Перад фотаапаратам для здымка, зробленага амаль сто гадоў таму, пазіруюць вядомыя ў той час і сёння беларускія пісьменнікі — Пятро Глебка, Максім Лужанін, Міхась Зарэцкі, іншыя. Маладыя адухоўленыя творчасцю твары, цікавыя лёсы. І сярод іх літаратар, імя якога і сёння, пасля некалькіх адліг у грамадска-палітычным жыцці былога Савецкага Саюза, рэабілітацый ахвяр сталінскіх рэпрэсій, раскрыцця архіваў некаторых ведамстваў, нячаста згадваецца нават на яго малой радзіме. Павел Герман...
Павел Герман (у верхнім радзе злева) сярод маладнякоўцаў. 20-я гады мінулага стагоддзя.
Каля трыццаці гадоў таму ўпершыню расказаў мне пра яго вядомы пісьменнік, краязнаўца Алесь Махнач. Адбылося гэта такім чынам. Я зайшоў у цэнтральную раённую бібліятэку імя Паўлюка Труса, якая ў той час размяшчалася ў нізкім драўляным будынку на рагу Школьнай і Пралетарскай вуліц. Па ранейшай дамоўленасці загадчыца ЦБС Клаўдзія Рогава працавала над артыкулам з нагоды чарговай гадавіны з дня нараджэння Пятра Глебкі. Адшуквалі ў друкаваных выданнях рэдкія фотаздымкі Пятра Фёдаравіча. Перагортвалі выдадзены ў 1976 годзе зборнік успамінаў пра літаратара, навукоўца, грамадскага дзеяча «Пясняр мужнасці».
У гэты час і зайшоў у бібліятэку Алесь Іванавіч. Убачыўшы кнігу, згадаў некалькі ўспамінаў, звязаных з яго творчымі стасункамі з Глебкам. Пагаварыўшы яшчэ пра тое-сёе, быццам між іншым зазначыў:
— Дарэчы, а ў гэтай вось кніжцы ёсць фотаздымак яшчэ аднаго уздзенскага паэта. Пра яго, мне здаецца, у нашым раёне мала хто ведае.Пагартаў зборнік, адкрыў яго на патрэбнай старонцы. I вось ён, калектыўны здымак дваццатых гадоў. На ім — дзесяць маладых паэтаў, пісьменнікаў, членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Сярод іх былі ўжо добра вядомыя для пісьменніцкай грамадскасці прозвішчы Пятра Глебкі, Максіма Лужаніна, Міхася Зарэцкага, крыху пазней адкрытых для масавага чытача Сяргея Дарожнага і Віктара Казлоўскага, мала вядомых і сёння Міхася Дубіцкага, Наталлі Вішнеўскай, Яўгена Жука, Зінаіды Бандарынай... А ў левым верхнім кутку — Павел Герман.
Што за ён, хто такі? Які яго далейшы лёс, чаму раней, у мае студэнцкія гады, яго прозвішча не даводзілася чуць, ды і на радзіме, у літаратурных ды краязнаўчых колах пра П. Германа нідзе нічога не згадваецца? Што ведаюць пра свайго земляка ў вёсцы Забалацце, адкуль Павел родам? Высветліць гэта мы папрасілі даўняга рупліўцу на краязнаўчай ніве, тагачасную загадчыцу Забалацкай сельскай бібліятэкі Раісу Дубовік. I вось што ёй удалося высветліць.
Яшчэ ў даваенныя гады, задоўга да таго, як раскрыліся перад землякамі літаратурныя задаткі Алеся Махнача, вёска Забалацце была вядома ў пісьменніцкім асяроддзі. У 1902 годзе ў беднай сялянскай сям’і Купрыяна Германа нарадзіўся хлопчык, якому далі імя Павел. Разам з ім раслі тут яшчэ тры браты і дзве сястры. Усе яны пазней засталіся ў вёсцы і працавалі ў сельскай гаспадарцы. Шырокія фамільныя карані Германаў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў былі добра вядомыя ў Забалацці, навакольных вёсках, Уздзе.
Няшмат звестак удалося адшукаць пра хлапечыя, юнацкія гады Паўла. Вядома, што пасля школы пераехаў ён у Мінск, каб вучыцца ў навучальнай установе, якая стала гонарам творчай беларускай інтэлігенцыі — Белпедтэхнікуме. Тут чытаў лекцыі па тэорыі літаратуры, даваў пачаткоўцам асабістыя ўрокі вершаскладання, завязвання адмысловых празаічных сюжэтаў, звычайныя жыццёвыя парады сам Якуб Колас. Ці не таму большасць студэнтаў гэтай навучальнай установы пісала вершы, прозу, якія друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях. Некаторыя пачынаючыя аўтары ўжо ў дваццаці-трыццацігадовым узросце маглі пахваліцца перад сябрамі, землякамі выдадзенымі ўласнымі кніжкамі. Калі б не сталінская чыстка трыццатых і наступных гадоў, многія з іх, безумоўна, сталі б калі не класікамі беларускай літаратуры, то яе гонарам і годнасцю. Нават тыя імёны, што прайшлі праз горан рэпрэсій, сёння ўяўляюць сабой хрэстаматыйную вядомасць.
Але вернемся да Паўла Германа. I ён захапіўся паэзіяй, дасылаў свае творы ў газеты і часопісы, быў актыўным удзельнікам літаб’яднання, ці, кажучы сучаснай мовай, творчай студыі «Маладняк». Скончыўшы вучобу ў педагагічным тэхнікуме, пачаў працаваць настаўнікам у Мінску. Тут ажаніўся, меў двух сыноў. У нарысе «Біяграфія роднай вёскі» А. Махнач згадвае такі выпадак, расказаны яму Алесем Якімовічам. Аднойчы той пабываў на літаратурнай сустрэчы ў школе, дзе працаваў Павел Купрыянавіч. Пасля выступлення настаўнік штосьці запісаў на дошцы, пры гэтым у адным слове зрабіў памылку, замест літары «а» напісаў «о». Хтосьці з вучняў паправіў настаўніка. Тады П. Герман звярнуўся да класа:
— А як правільна трэба пісаць? Пачаліся спрэчкі. Адны сцвярджалі так, другія — па-іншаму. Павел Купрыянавіч не ўмешваўся, больш таго, каб высветліць веды кожнага з вучняў, паставіў гэтае пытанне на галасаванне...
На вялікі жаль, далейшы лёс Паўла Германа, яго магчымы творчы рост і літаратурную славу перакрэсліла жудасна вядомая дата — 1937 год. Нашага земляка беспадстаўна абвінавацілі ў невядома якіх грахах, арыштавалі як «ворага народа». Адбываў ён пакаранне ў Сібіры, у пасёлку Троіцкі Краснаярскага краю. Тут жа ў той час знаходзіўся яшчэ адзін беларускі паэт, Станіслаў Шушкевіч.
Такі нечаканы паварот лёсу хоць і выбіў Паўла Германа з творчай каляіны, можна сказаць, паставіў кропку на яго далейшай пісьменніцкай будучыні, ды ўсё ж не знішчыў яго фізічна. Пасля смерці Сталіна паэт быў рэабілітаваны, адноўлены ў радах КПСС. Вярнуўся Павел Купрыянавіч у Мінск, аднак ні ранейшага свайго дому, ні сям’і на месцы не застаў. Як даведаўся пасля, жонку з малодшым сынам у гады Вялікай Айчыннай вайны расстралялі немцы. У жывых заставаўся яшчэ адзін сын, аднак след яго згубіўся пасля таго, як хлопчык быў эвакуіраваны з дзіцячым домам.
Жыць не было дзе, і Павел Купрыянавіч быў вымушаны вярнуцца ў Сібір, у тыя мясціны, дзе адбываў пакаранне. Уладкаваўся на працу настаўнікам у школе. Нягледзячы на недалёкае «крымінальнае мінулае», яго паважаюць за сумленнасць, працавітасць, паважлівыя ўзаемаадносіны з членамі працоўнага калектыву, аднавяскоўцамі. Неўзабаве Паўла Германа прызначаюць сакратаром партыйнай арганізацыі солезавода. Тут ён знайшоў сабе другую жонку, у новай сям’і нарадзілася трое сыноў. Усе хлопцы атрымалі адукацыю, вельмі ганарыліся сваім бацькам, хацелі ва ўсім быць падобнымі на яго.
Памёр Павел Купрыянавіч 20 чэрвеня 1975 года. Толькі аднойчы пасля вайны наведаў ён родныя мясціны. Планаваў прыехаць на радзіму яшчэ калінебудзь, ды не паспеў. На Уздзеншчыне жылі яго пляменнікі.
Адзін з іх, Пётр Пятровіч Герман, у свой час двойчы ездзіў да дзядзькі. Цёплымі былі ўспаміны пра родныя мясціны. Павел Купрыянавіч хоць і адыйшоў ад літаратурнай дзейнасці, цікавіўся творчасцю пісьменнікаў-землякоў, згадваў знаёмыя па вучобе ў Белпедтэхнікуме, працы ў Мінску прозвішчы. Але далёкаму ад такой тэматыкі пляменніку мала што было пра іх вядома. Тым больш, што многіх з літаратараў ужо не было ў жывых, а тэма былых рэпрэсій на доўгія дзесяцігоддзі ўвогуле была закрытай для большай часткі савецкага грамадства.
Павел Купрыянавіч вельмі радаваўся сустрэчы з родзічам.
З задавальненнем успрынялі гэтую вестку і іншыя беларусы, сярод якіх былі яшчэ ўраджэнцы Уздзенскага раёна. З такой нагоды гаспадар зарэзаў карову. Было шмат размоў, пытанняў. Людзі, гвалтоўна адарваныя ад роднай зямлі, сумавалі па сваіх мясцінах...
Яшчэ раз П. Герман наведаў свайго дзядзьку праз год, у 1962 годзе.
Віктар САБАЛЕЎСКІ