоце: «Які аўтамабіль самы хуткі? — Узяты напракат». Канешне, не свой — не шкада.
Прабел у заканадаўстве
Сёння ў Беларусі адсутнічае прававы акт, які рэгламентуе парадак узаемадзеяння каршэрынгавых арганізацый і карыстальнікаў. Іх адносіны рэгулююцца палажэннямі Грамадзянскага кодэкса, у якім спецыфіка пахвіліннай арэнды аўтамабіляў улічана не ў поўнай меры. У выніку кожная шэрынгавая кампанія прытрымліваецца сваёй палітыкі пры ўзаемадзеянні з грамадзянамі. Звычайнаму карыстальніку складана разабрацца ва ўсіх тонкасцях і адрозненнях сістэм работы такіх арганізацый, варыятыўнасці штрафаў і іншых спагнанняў за неналежнае карыстанне аўтамабілем. А тыя, хто прадастаўляе яму паслугу, кіруюцца хутчэй уласнымі меркаваннямі, чым законам.
Тэма нарэшце выйшла на высокі заканадаўчы ўзровень — аб тым, што такое сур’ёзнае пытанне, як пахвілінная арэнда аўто, патрабуе асаблівага рэгулявання, гаварылі на нядаўнім пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў. Прабелы прававога рэгулявання пры прадастаўленні паслуг кароткатэрміновай арэнды транспартных сродкаў былі выяўлены і ў ходзе тэматычнага семінара-нарады ў Палаце прадстаўнікоў, які прайшоў у канцы чэрвеня (пра яго «Звязда» аператыўна паведамляла). Гэта датычыцца і шэрынгу сродкаў персанальнай мабільнасці — веласіпедаў і электрасамакатаў.
Спецыяльна пазначаць каршэрынгавае аўто
Сёння вельмі шырока развіты такі від аказання паслуг, як шэрынг аўтамабіляў і самакатаў, якія не ў поўнай меры трапляюць пад рэгуляванне дзеючага заканадаўства, што патрабуе карэкціроўкі, заявіў начальнік упраўлення ДАІ ГУУС Мінскага гарвыканкама Сяргей Бабіч: «Гэта павінна датычыцца як парадку заключэння дагавораў, так і кантролю за іх выкарыстаннем і ў цэлым забеспячэння правілаў бяспекі дарожнага руху. Карэкціроўка закране і непасрэдна абазначэнне гэтых транспартных сродкаў, для таго каб іх можна было вызначаць у патоку, а таксама прававое рэгуляванне і адказнасць тых службовых асоб, якія дастаўляюць паслугу па гэтым кірунку».
- Паводле яго слоў, гэта абумоўлена вялікай колькасцю выяўленых парушэнняў сярод карыстальнікаў шэрынгу: «Напрыклад, у частцы кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Толькі за 2025 год каля 10 % ад усіх выяўленых парушальнікаў у сферы кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення склалі менавіта гэтыя ўладальнікі. Маецца на ўвазе і кіраванне транспартным сродкам шэрынгавых кампаній асобамі, якія не маюць права кіравання. У тым ліку нават ёсць такія факты, якія дапушчаныя паўторна».
Сяргей Бабіч удакладніў, што, у адпаведнасці з ПДР, нанясенне якіх-небудзь налепак на транспартны сродак забаронена: «Аднак мы бачым, што транспартныя сродкі, якія пазначаныя менавіта пэўнай колераграфічнай расфарбоўкай, паказваюць іх прыналежнасць да пэўнай шэрынгавай кампаніі. Гэта дазваляе супрацоўнікам ДПС падчас нясення службы вылучаць іх з патоку, спыняць, правяраць парадак іх выкарыстання, стан кіроўцы і наяўнасць пасведчання кіроўцы. У нарматыўным акце, датычным каршэрынгу, гэтыя візуальныя адметнасці прапануецца легалізаваць».
За электрасамакаты таксама возьмуцца
Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Баравенка, пытанні выкарыстання арэндных аўтамабіляў і сродкаў персанальнай мабільнасці шматгранныя: «Яны патрабуюць як заканадаўчай увагі, так і прымянення пэўных тэхнічных сродкаў, забеспячэння бяспекі дарожнага руху пры выкарыстанні шэрынгу, таму мы падыдзем да гэтага пытання комплексна».
Паводле яго слоў, толькі ў 2024 годзе каля 7 мільёнаў разоў мінчане і госці сталіцы скарысталіся паслугамі кікшэрынгу (пракатам самакатаў): «Пытанне аб неабходнасці асобна заканадаўча рэгуляваць каршэрынг было ўзнята ў ходзе семінара-нарады па актуальных пытаннях забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Часта каршэрынгам карыстаюцца людзі ў стане алкагольнага ап’янення (гэта паказвае статыстыка ДТЗ), а таксама пазбаўленыя правоў ці тыя, хто не мае вопыту кіравання. А за рулём машыны, на якой ніколі не ездзіў, удвая вырастае нагрузка, нават калі мець пасведчанне кіроўцы. Бяспека дарожнага руху — на чале ўсяго».
Парламентарый таксама не выключыў магчымасці ўвядзення трансгранічнага каршэрынгу з Расіяй: «Мы якраз гэта ўсё будзем разглядаць на рабочых нарадах». Паводле слоў дэпутата, нямала пытанняў і з кікшэрынгам: «Указ № 145 у нейкай меры ўрэгуляваў выкарыстанне самакатаў, быў устаноўлены ўзроставы цэнз карыстання імі. Але між тым імі карыстаюцца і дзеці ва ўзросце да 14 гадоў, і двое людзей адначасова, што таксама забаронена ПДР. Узнікаюць пытанні забеспячэння месцаў паркоўкі самакатаў.
І іншыя, аж да забеспячэння хуткасці на розных участках дарог, — падкрэсліў Уладзімір Баравенка. — Таму мы падыдзем тут комплексна».
На актуальнае пытанне: ці варта пайсці па шляху краін, дзе забаронены кікшэрынг, дэпутат адказаў наступным чынам: «Гэта пытанне вельмі дыскусійнае. Забароны ў чыстым выглядзе, як паказвае вопыт, не аказваюць належнага ўздзеяння. Кікшэрынг уплывае і станоўча, у прыватнасці разгружае ад асабістага транспарту нашы аўтамагістралі».
Патрабаванні трэба павышаць, пачынаючы з аўташкол
У 2024 годзе было зафіксавана 4 мільёны правапарушэнняў супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, палова з іх зафіксавана тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме. Кіраванне ў нецвярозым выглядзе, перавышэнне хуткасці, парушэнне правілаў прыпынку і стаянкі, нежаданне саступіць дарогу пешаходу... Гэта далёка не ўвесь пералік дзеянняў, з-за якіх кіроўца можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.
У некаторых выпадках кіроўцу выносіцца папярэджанне. Разам з тым, на думку супрацоўнікаў ДАІ, гэта мера сёння працуе недастаткова эфектыўна, таму адказнасць за парушэнне ПДР неабходна рабіць больш жорсткай. Патрабаванні павінны быць павышаны і да дзейнасці аўташкол, дзе пачынаецца станаўленне будучых кіроўцаў і закладваюцца асновы іх паводзін на дарогах.
Амаль 2,5 тысячы фактаў кіравання транспартным сродкам «бяспраўнікамі» выяўлена за студзень — май з дапамогай Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, паведаміў на семінары-нарадзе ў Палаце прадстаўнікоў першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка. Дарэчы, у 8 выпадках кіроўцы былі падвергнуты крымінальнаму пераследу, бо парушэнне імі здзяйснялася паўторна.
Нароўні з прафілактычнымі мерамі ўкараняюцца новыя формы выяўлення правапарушэнняў супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту. Адной з іх з’яўляецца Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі. «З дапамогай гэтай сістэмы мы фіксуем факты кіравання транспартнымі сродкамі асобамі, якія не маюць такога права. Выявіць азначанае парушэнне непасрэдна супрацоўнікам ДАІ досыць складана, бо да прыпынку транспартнага сродку і праверкі дакументаў мы не ведаем, хто ім кіруе. Аднак сістэма дазваляе па зададзеных параметрах аўтаматычна распазнаваць і сігналізаваць аператару аб выяўленні асоб, якія не маюць права кіравання, а таксама ўстанаўліваць факты кіравання імі транспартным сродкам».