Top.Mail.Ru

Якім павінен быць карысны сняданак дзіцяці — парады даў педыятр

Варта пазбягаць гатовых глазураваных шматкоў і каш хуткага прыгатавання, бо яны правакуюць рэзкія ваганні цукру ў крыві


Карысны для дзіцяці сняданак павінен быць збалансаваным і змяшчаць патрэбныя пажыўныя рэчывы, для гэтага добра падыходзяць, напрыклад, аўсянка на малацэ і яйка або амлет з агароднінай, расказаў урач-педыятр Дзмітрый Казакоў, перадае РІА «Новости».

«Найбольш карысным для дзіцяці з’яўляецца збалансаваны сняданак, паколькі ён забяспечвае арганізм усімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, дае магчымасць падтрымліваць стабільны ўзровень энергіі і канцэнтрацыю ўвагі на працягу навучальнага дня», — паведаміў урач.

Ён адзначыў, што скласці такі сняданак можна па наступным прынцыпе. Талерка дзеліцца на часткі: палова клятчаткі — агародніна, садавіна ці ягады; чвэрць бялку — яйкі, тварог, грэцкі ёгурт; яшчэ чвэрць складаных вугляводаў — кашы, цэльназерневы хлеб.

Педыятр дадаў, што асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць вугляводам. Гэта павінны быць цэльназерневыя крупы, напрыклад, аўсянка, ячныя крупы, кіноа або нешліфаваны рыс.

«Варта пазбягаць гатовых глазураваных шматкоў і каш хуткага прыгатавання, паколькі яны правакуюць рэзкія ваганні цукру ў крыві, што можа прыводзіць да хуткай стамляльнасці», — звярнуў увагу ўрач.

Напрыклад, добры варыянт карыснага сняданку — аўсяная каша доўгага варэння на малацэ з ягадамі і яйка ўкрутую. Таксама можна прыгатаваць амлет з агароднінай, лустачкай цэльназерневага хлеба і смузі з ягад, грэцкага ёгурту і арэхаў. Яшчэ адзін варыянт — грачаная каша з малаком і фруктовая салата з натуральным ёгуртам без цукру.

Пры гэтым эксперт адзначыў, што не варта прымушаць дзіця есці тое, што яму катэгарычна не падабаецца, нават калі гэта карысна.

«Рэкамендуецца эксперыментаваць з рознымі стравамі на сняданак, прыслухоўваючыся да яго жаданняў, але пры гэтым захоўваючы прынцып збалансаванасці. Калі ўзнікаюць цяжкасці са складаннем рацыёну для дзіцяці, рэкамендавана звярнуцца на кансультацыю да дзіцячага дыетолага», — падсумаваў урач-педыятр.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю