Top.Mail.Ru
208

Якім будзе надвор’е ў Беларусі на фінальным тыдні года, расказалі сіноптыкі

Якім будзе надвор’е ў Беларусі на фінальным тыдні года, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


«Тэмпературныя арэлі, да якіх у снежні, напэўна, усе прывыклі ўжо, прадоўжацца і на гэтым тыдні. Ноч на сераду (24 снежня) адзначылася маразамі ад 7 да 13 градусаў, па крайнім паўночным усходзе раніцай ва ўмовах невялікай воблачнасці тэмпература паветра панізілася да мінус 15 градусаў. Марознае надвор’е захаваецца і на каталіцкае Раство, акрамя таго, атмасферны фронт, які ідзе з Балтыкі, адзначыцца ў асобных раёнах Беларусі невялікім снегам, што надасць гэтаму дню сапраўды святочны, казачны настрой. Беласнежнае покрыва, няхай і нязначнае, упрыгожыць вуліцы і створыць атмасферу зімовага чараўніцтва. А вось далей надвор’е на нядоўгі час зменіць свой сцэнарый. Цёплае паветра атлантычнага паходжання пачне выцясняць за межы краіны арктычны холад, і тэмпературная анамалія зменіць знак з мінуса на плюс, але ў спалучэнні з моцным парывістым ветрам па адчуваннях тэмпература будзе здавацца значна ніжэйшай. Паводле папярэдніх даных, у заключныя снежаньскія дні цыклоны і звязаныя з імі атмасферныя франты вернуць нам класічную зімовую карціну: марознае надвор’е, ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу, у выніку чаго па краіне сфарміруецца снежнае покрыва, што створыць спрыяльныя ўмовы для доўгачаканых зімовых забаў. Аднак лыжку дзёгцю ўнясе парывісты вецер, які будзе ўзмацняцца да 15-20 м/с, а гэта значыць, што чакаецца мяцеліца. Не забываем пра галалёдныя з’явы, будзьце асцярожнымі на дарогах», — падзяліліся прагнозам сіноптыкі.

У чацвер, 25 снежня, у асобных раёнах краіны чакаецца невялікі снег, днём па паўночным усходзе з мокрым снегам. Месцамі па поўначы магчымы слабы галалёд, на асобных участках дарог — галалёдзіца. Днём на поўначы месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-18 м/с. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 4 градусаў на поўначы да мінус 13 градусаў на поўдні і паўднёвым захадзе, днём — ад нуля да мінус 6 градусаў.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю