Сёлетняе лета ў нашай краіне абяцае быць разнастайным, з чаргаваннем цёплых і гарачых перыядаў, сярэднімі ападкамі і некаторымі засушлівымі эпізодамі. На падставе даных з кантынентальных метэаралагічных крыніц, мы склалі падрабязны прагноз надвор'я на чэрвень, а таксама папярэдні — на ліпень і жнівень.
Надвор’е ў Беларусі ў прамым сэнсе кідае то ў спякоту, то ў халадэчу. А прагназаванне становіцца максімальна няўдзячнай справай, таму што ўсё можа рэзка змяніцца ў любы момант. Але ў выніку звычкі і для складання планаў людзі ўсё роўна хочуць ведаць, да чаго быць гатовымі. Асабліва гэта становіцца актуальным у чаканні адпачынку.
Чэрвень сёлета абяцае быць цяплейшым, чым летась, з сярэдняй тэмпературай каля 16 °C. Пачатак месяца будзе адносна спакойны, дзякуючы грэбню высокага ціску над Усходняй Еўропай, які стварае заходнія і паўднёва-заходнія паветраныя патокі. Гэта забяспечыць камфортнае цёплае надвор’е з тэмпературай ад 16 да 22 °C у дзённы час сутак.
Ападкаў чакаецца менш за норму, асабліва ў першай палове месяца, але ў асобныя дні (у другой дэкадзе) магчымыя кароткачасовыя дажджы і навальніцы з-за актыўнасці цыклонаў. Па даных метэапарталаў, гэты чэрвень будзе не зусім тыповым стартам лета, з пераменлівым надвор’ем і тэмпературнымі «арэлямі».
Спякота ў ліпені і жнівень з умеранымі ападкамі
Другі месяц лета стане самым гарачым перыядам гэтага сезона. Сінаптычныя эксперты лічаць, што высокі ціск над Цэнтральнай і Паўночнай Еўропай сфарміруе ў гэты час устойлівую зону антыцыклону, якая прадухіліць паступленне халодных паветраных мас з Атлантыкі.
Тэмпература ў дзённы час можа дасягаць 26–29 °C, асабліва на захадзе Беларусі. Сярэдняя тэмпература месяца складзе каля 20 °C, што на 1–2 °C вышэй за кліматычную норму. Ападкаў будзе менш за норму, што можа прывесці да засушлівых перыядаў, асабліва ў заходніх рэгіёнах.
Жнівень будзе па-сапраўднаму цёплым, але крыху халаднейшым за ліпень, з сярэдняй тэмпературай каля 19 °C. Дзённая тэмпература — у межах ад 15 да 26 °C, з пікам у пачатку месяца. Ападкаў чакаецца больш, чым у ліпені, меркавана да 13 «мокрых» дзён. Дажджы будуць кароткачасовымі, з магчымымі навальніцамі, што стабілізуе пагодную карціну пасля засушлівага ліпеня.
Да канца жніўня тэмпература пачне паступова зніжацца, а цыклонная актыўнасць узмоцніцца, што прывядзе да павелічэння воблачнасці. Гэта зробіць надвор’е больш камфортным для тых, хто аддае перавагу ўмеранай цеплыні.
Прагноз ад Рабава
Беларускі сіноптык Дзмітрый РАБАЎ у эфіры тэлеканала АНТ даў папярэдні прагноз надвор’я ў краіне на лета. «Аналізуючы прагнастычную інфармацыю сусветных цэнтраў і інстытутаў, можна меркаваць, што лета ў Беларусі чакаецца вельмі цёплым. Тэмпературны фон прагназуецца на 1–2 градусы вышэй за кліматычную норму», — адзначыў сіноптык. Ён паведаміў, што норма для лета ў Беларусі — плюс 18 °С.
Паводле слоў Дзмітрыя Рабава, не абыдзецца летні перыяд і без спёкі. Яе прынясуць шырокія гарачыя антыцыклоны. Чакаецца некалькі хваляў спёкі працягласцю больш за адзін тыдзень. Таксама наперадзе ў беларусаў і некалькі халодных перыядаў, але, на думку сіноптыка, такія перыяды не будуць працяглымі.
На працягу летняга сезона чакаецца ад 24 да 32 вільготных дзён, прагназуе Дзмітрый Рабаў. Пры гэтым моцныя ліўні нярэдка будуць суправаджацца шкваламі, градам і навальніцай. Сіноптык дадаў, што на летні перыяд прыпадае каля 80 % небяспечных з’яў надвор’я.
А што ў Расіі?
Беларусы — нярэдкія госці ў суседняй краіне. Гэта датычыцца і сезона адпачынкаў. Таму прагноз надвор’я ў Расіі, думаем, зацікавіць многіх. «Лета ў сярэдняй паласе будзе добрае. Тэмпература на 1–2 градусы вышэй за норму, чакаецца невялікі дэфіцыт ападкаў — іх выпадзе на 10–20 % менш, — абнадзеіў вядучы спецыяліст цэнтра надвор’я „Фобас“ Яўген ЦІШКАВЕЦ. — У чэрвені ў Цэнтральнай Расіі тэмпература будзе крыху вышэйшай за кліматычную норму, ападкаў павінна выпасці няшмат. У ліпені і жніўні і тэмпература, і колькасць дажджоў — у межах кліматычных паказчыкаў».
На прагнастычных картах анамаліі пазначаюць колерам: ружовым, чырвоным, нават барвовым, калі тэмпература ідзе ў плюс, блакітным або сінім — калі ў мінус. У прагнозах Гідраметцэнтра Расіі на кожны з трох летніх месяцаў амаль уся тэрыторыя Расіі ружавее або чырванее.
У чэрвені лета «чырвонае», гэта значыць спякотнае, чакае Краснадарскі край, Растоўскую вобласць, Санкт-Пецярбург, Карэлію, многія рэгіёны Сібіры — у тым ліку Байкал. Незвычайна суха, па разліках Гідраметцэнтра, у чэрвені будзе на Паўночным Каўказе, амаль ва ўсёй Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе (а значыць, ёсць шанц на пагодлівыя выхадныя ў Піцеры ў сезон белых начэй) і на Камчатцы.
У ліпені цяплей, чым звычайна, будзе ў асноўным на поўначы і на Урале. У жніўні «пачырванеюць» ад спёкі Крым і Алтай. Дэфіцыт дажджоў абяцаюць у Пецярбургу і Карэліі. На Камчатцы фінал лета можа быць халадней і хутчэй, чым звычайна.
Вышэй за норму
Лета-2025 пройдзе на фоне нейтральнага стану цячэнняў Эль-Ніньё і Ла-Нінья, што азначае адсутнасць экстрэмальных анамалій, звязаных з пацяпленнем або пахаладаннем экватарыяльнай часткі Ціхага акіяна.
Аднак глабальнае пацяпленне працягвае ўплываць на надвор’е, робячы летнія тэмпературы ў Еўропе, уключаючы і Беларусь, на 2–3 °C вышэй за кліматычную норму. Гэта пацвярджаюць прагнозы, апублікаваныя на партале РБК Трэнды, якія паказваюць на тэндэнцыю да больш цёплых сезонаў у рэгіёне. Анамальна цёплая зіма 2024–2025 гадоў у Еўропе таксама павышае верагоднасць гарачага лета з дакладнасцю 65–70 %, згодна з інфармацыяй Гідраметцэнтра Расіі.
Хоць экстрэмальнай спякоты да 40 °C у Беларусі не чакаецца, тэмпературныя «арэлі» і кароткачасовыя цеплавыя хвалі магчымыя, асабліва ў ліпені, лічаць расійскія эксперты.