«Сапраўды важна, бо ўсе мы з’яўляемся спажыўцамі жывёлагадоўчай прадукцыі».
У сярэдзіне 2015 года ўступіў у сілу Закон «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, наглядзе за жывёламі (статкамі), ідэнтыфікацыі і наглядзе за прадуктамі жывёльнага паходжання». Яго сутнасць у тым, што буйная рагатая жывёла павінна прайсці абавязковую рэгістрацыю. Такім дакументам выступае бірка альбо мікрачып, з дапамогай якіх можна атрымаць усю інфармацыю аб жывёле. Нягледзячы на тое, што ў дзеючай рэдакцыі закон працуе ўжо 10 гадоў, яго карэкціроўкі бачацца своечасовымі і неабходнымі. У сувязі з гэтым Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы наведала Нясвіжскі раён, дзе на базе ААТ «Новае жыццё» правяла выязное пасяджэнне.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч, галоўная мэта выязнога пасяджэння — удасканаліць дзеючае заканадаўства, зрабіць названы закон прыземленым. «Неабходна зрабіць прасочвальнасць сістэмнай і, самае галоўнае, эфектыўнай, — падкрэсліў ён. — Невыпадкова было выбрана „Новае жыццё“. Гэта ўзорная гаспадарка, дзе мы змаглі ўбачыць усё неабходнае. Тая дыскусія, якая праходзіла ў працэсе наведвання гаспадаркі, яшчэ раз дала нам усе падставы разумець, што сапраўды гэты закон нам патрэбны».
Закон, які быў прыняты ў 2015 годзе, па-ранейшаму застаецца рабочым.
Такім меркаваннем падзялілася член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Алена Пархімчык: «Наведваючы жывёлагадоўчыя аб’екты, мы ўбачылі і пачулі, як працуе закон. Але з цягам часу, з улікам таго, што мяняюцца тэхналогіі, — мяняюцца і патрабаванні. Таму і ўносяцца пэўныя змяненні ў дзеючы закон. Так, напрыклад, плануецца актуалізаваць тэрміналогію і суб’екты адносін, а менавіта ўвесці новыя паняцці, такія як „нястача жывёлы“ і „ўласнік прадуктаў жывёльнага паходжання“. Прадугледжваецца, што кожная асоба, якая рэалізоўвае правы валодання, карыстання і распараджэння прадуктамі жывёльнага паходжання, афіцыйна стане ўдзельнікам адпаведных праваадносін з усім комплексам правоў і абавязкаў».Прадугледжваюцца змены ў ідэнтыфікацыю жывёлы. Гэта, напрыклад, датычыцца птушкі. Калі раней птушка ідэнтыфікавалася індывідуальна, то цяпер будзе статкам. Акрамя таго, закон накіраваны на якасць і бяспеку, адзначыла Алена Пархімчык: «Гэта сапраўды важна, бо ўсе мы з’яўляемся спажыўцамі жывёлагадоўчай прадукцыі. Уносіць карэкціроўкі неабходна і таму, што наша краіна з’яўляецца не толькі адным з найбуйнейшых вытворцаў мяса і малака ў Еўропе, але і найбуйнейшым экспарцёрам на знешні рынак. Інавацыі, якія закрануць уласнікаў прадуктаў жывёльнага паходжання, вельмі важныя для нас як для экспарцёраў».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.