У гэтыя дні ў абітурыентаў — «гарачая» пара: поўным ходам ідзе ўступная кампанія. Згадзіцеся, не так ужо і проста ўчарашняму школьніку зрабіць правільны ўсвядомлены выбар. Можа, камусьці дапаможа візіт карэспандэнта «Звязды» ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Акрамя стандартных лекцыйных і практычных заняткаў, будучыя ветэрынары, аграномы і тэхнолагі могуць працаваць у лабараторыях і на доследным полі. Таксама пры ВНУ адкрыта ветэрынарная клініка. Больш падрабязна пра гэта расказаў рэктар ГДАУ Валянцін ПЯШКО.
Дапамога пухнатаму сябру
Самы вялікі набор у гэтым універсітэце — на факультэт ветэрынарнай медыцыны. Будучыя ветэрынары вучацца пяць гадоў і выпускаюцца са ступенню магістра. Такія спецыялісты вельмі запатрабаваны як у гаспадарках, так і ў ветклініках. Так, пры размеркаванні пальма першынства аддаецца сельскагаспадарчым арганізацыям, але ў цэлым выпускнік можа і роды ў каровы прыняць, і каня на ногі паставіць, і высветліць, што адбылося з вашым катом.

Ва ўніверсітэце сочаць за тэндэнцыямі ў галіне ветэрынарнай медыцыны. Гэта датычыцца як прэпаратаў, так і аперацыйных умяшанняў, абсталявання. Для таго каб студэнты былі ў курсе ўсяго і мелі практычны вопыт, пры ВНУ адкрыта ветэрынарная клініка, дзе аказваецца шырокі спектр дапамогі, — ад прышчэпак да аперацый і складанай дыягностыкі, гаворыць рэктар:
— Клініка была адкрыта ў 2022 годзе. Яна валодае сучасным абсталяваннем, можна весці трансляцыі з аперацый, студэнты могуць назіраць за працэсам у рэжыме рэальнага часу. Адкрыты два навучальныя кабінеты. Да нас звяртаюцца з прыватных падворкаў і фермерскіх арганізацый. Напрыклад, 17 красавіка 2025 года фермеры з Мастоўскага раёна прывезлі паўгадовае жарабя па мянушцы Азгард, у якога была праблема з нагой. Нашы выкладчыкі і студэнты выхадзілі яго. Акрамя таго, студэнты таксама могуць лячыць тут сваіх гадаванцаў. Важная частка жыцця факультэта — распрацоўка і выпрабаванне ветэрынарных прэпаратаў, у гэтым працэсе моладзь таксама бярэ ўдзел.
Селекцыя і распрацоўка ўгнаенняў
На агранамічным факультэце рыхтуюць спецыялістаў па двух кірунках: «Вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» і «Абарона раслін і каранцін». Абедзве спецыяльнасці запатрабаваныя, бо кліматычныя ўмовы апошнім часам не песцяць аграрыяў, а шкоднікі хутка вучацца прыстасоўвацца да апрацоўкі. А гэта значыць, без дапамогі вучоных і іх дасягненняў не абысціся, упэўнены Валянцін Пяшко:
— Перш чым любы прэпарат або сродак выйдзе на рынак, неабходна правесці рэгістрацыйныя выпрабаванні. І ва ўніверсітэта ёсць усе неабходныя дазволы для такой дзейнасці. Акрамя таго, у нас ёсць цэнтр селекцыі азімых збожжавых культур. І пад эгідай універсітэта было выведзена 10 сартоў азімых пшаніцы і трыцікале. Гэта працяглы працэс, ён займае больш за 10 гадоў. Студэнты разам з выкладчыкамі ўдзельнічаюць у ім. Ва ўніверсітэце займаюцца таксама распрацоўкай угнаенняў, цяпер робіцца ўпор на экалагічны падкорм. Студэнты і выкладчыкі праводзяць даследаванні на вопытным полі плошчай каля 104 га. Гэта дазваляе вывучаць уплыў розных прэпаратаў і шкоднікаў на расліны.

Тэхнолагі і эканамісты
Інжынерна-тэхналагічны факультэт рыхтуе інжынераў-тэхнолагаў па дзвюх спецыяльнасцях: «Вытворчасць прадуктаў харчавання з расліннай сыравіны» і «Вытворчасць прадуктаў харчавання з жывёльнай сыравіны». Працуюць тры студэнцкія канструктарскія бюро: «Мясны вектар», «Хлебныя інавацыі» і «Крэатыўны малочнік». Ідэі студэнтаў акумулююцца тут, а найлепшыя праекты рэалізуюцца на практыцы, адзначае рэктар:
— У 2026 годзе студэнты з «Мяснога вектара» сталі лідарамі конкурсу «100 ідэй для Беларусі». Яны прадставілі тэхналогію безадходнай вытворчасці харчовых чыпсаў з малакаштоўнай мясной сыравіны (свіных вушэй). Праект накіраваны на патанненне прадукцыі і стварэнне карыснага хуткага перакусу без лішняй хіміі, што выклікала вялікую цікавасць з боку вытворчасцяў. Сёлета праект студэнтаў ГДАУ стаў пераможцам у намінацыі «Аграпрамысловыя тэхналогіі і фермерства». Моладзь прадставіла на суд журы інавацыйную тэхналогію стварэння карысных сухіх тварожных снэкаў, арыентаваную на імпартазамяшчэнне ў харчовай прамысловасці. Увогуле распрацоўкі рэгулярна адзначаюць на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Універсітэт удзяляе вялікую ўвагу практычнай падрыхтоўцы студэнтаў. Яны праходзяць вучэбную практыку на прадпрыемствах, такіх як Гродзенскі мясакамбінат, дзе могуць убачыць вытворчыя працэсы знутры і прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Гэта дае магчымасць выпускнікам быць гатовымі да работы ў рэальных умовах і паспяхова канкурыраваць на рынку працы.
Біятэхналагічны факультэт рыхтуе тэхнолагаў па спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання». Акрамя стандартных пар будучыя спецыялісты могуць працаваць у галіновай ДНК-лабараторыі і галіновай біятэхналагічнай лабараторыі. Лабараторыі праводзяць даследаванні на ўзроўні ДНК жывёл, вызначаюць гены, якія адказваюць за прадукцыйную якасць і спадчынныя захворванні, а таксама аналізуюць наяўнасць ГМА ў прадуктах і ў цэлым вызначаюць склад.
На факультэце эканомікі і бухгалтарскага ўліку навучаюцца па дзвюх спецыяльнасцях «Аграбізнес» і «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Студэнты ўдзельнічаюць у навукова-даследчых працах па ўдасканаленні ўлікова-аналітычнай справаздачнасці і алічбоўцы ўліку. Эканамісты вывучаюць планаванне затрат, разлік сабекошту прадукцыі, маркетынгавыя даследаванні і рэкламу ў сельскагаспадарчай сферы. Бухгалтары, якія працуюць у аграпрамысловым комплексе, павінны ведаць асаблівасці жывёлагадоўлі, ветэрынарнай медыцыны і іншых аспек-
таў АПК, таму выпускнікі ГДАУ асабліва запатрабаваныя ў сельгасарганізацыях.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота ГДАУ