Што выклікае водгук у душы сучасных пакупнікоў «квадратных метраў»? На нядаўняй Міжнароднай архітэктурна-будаўнічай выстаўцы «Будэкспа-2025» менавіта пра гэта мы спыталіся ў экспертаў будаўнічай галіны.
«Гнуткая прастора» і «карысныя метры»
— Апошнім часам папулярнае сумяшчэнне кухні і гасцінай, — расказвае вядучы інжынер тэхнічнага аддзела ААТ «МАПІД» Ганна Нікіценка. — Напрыклад, такія рашэнні прадугледжаны ў пасёлку «Сонечны», які ўзводзіцца за МКАДам насупраць ГЦ «Экспабел». Тут аб’яднаны кухня і гасціная, а астатнія пакоі выдзелены ў асобныя памяшканні. Такі падыход зручны пры наведванні гасцей: гаспадыні не даводзіцца бегаць са стравамі з кухні ў гасціную. Акрамя таго, сёння далёка не ўсе гатуюць ежу «з нуля». Ёсць катэгорыя сучасных гараджан, пераважна маладых, якія аддаюць перавагу гатоваму харчаванню або паўфабрыкатам з серыі «толькі разагрэць». І вось менавіта для іх сумяшчэнне кухні і гасцінай — аптымальны варыянт.
Яшчэ адно запатрабаванае планіровачнае рашэнне — схаваныя сістэмы (перагародкі, якія можна скласці па жаданні), распавялі эксперты. Карыстаюцца попытам так званыя адкрытыя планіроўкі і «гнуткая прастора».
— Калі кватэра вялікая (у «Сонечным», калі ўжо яго бяром у якасці прыкладу, такія планіроўкі ў трохпакаёвых кватэрах), пакупнік нярэдка хоча мець два санвузлы, — працягвае суразмоўніца.
Санвузел можа быць сумешчаным з ваннай, але ў такім выпадку гэта павінна быць досыць прасторнае і стыльнае памяшканне. Улічваючы кошт квадратнага метра, трэнд апошняга дзесяцігоддзя — «функцыянальныя планіроўкі»: усе памяшканні ў кватэры павінны выкарыстоўвацца на 100 %, па максімуме. Тэндэнцыя агульнаеўрапейская, і аб’яднанне кухні і гасцінай, мабыць, — яго самая яркая праява. Калідор, абавязковы ў класічных савецкіх планіроўках, адсутнічае: яго месца заняў хол.
— Сучасны пакупнік хоча адразу, зайшоўшы ў пустую кватэру з голымі сценамі, разумець, дзе будзе ўбудаваная шафа-купэ, дзе стаяць тыя ж крэслы і куды ўстане ложак, — тлумачаць эксперты. — Акрамя таго, сёння для спажыўца важна наяўнасць кладоўкі. Яшчэ варта адзначыць новыя функцыі лоджый.
Балкон ці лоджыя цяпер не «дадатак» да жылых метраў: іх абсталёўваюць пад рабочы кабінет, летні дзіцячы пакой, міні-спартзалу, ператвараюць у аранжарэю.
Яшчэ адна тэндэнцыя, якая датычыцца ўжо не асобных кватэр, а «сумеснага пражывання» з суседзямі, — мода на камфортныя і, галоўнае, бяспечныя «грамадскія прасторы», распавяла суразмоўца:
— Напрыклад, у гэтым ключы — рашэнні па парковачных месцах у новай забудове. Яны знаходзяцца ўнізе (за кожнай кватэрай у новых забудовах часта замацавана машына-месца), а вышэй, на стылабаце (гэта ніжняя частка будынка, дадатковая апора для вышынных дамоў), знаходзіцца дзіцячая пляцоўка і зона адпачынку для дарослых. Тым самым дасягаецца бяспека: машыны не маюць туды доступу. А з паркінга можна на ліфце падняцца ў сваю кватэру.
Хутчэй і танней
Хутка ўзведзеныя будынкі — адзін з трэндаў у будаўніцтве, які сёння набірае папулярнасць, расказалі эксперты.
— Вядома, гэта не вышынныя будынкі, а максімум 4-5 паверхаў, — тлумачыць вядучы спецыяліст дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Мінскбуд» Максім Кушнярэвіч. — Сёння такая тэхналогія актыўна ўкараняецца ў Расіі: менавіта так забудоўваюць Маскву, Санкт-Пецярбург, іншыя гарады. У нас па гэтай тэхналогіі ўжо ўзведзены 4 карпусы інфекцыйнай бальніцы на Даўгінаўскім тракце.
Але наогул тэхналогія зручная ў першую чаргу для індывідуальнага будаўніцтва, адзначае суразмоўца: для прыватнай або дачнай забудовы.
— Яе перавагі ў выкананні лёгкіх сталёвых танкасценных канструкцый (ЛСТК) — хуткасць узвядзення, даўгавечнасць і патанненне квадратнага метра, — распавядае ён. — Вы пабудавалі каркас, а потым у залежнасці ад бюджэту вырашаеце, якімі матэрыяламі яго абшыць, больш укласці ў дах або ў сценавое аздабленне. Хутка ўзведзеныя будынкі і збудаванні на аснове ЛСТК — наша беларуская вытворчасць. Размяшчаецца яна ў тэхнапарку ў Мінску. Каркас будынка — досыць складаная інавацыйная сістэма, свайго роду шматслаёвы «піражок з начыннем»: канструкцыя атрымліваецца лёгкай, не патрабуе моцнага падмурка, дом практычна не дае ўсадкі.
Ці ацанілі ноу-хау спажыўцы?
— Сёння людзі пачалі рухацца ў гэты бок, — кажа прадстаўнік «Мінскбуда». — На аснове ЛСТК ужо досыць запатрабаваныя прыватная катэджная і дачная забудовы.
«Хуткую» тэхналогію каркасных будынкаў з дрэва спажывец, зрэшты, ужо ацаніў, распавялі на прыватным прадпрыемстве Frame House. Самы хадавы «прадукт» у такім выкананні сёння — лазні.
— Кошт лазні залежыць ад пажаданняў заказчыка — памераў, тыпу і матэрыялу печы... На ўзвядзенне такой лазні хопіць тыдня або двух, — растлумачыў суразмоўца.
Каркасны дом спецыялісты пабудуюць за два месяцы, дадаў ён. Найбольш часта выбіраюць варыянт у 60 кв. м: дзве спальні і (менавіта так!) гасцёўня, сумешчаная з кухняй.
— Такі дом можа быць прыдатны нават для круглагадовага пражывання: пытанне рэгулюецца таўшчынёй уцяплення, — адзначыў суразмоўца.
Прыгажосць у дробязях
Што кажуць прафесіяналы аб сучасных перавагах спажыўцоў у дызайне? Дызайнеры сыходзяцца ў тым, што «стэрыльны» мінімалізм, як і стыль хай-тэк, папулярныя яшчэ некалькі гадоў таму, сёння саступілі месца больш класічным інтэр’ерным рашэнням. Спакойны і зразумелы дызайн не выкліча маральнай стомленасці праз некалькі месяцаў, будзе радаваць доўгія гады.
Папулярны ў інтэр’ерным дызайне ў 2024–2025 гадах чорны колер у нашых краях, дзе неба шэрае і сонечнае святло ў дэфіцыце мінімум паўгода, неяк не прыжыўся. За адным выключэннем: афармленне ванных пакояў.
— Кожнае дызайнерскае рашэнне так ці інакш знаходзіць свайго прыхільніка, — кажа супрацоўніца гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Керамін-сталіца Інвест» Галіна Аўдзеева. — Але ў большай ступені сучаснаму пакупніку блізкія натуральныя тэкстуры — каменя, дрэва. Што датычыцца інтэр’ера ванных, сёння асабліва папулярныя цёмныя колеры пліткі.
А яшчэ дызайнеры адзначаюць адраджэнне цікавасці да старых добрых паркетных падлог у процівагу рознага роду сучасным пакрыццям. Зразумела, што гэта зусім не бюджэтны варыянт. І ўсё ж вытворцы паркета ў такім «павароце» нічога дзіўнага не бачаць.
— Натуральны паркет — гэта цяпло і ўтульнасць, ён «дыхае», — кажа кіраўнік філіяла «Паркетны завод Смалявічы» Аляксандр Каспярчук.
Што датычыцца ўкладкі, то замест знаёмай з дзяцінства «ялінкі» ў жылым інтэр’еры сёння людзям падабаецца так званая «палубная» выкладка (гэта значыць, прамая кладка дошчачак).
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