Top.Mail.Ru

Рабочая паездка Ігара Сергяенкі ў Віцебск была прысвечана тэме жыллёвага будаўніцтва

На парадку дня пасяджэння Віцебскага гарвыканкама, у якім прыняў удзел Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка, была тэма развіцця горада Віцебска ў адпаведнасці з распрацаванай горадабудаўнічай дакументацыяй і выкананне Дзяржаўнай праграмы жыллёвага будаўніцтва ў 2025—2027 гадах.


— Віцебшчына знаходзіцца на асаблівым кантролі кіраўніка дзяржавы. Увага Прэзідэнта абумоўлена тымі праблемамі, якія ў рэгіёне пакуль не вырашаюцца. І не трэба думаць, што яны датычацца толькі пытанняў развіцця аграпрамысловага комплексу, — звярнуў увагу Ігар Сергяенка. — Трэба думаць аб развіцці ўсёй вобласці — і прамысловасці, і будаўніцтва, і сацыяльнай сферы. Хаця намеціліся пэўныя крокі ў напрамку паляпшэння сітуацыі, прынцыповых зрухаў пакуль няма, і сам абласны цэнтр у гэтым шэрагу не выключэнне. 

Спікер заўважыў, што заданне пабудаваць сёлета ў Віцебску 134 тысячы квадратных метраў жылля не выглядае напружаным з улікам таго, што толькі дзяржпрадпрыемства «Віцебскі ДБК» будуе амаль 100 тысяч «квадратаў» у год. Камерцыйнае жыллё ў агульным аб’ёме запланаванага будаўніцтва займае каля 10 % пры тым, што на яго ёсць попыт, яно дапаможа вырашаць жыллёвую праблему і зніжаць адмоўны сацыяльны эфект. Пытанні наяўнасці інфраструктуры сістэмна носяць праблемны характар, а за наяўнасць базавага ўзроўню ў выглядзе інжынерных сетак і камунікацый, дарог і транспартных развязак павінен адказваць горад. 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў затрабаваў навесці парадак у гэтых сферах і не чакаць, што хтосьці захоча будаваць у чыстым полі, не маючы ўяўлення ні пра інфраструктуру, ні пра тэрміны яе з’яўлення. Да таго ж, згодна з заканадаўствам, у раёнах новай забудовы наяўнасць гэтай інфраструктуры павінна быць забяспечана, а жыхары новых віцебскіх мікрараёнаў працягваюць сутыкацца з гэтымі праблемамі. Трэба развіваць дарожную сетку, бо сёння ўжо ёсць праблемы з рухам у гадзіны пік на асабліва ажыўленых вуліцах горада. 

— Тое, што пытанне аб развіцці Віцебска вынесена на абмеркаванне гарвыканкама, гаворыць аб тым, што кіраўніцтва горада думае пра будучыню. Рух наперад ёсць, хацелася б, каб ён быў больш адчувальным, сур’ёзным, — адзначыў Ігар Сергяенка. — Па-за дужкамі сённяшняга пасяджэння стаіць яшчэ адна немалаважная тэма: утрыманне горада, які жыве ад «Славянскага базара» да «Славянскага базара», калі практычна ўсюды наводзіцца ідэальны парадак. У іншы час нават пры павярхоўным аналізе выяўляюцца факты няякаснага абслугоўвання жылфонду, утрымання дарог, іншыя прэтэнзіі з боку насельніцтва. Над устараненнем такіх з’яў трэба весці сістэмную работу. Заглядаючы ў заўтра, нельга выпускаць з поля зроку сёння. 

З 1 студзеня 2022 года ў абласным цэнтры чарга грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, скарацілася з 26,8 тысячы чалавек да 23 тысяч. У іх ліку засталося крыху болей за 4 тысячы тых, хто мае права на атрыманне льготнага крэдыта на будаўніцтва. Каля 15 % такіх грамадзян ужо будуюць кватэры, дамы, рэканструююць жыллё. 

На пасяджэнні агучана інфармацыя аб завяршэнні асваення ўсходніх тэрыторый Віцебска ў мікрараёне Білева. Іх праектная магутнасць прадугледжвае магчымасць размяшчэння калі 60 тысяч насельніцтва. Цяпер увага сканцэнтравана на развіцці квартальнай жылой забудовы ў межах горада, без яго пашырэння, на паўднёва-заходнім напрамку. Ігар Сергяенка наведаў таксама Віцебскі домабудаўнічы камбінат, сустрэўся з працоўным калектывам. Яму прадэманстравалі вытворчыя пляцоўкі, дзе будуць выпускаць жалезабетонныя канструкцыі для індустрыяльнага інавацыйнага будаўніцтва маналітных каркасных жылых дамоў. Ключавая ідэя такога будаўніцтва — выкарыстанне зборных элементаў у найбольш складаных і працяглых па часе выканання аперацыях накшталт узвядзення вертыкальных канструкцый: калон, сцен, лесвіц і інш. Для іх злучэння будуць прымяняць хуткія і надзейныя тэхналогіі, што значна паскорыць мантаж і забяспечыць гібкую планіроўку кватэр, а таксама разнастайнасць архітэктурна-планіровачных рашэнняў. Гэта адпавядае запытам спажыўцоў і дазволіць скараціць тэрміны будаўніцтва на тэрмін прыкладана да трох месяцаў, або на 15 %. Пры гэтым працаёмістасць працэсаў скароціцца амаль удвая. Агульны эканамічны эфект ацэньваецца ў 5,3 % ад каштарыснага кошту будаўніцтва. Выкарыстанне новых тэхналогій дазволіць павялічыць аб’ёмы будаўніцтва без істотных фінансавых укладанняў у пашырэнне вытворчай базы прадпрыемства. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю