Top.Mail.Ru

Якім чынам мясцовыя ўлады могуць дапамагчы ў вырашэнні праблем садовых таварыстваў?

Баланс паміж прыватным і агульным.


Пра тое, што органы мясцовай улады павінны актыўна ўключацца ў дзейнасць садовых таварыстваў, калі вырашыць пытанні ўнутры 
іх не атрымліваецца, казала Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава на пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў Жлобіне. У якіх выпадках у гэтым узнікае неабходнасць і як аптымальна арганізаваць узаемадзеянне, высветлілі нашы карэспандэнты на месцах.

Работа з заканадаўчай базай

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта лічыць, што праблемы, якія ўзнікаюць у членаў садовых таварыстваў, у асноўным звязаны з навядзеннем парадку на зямлі і пустымі ўчасткамі. Напрыклад, у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці агульная колькасць членаў садаводчых таварыстваў — 1013 чалавек. А ў пералік свабодных (незанятых) зямельных участкаў уключана 319. Яшчэ ў адным раёне — 1083 члены, а на падставе зямельна-ўліковай дакументацыі ў садовых таварыствах ёсць 686 незапатрабаваных зямельных участкаў, якія ўключаны ў спіс свабодных (незанятых) і могуць быць вылучаны грамадзянам для калектыўнага садаводства.
— Працаваць з дачнымі ўчасткамі складаней, бо яны не трапляюць пад Указ № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі», няма магчымасці аператыўна вырашыць пытанне і навесці парадак, прыцягнуць да гэтага ўласнікаў, — растлумачыла Алена Пасюта. — Было б лагічна ўнесці дадатак ва ўказ і распаўсюдзіць яго сілу і на садовыя таварыствы. Дэпутаты актыўна ўключаюцца ў работу над заканадаўчай базай — гэта адна з дзейсных форм работы з садовымі таварыствамі.
Калі зрабіць рэтраспектыву, то можна ўбачыць, што людзі сталі актыўна выкарыстоўваць зямлю для садоўніцтва ў канцы 1980-х гадоў. Цяпер гэта цікавасць зменшылася, што лагічна, бо пладова-агародніннай прадукцыі дастаткова ў крамах. У большай ступені садовыя домікі пачалі выкарыстоўвацца як месца для загараднага жылля ці адпачынку. Таму людзі выбіраюць дачныя кааператывы, якія знаходзяцца паблізу ад вялікіх гарадоў. Прасцей праводзіць электраацяпленне, цэнтралізаваны водаправод, а гэта ўжо стандарты населеных пунктаў. Так што яшчэ адзін з метадаў паляпшэння сітуацыі з садовымі таварыствамі — развіццё інфраструктуры. Дарэчы, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ёсць садовыя таварыствы, уключаныя ў межы населеных пунктаў, з наяўнасцю садовых домікаў, якія адпавядаюць усім патрабаванням жылога дома і маюць падключэнне да некаторых цэнтралізаваных гарадскіх сетак. У такіх месцах значна радзей узнікаюць праблемы з парадкам на зямлі.

Вядома, дэпутаты заўсёды рэагуюць на звароты, якія паступаюць ад уладальнікаў дачных участкаў, імкнуцца дапамагчы ім. Пытанне садовых таварыстваў — комплекснае і патрабуе рознабаковага падыходу.

 Калі Саветы могуць падхапіць

У Асіповіцкім раёне Магілёўшчыны 19 садовых таварыстваў, і, як запэўніў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рыжанкоў, народныя выбраннікі заўсёды з імі на сувязі.
— Яны знаходзяцца ў межах сельсаветаў, і людзі звяртаюцца да нас па тэрытарыяльным прынцыпе, — расказвае ён. — Сельскія Саветы працуюць з таварыствамі па ўсіх праблемных пытаннях, якія ўзнікаюць, запрашаюць на свае сходы. Калі нешта не атрымліваецца зрабіць на сельскім узроўні, умешваемся мы.
Неяк дачнікі папрасілі зрабіць ім пад’язныя шляхі. Пытанне было вырашана. Складанасці ўзнікаюць, як правіла, з закінутымі ўчасткамі.
— Мы можам дапамагчы ўстанавіць, каму гэты ўчастак належыць, і сумесна з кіраўніцтвам таварыства паспрабаваць паўплываць на нядбайнага гаспадара. Але парадак на тэрыторыі садовага таварыства павінны падтрымліваць яго члены, — заўважае старшыня райсавета.
 Няпроста дачнікам дамовіцца і наконт рашэння, ці варта надаваць таварыству статус населенага пункта. Паводле закона павінна быць 100% згодных.

