Top.Mail.Ru

Якім чужаземцам мы не рады

Расліны-монстры


Клімат мяняецца, рэагуюць на гэта і прыродныя экасістэмы — усё часцей фіксуюцца нетыповыя для нашых краёў, так званыя інвазіўныя віды флоры і фаўны. Здавалася б, пашыраецца біяразнастайнасць — што тут дрэннага? Аднак экзотыцы лепш дзівіцца на яе радзіме — чужаземцы могуць прыцягнуць цэлы шлейф праблем, выцесніўшы пры гэтым мясцовыя віды і нават прычыніўшы шкоду асобным галінам эканомікі.

Сёння ў Беларусі звыш 50 відаў інвазіўных раслін, якія ўяўляюць пагрозу біяразнастайнасці. Найбольш агрэсіўныя — баршчэўніку Сасноўскага і сумнік канадскі. Распаўсюджванне першага прыводзіць да поўнай дэфармацыі натуральных экасістэм. Акрамя таго, расліна ўяўляе пагрозу здароўю людзей: яе сок утрымлівае рэчывы, якія павышаюць адчувальнасць скуры да ўльтрафіялету, што прыводзіць да цяжкіх апёкаў.


Хутка распаўсюджваецца, выцясняючы абарыгенную флору, і сумнік канадскі. Адна яго расліна (дарэчы, як і ў баршчэўніку Сасноўскага) дае некалькі дзясяткаў тысяч насення, усходжасць якога дасягае 95 %! Да таго ж, інвазіўны від вылучае ў глебу атрутныя рэчывы-інгібітары, якія душаць рост іншых раслін.

— Сумнік канадскі — дачная расліна, вельмі папулярная ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Потым яна выйшла з моды, аднак паспела шырока распаўсюдзіцца, асабліва ў наваколлі Мінска, побач з дачнымі ўчасткамі, на ўзлесках, палях. Там, дзе раней раслі грыбы і ягады, цяпер — суцэльныя зараснікі сумніку. Гэта прамая пагроза біяразнастайнасці, — падкрэсліў вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Дзмітрый ДУБОВІК.

Мерапрыемствы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага і сумніку ажыццяўляюцца згодна з планамі па навядзенні парадку на зямлі, якія штогод зацвярджаюцца ўрадам, а таксама з раённымі планамі.

— Летась такія мерапрыемствы былі праведзены з баршчэўнікам Сасноўскага на плошчы звыш 6 тыс. га, з сумнікам канадскім — звыш 12 тыс. га, — расказала кансультант упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Юлія САКОВІЧ.

Увосень была праведзена інвентарызацыя месцаў вырастання абодвух відаў, у выніку якой выяўлена больш за 1 тыс. новых ачагоў баршчэўніку Сасноўскага і звыш 4 тыс. новых ачагоў сумніку канадскага. У той жа час поўнасцю знішчана 615 месцаў вырастання баршчэўніку Сасноўскага і 1061 — сумніку канадскага.

Сёлета запланавана апрацоўка звыш 6659 га баршчэўніку Сасноўскага (з пачатку мая да верасня) і 25 115 га сумніку канадскага (з пачатку чэрвеня да кастрычніка), паведаміла спецыяліст Мінпрыроды. Па яе словах, найбольш эфектыўным і простым спосабам барацьбы з інвазіўнымі відамі з’яўляецца хімічны метад: кропкавая або суцэльная апрацоўка спецыяльнымі прэпаратамі, якая павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў.


Навука папярэджвае

Таксама вучоныя вылучаюць каля 200 патэнцыяльна інвазіўных відаў раслін. Сярод іх свідзіна белая — дэкаратыўная расліна, якая дагэтуль шырока вырошчваецца зелянгасамі і насельніцтвам. Як адзначыў Дзмітрый Дубовік, у апошнія 10–15 гадоў від пачаў актыўна дзічаць і пераходзіць у склад натуральных раслінных супольнасцяў. Свідзіна белая расце на падлесках, забалочаных землях, асушаных тарфяніках, утвараючы амаль непраходныя зараснікі. Вучоны ўпэўнены, што яна будзе ўключана ў новае выданне «Чорнай кнігі Беларусі».

Праблема экспансіі інвазіўных раслін патрабуе комплекснага рашэння, лічаць спецыялісты. Неабходна выконваць тэрміны, правілы і рэгламент апрацоўкі пацярпелых тэрыторый, своечасова праводзіць абследаванні і іншыя кантрольныя мерапрыемствы. Значную ролю адыгрывае інфармаванне насельніцтва аб інвазіўных відах і іх пагрозе. Так, сумнік канадскі дагэтуль лічыцца добрым меданосам, упрыгожваннем прысядзібнага ўчастка і прадаецца на некаторых сайтах, як і клён ясенялісты, іншыя асабліва небяспечныя інвазіўныя расліны.

Александрына ПАРШЫНА

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю