Топ-5 цытат мінулага тыдня з першых вуснаў.
Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім Кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
На мінулым тыдні фокус увагі Прэзідэнта быў накіраваны за мяжу, хоць краіну ён не пакідаў. У Палацы Незалежнасці беларускі лідар правёў перагаворы з Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Кампартыі В’етнама То Ламам, а затым — з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай. Лідары краін плённа папрацавалі ў нашай краіне за некалькі дзён сваіх візітаў у Беларусь. Як запэўніў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь цалкам адкрыта для сваіх партнёраў і няўхільна выканае ўсе дамоўленасці, дасягнутыя падчас перагавораў на самым высокім узроўні. Таксама на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з міністрам абароны Расіі Андрэем Белавусавым. Тэмы былі розныя, але з адзіным падыходам — беларускі бок гатовы супрацоўнічаць са сваімі партнёрамі ў розных сферах паважліва і адкрыта.
1. «Мы з вамі, мыслім аднолькавымі катэгорыямі і ідзём адзіна верным шляхам захавання гістарычнай памяці. І, як вы казалі, гістарычная памяць, гісторыя нашых адносін у нас вельмі доўгая. Такі падыход, арыентаваны на пераемнасць пакаленняў, забяспечвае стваральнае развіццё сучаснага грамадства і прадвызначае будучыню нашых дзяржаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Генеральным сакратаром ЦК Кампартыі В’етнама То Ламам. Менавіта такі падыход, агульныя пазіцыі па шэрагу пытанняў дазваляюць краінамі геаграфічна далёкім быць блізкімі адна да адной.
2. «Галоўная задача — актывізавацца ў эканоміцы, гандлёва-эканамічным кірунку. Гэта датычыцца аднаўлення рэгулярных паставак у В’етнам беларускай сельскагаспадарчай, грузавой, кар’ернай тэхнікі. Упэўнены ў перспектыўнасці сумеснай вытворчасці беларускіх трактароў і аўтамабільнай тэхнікі. Рэалізацыя сумесных навукова-тэхнічных праектаў, укаранення іх вынікаў у эканоміку, а таксама абмен найноўшымі тэхналогіямі дасць магчымасць павысіць бяспеку нашых дзяржаў», — такую мэту ў беларуска-в’етнамскім супрацоўніцтве акрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Нягледзячы на і так высокі ўзровень адносін, няма мяжы дасканаласці, тым больш у эканоміцы.
3. «На гэтым прыкладзе нашай сумеснай працы іншыя краіны афрыканскага кантынента бачаць, што эксплуатацыі і дыктату Захаду і транснацыянальных карпарацый ёсць рэальная альтэрнатыва», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы на перагаворах з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвай. У супрацоўніцтве з гэтай афрыканскай краінай увогуле няма месца ні эксплуатацыі, ні дыктату — толькі павага і сяброўства. І гэта ў многім заслуга нацыянальных лідараў.
4. «Сёлета Беларусь старшынствуе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Зімбабвэ — у Супольнасці развіцця поўдня Афрыкі. Мы гатовыя выкарыстоўваць сваё асаблівае становішча для актывізацыі супрацоўніцтва паміж гэтымі інтэграцыйнымі блокамі і спрашчэння ўмоў узаемнага гандлю. Вядома, у адпаведнасці з дзеючымі прававымі працэдурамі», — прапанаваў Прэзідэнт Беларусі. І гэта яшчэ раз пацвярджае, што беларускі бок нацэлены на плённае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі.
5. «Нічога ад нікога не хаваем. Мы сапраўды дэманструем адкрытасць, што гэта вучэнні нашы і носяць абарончы характар. І ні на каго мы нападаць не збіраемся, як некаторыя там думаюць. Але гэта іх справа. Няхай думаюць. У нас прынята рашэнне на ўзроўні прэзідэнтаў па правядзенні вучэнняў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам абароны Андрэем Белавусавым, каментуючы сумесныя вучэнні «Захад-2025», якія маюць адбыцца сёлета.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота: БелТА