У райсавеце паведамілі, што, калі Магілёўскі аблсавет вывучаў сітуацыю па садовых таварыствах і заклікаў уносіць прапановы, раённыя дэпутаты звярталі ўвагу на два важныя пункты. Па-першае, прапаноўвалі надзяліць старшыняў таварыстваў паўнамоцтвамі рэгістраваць членаў па месцы жыхарства. Па-другое, невялікія таварыствы колькасцю да 50 участкаў раілі ўключаць у склад сельсаветаў.
— Дачнікі павінны абслугоўваць участкі сваімі сіламі, а гэта значыць клапаціцца пра вываз бытавых адходаў, чысціць дарогу, — патлумачылі ў райсавеце. — На жаль, там, дзе доўгі час няма кіраўніцтва або ўзніклі складанасці з яго перавыбраннем, пачынаюцца непаразуменні, з’яўляецца «нічыйнае» смецце, адсутнічае парадак на прылеглых тэрыторыях. Так быць не павінна, прыходзіцца ўмешвацца і вырашаць праблему.

Эфектыўнае кіраўніцтва

Ключ да камфортнага жыцця ў садовых таварыствах — баланс паміж клопатам аб асабістай прасторы і агульнымі інтарэсамі. Такой формулы імкнуцца прытрымлівацца дачнікі ў Гомельскім раёне.

Сёлета 30 гадоў як садовае таварыства «Барэц-1» заснавалі на тэрыторыі Цярэшкавіцкага сельсавета. Месца ўсе гэтыя гады жывое і ў дачнікаў вельмі папулярнае. Яно і зразумела: маляўнічая прырода, усяго за 200 метраў ад ракі Сож, але пры гэтым — найбліжэйшы прыгарад Гомеля. Большасць дачнікаў тут жывуць увесь цёплы сезон, адсюль ездзяць на работу ў абласны цэнтр. Сёння ў таварыстве 266 зямельных участкаў, і ўсе яны заняты.
— Наш бюджэт, які фарміруецца выключна з членскіх узносаў, расходуем на аплату працы, падаткі, электразабеспячэнне і абавязкова на добраўпарадкаванне, — тлумачыць старшыня садовага таварыства «Барэц-1» Уладзімір Петрусенка, які ўдзельнічаў у пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў Жлобіне.
Праводзіцца рэгулярнае абкошванне зямель агульнага карыстання, што дапамагае падтрымліваць парадак і чысціню на тэрыторыі.
— Важнае правіла, якое дзейнічае ў таварыстве, — гэта абавязак кожнага ўладальніка ўчастка перад пачаткам сезона навесці парадак не толькі на сваёй тэрыторыі, але і на прылеглых агульных землях, а потым, на працягу сезона, падтрымліваць яго. Як у любой супольнасці, здараюцца выключэнні, — дадае старшыня садовага таварыства.
Вываз смецця для дачнікаў арганізаваны цэнтралізавана (па меры неабходнасці): адпаведны дагавор заключаны з камунальным прадпрыемствам «Гомельскі райжылкамгас». Адна з задач, якую паставілі перад сабой мясцовыя дачнікі, — паэтапнае асфальтаванне ўсіх дарог. Зараз на іх рамонт закладваюць суму ў агульным бюджэце.
— У некаторых дачных таварыствах узнікаюць праблемы, калі ўчасткі застаюцца кінутымі. Уласнікі іх прадаюць, а пакупнікі не даюць свае даныя. У мінулым годзе сумесна з упраўленнем землеўпарадкавання Гомельскага райвыканкама на тэрыторыі нашага садовага таварыства была праведзена інвентарызацыя зямельных участкаў. Выявілі, што ўсе ўчасткі маюць дакументы, якія сведчаць аб праве ўласнасці. Такі падыход дапамагае пазбегнуць прававых ускладненняў і падтрымліваць парадак у таварыстве, — дзеліцца Уладзімір Петрусенка.
Не менш важным з’яўляецца пытанне бяспекі. Кожны год сумесна з прадстаўнікамі Гомельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях праводзіцца праверка стану пячнога ацяплення і электраправодкі ў дачных дамах.

Каб палепшыць камунікацыю паміж членамі супольнасці, у «Барцы-1» створана афіцыйная група ў месенджары, дзе публікуюцца важныя навіны і інфармацыя аб заканадаўчых зменах. Гэта дазваляе ўсім дачнікам быць у курсе падзей і прытрымлівацца ўстаноўленых правіл.
— Ёсць пытанні, якія хвалююць дачнікаў і патрабуюць увагі і ўзаемадзеяння ў іх вырашэнні з мясцовымі ўладамі. І ў «Барцы-1» такая работа наладжана, — падкрэслівае старшыня садовага таварыства.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ, 
Нэлі ЗІГУЛЯ, 
Наталля КАПРЫЛЕНКА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю