Нядаўна вучоныя высветлілі, што, калі жанчына курыла падчас цяжарнасці, у школе яе дзіця будзе паказваць горшыя вынікі. Аднак рызыкі ёсць яшчэ падчас выношвання плода і адразу пасля нараджэння дзіця. Пра іх расказвае ўрач-акушэр-гінеколаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Ірына Барысевіч.
Як усім вядома, курэнне — шкодная звычка, аднак дарослы чалавек сам прымае рашэнне, курыць яму ці не. Дзяцей жа, якія знаходзяцца ва ўлонні маці, пра гэты выбар не пытаюцца.
Урачы рэкамендуюць будучым мамам максімальна ўстрымлівацца ад курэння падчас цяжарнасці, а перад зачаццем і ў першыя дні — забяспечыць поўную адмову ад гэтай шкоднай звычкі. Такім чынам, прадухіляецца развіццё прыроджаных парокаў сэрца ў плода.
— Па выніках даследаванняў у маці, якія кураць у першым трыместры, рызыка нараджэння дзіцяці з парокам сэрца складае больш за 20%. Цяжарная жанчына з кожнай выкуранай цыгарэтай павялічвае рызыку заўчасных родаў, — расказвае Ірына Барысевіч.
Аднак пералік магчымых ускладненняў шырэйшы. У акушэрскай практыцы комплекс сімптомаў ад неспрыяльнага дзеяння тытуню называецца «фетальным тытунёвым сіндромам». Ускладненні могуць развіцца як у самой жанчыны, так і ў плода, нярэдка паталогія выяўляецца пасля нараджэння дзіцяці і прагрэсіруе з узростам. Прычым электронныя цыгарэты, вейпы, айкасы і кальяны таксама шкодныя для дзіцяці.
— Нікацін і таксічныя прадукты гарэння, у прыватнасці чадны газ, трапляюць у кроў маці, а адтуль — у плацэнту і атручваюць плод. Сам па сабе нікацін звужае сасуды, што памяншае паступленне кіслароду і пажыўных рэчываў. Гэта можа прывесці да гіпаксіі плода, яго неданошанасці або няспеласці (маленькая вага пры даношанай цяжарнасці). Самае небяспечнае, што вынікам курэння можа быць унутрычэраўная гібель плода. І гэта страшны, але навукова абгрунтаваны факт, а не запалохванне, — звяртае ўвагу ўрач.
Дарэчы, шанц нараджэння мёртвага немаўляці пры курэнні падвойваецца. Рызыка спантаннага аборту ў жанчын, якія кураць, на 30–70% вышэйшая, а рызыка развіцця выкідыша дасягае 96%.
— Нікацін выклікае спазм сасудаў, прыводзіць да павелічэння вязкасці крыві амаль на 30%, вынікам чаго з’яўляецца трамбоз сасудаў плацэнты і перапыненне цяжарнасці. Чадны газ, які паступае ў кроў пры курэнні, можа быць больш небяспечны, чым сам нікацін, бо, трапляючы ў кроў немаўляці, ён назапашваецца ў крывяных цельцах, робячы іх няздольнымі транспартаваць кісларод у тканкі. Пры гэтым пакутуюць самыя адчувальныя да кіслароднага галадання органы плода — мозг, ныркі, сэрца, — кажа Ірына Барысевіч.
Акрамя таго, курэнне неспрыяльна ўплывае на працэс закладкі і развіцця нервовай трубкі ў плода, вядзе да нараджэння анэнцэфалаў, немаўлят з прыроджанымі анамаліямі разумовага развіцця, з воўчай пашчай і заечай губой.